адлюстраванне залежнасці адной велічыні ад другой (напр., пройдзенага шляху ад часу).
1) Графік функцыі — геам. адлюстраванне функцыянальнай залежнасці з дапамогай лініі на плоскасці. Выгляд графіка залежыць ад характару функцыі і выбранай сістэмы каардынат (дэкартавай, палярнай, лагарыфмічнай або інш.). Некаторыя графіка функцыі маюць назву: акружнасць, гіпербала, дэкартаў ліст, ланцуговая лінія, завіток Аньезі, парабала і г.д. Паказвае характар змен функцыі (гл.Гістаграма, Дыяграма), а таксама дазваляе вылічыць яе значэнне па зададзеным значэнні аргумента (гл.Графічныя вылічэнні, Намаграма, Намаграфія). Існуюць прылады, якія аўтаматычна запісваюць графік, напр.графапабудавальнік вычэрчвае графік функцыі, зададзенай аналітычна або таблічна; барограф — графік атм. ціску як функцыю часу.
2) Графік руху на транспарце — план арганізацыі працэсу перавозак. Складаецца ў графічнай або таблічнай формах. Будуецца звычайна ў каардынатах «шлях — час»: па адной восі адкладваюць час (суткі, гадзіны, мінуты), а па другой — адлегласць паміж пунктамі (станцыі, порты, аэрапорты і інш.). Забяспечвае рытмічную работу рухомага саставу на лініі, узгадняе работу розных відаў транспарту, прадпрыемстваў і кліентаў (напр., флот — порт — чыгунка — станцыя) і г.д. 3) Вытворчы графік — каляндарны план выпуску прадукцыі прадпрыемствам ці яго асобнымі падраздзяленнямі. Гл. таксама Графік цыклічнасці.
Графік у палярных каардынатах: дыяграма накіраванасці сілы святла розных тыпаў свяцільняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ (ад іза... +грэч. morphe форма) у матэматыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне аднаго матэм. аб’екта з зададзенымі на ім аперацыямі і суадносінамі (напр., групы, структуры, поля) на другі, якое захоўвае гэтыя аперацыі і суадносіны; адно з асн. паняццяў сучаснай матэматыкі. І. алг.сістэмы на сябе наз. аўтамарфізмам.
Паняцце І. ўзнікла ў пач. 19 ст. ў тэорыі груп, дзе Р.Дэкарт заўважыў, што вывучэнне ўнутранай будовы двух ізаморфных аб’ектаў уяўляе сабой адну і тую ж задачу; сучасную тэрміналогію распрацавала ням. матэматык Э.Нётэр. І. выяўляе ўласцівасці аперацый і суадносін, якія не залежаць ад элементаў даследаваных аб’ектаў і аднолькавыя для ўсіх ізаморфных аб’ектаў (абстрактныя ўласцівасці). Напр., мноству X сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй множання ізаморфнае мноства Y сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй складання, калі ліку x з X паставіць у адпаведнасць лік y=logax з Y (адваротнае адлюстраванне x=ay). Тады здабытку x=x1x2 адпавядае сума y=y1+y2=logax1+logax2, узвядзенню ў n-ю ступень — множанне на n, здабыванню кораня ступені n — дзяленне на n і інш., што закладзена ў аснову выкарыстання лагарыфмаў у арыфм. вылічэннях, прынцыпу работы лагарыфмічнай лінейкі і інш.Гл. таксама Гомамарфізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд.сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),
працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін.сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТАНО́ІДЫ (ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),
сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд.сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.
Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 20.9.1937, в. Машчаліна Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Д-рфілал.н. (1991), канд.гіст.н. (1971).
Скончыў БДУ (1961). Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1971). З 1954 на культ.-асв. і камсамольскай рабоце. У 1971—79 і 1983—87 у Ін-це эканомікі сусв.сацыяліст.сістэмыАНСССР, у 1979—82 прадстаўнік Саюза сав. т-ваў дружбы і культ. сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы. З 1987 гал. рэдактар час. «Советское славяноведение», з 1989 у Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага Расійскай АН. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, сав.-польскіх адносін. З канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нац. самасвядомасці, творчасці Ф.Скарыны, Я.Купалы, К.Езавітава, І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.М.Улашчыка і інш. Укладальнік літ.навук. штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Тв.:
Польша: Отечество и социализм. М., 1977;
Тут мой народ: Францішак Скарыпа і бел.літ. XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;
Жывом! М.;
Мн., 1997;
Будам жыць! Пра тое самае. Мн.;
М., 1998;
Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. састаў касм. цел, законы распаўсюджвання і размеркавання хім. элементаў у Сусвеце, працэсы спалучэння і міграцыі атамаў пры ўтварэнні касм. рэчыва. У К. даследуюцца праблемы паходжання хім. элементаў, гісторыі касм. рэчыва з моманту яго ўзнікнення да сучаснага стану ў аб’ектах Сонечнай сістэмы, рэканструкцыі дагеал. этапу гісторыі Зямлі і інш. Раздзелы К. — К. ізатопная і К. ядзерная, вылучаны як асобныя навукі.
У 1937 (год узнікнення К. як самаст. навукі) на аснове даных аб саставе метэарытаў, рэчыва Сонца і зорак нарв. геахімік В.М.Гольдшміт склаў поўную табліцу распаўсюджанасці хім. элементаў і іх ізатопаў у космасе. Далейшае развіццё К. звязана з навук. працамі амер. фізікахіміка Г.Юры і сав. геахіміка А.П.Вінаградава. Да 1950-х г. даследаванні хім. працэсаў у касм. прасторы і саставу касм. цел ажыццяўляліся ў асн. шляхам спектральнага аналізу рэчыва Сонца, зорак, часткова знешніх слаёў атмасферы планет. Непасрэдным метадам вывучэння касм. цел быў аналіз хім. і фазавага саставу метэарытаў (гл.Геахімія). У апошні час К. значна развіваецца дзякуючы дасягненням касманаўтыкі, якая зрабіла магчымымі непасрэдныя даследаванні пазаземнага рэчыва.
Літ.:
Изотопная геохимия и космохимия. М., 1990;
Тугаринов А.И. Общая геохимия: Краткий курс. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл.Геаграфія медыцынская).
Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.І.Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».
На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электравымяральная прылада для ўліку выпрацаванай (адпушчанай) або спажытай актыўнай і рэактыўнай электраэнергіі за пэўны прамежак часу. У ланцугах пастаяннага току (электрыфікаваны чыг. транспарт, электролізныя ўстаноўкі) выкарыстоўваюцца Л.э. магнітаэл., фера- і электрадынамічнай, электралітычнай сістэм, у ланцугах пераменнага току (прамысл. электрапрывод, асвятляльныя сеткі, камунальныя спажыўцы) — індукцыйныя і электронныя.
Л.э. бываюць аднафазныя (1-элементныя) і трохфазныя (2- і 3-элементныя). У эл. сетках напружаннем да 1 кВ уключаюцца паслядоўна ў ланцуг або праз трансфарматары току, вышэй за 1 кВ — праз трансфарматары напружання і току. Найб. пашыраны Л.э. індукцыйнай вымяральнай сістэмы, маюць ланцугі току і напружання. Токі, якія працякаюць па гэтых ланцугах, ствараюць у электрамагнітах пераменныя магн. патокі Фu і Фi. У выніку ўзаемадзеяння патоку Фu з віхравымі токамі, якія наводзяцца ў дыску патокам Фi узнікае вярчальны момант. Колькасць абаротаў рухомай ч. лічыльніка прапарцыянальна спажытай энергіі, што паказвае лічыльны механізм, злучаны з воссю дыска.
М.А.Караткевіч.
Індукцыйны аднафазны лічыльнік электрычны: 1, 2 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцуга; 3 — лічыльны механізм; 4 — тармазны магніт; 5 — алюмініевы дыск; 6 — нагрузка; U — напружанне; Фi Фu — магнітныя патокі, што ствараюцца токам нагрузкі і токам у ланцугу напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.