ЗАНДЗІ́РАВАННЕ (ад франц. sonder выведваць, даследаваць) у медыцыне, метад даследавання і лячэння з дапамогай зондаў полых органаў, каналаў, свішчавых хадоў, гнойных поласцей і ран. Полымі зондамі праводзяць З. для апаражнення ці прамывання, узяцця змесціва (напр., страўнікавага соку), з мэтай даследавання, увядзення лек. прэпаратаў або рэнтгенакантрастных рэчываў, штучнага жыўлення хворых пасля аперацый, расшырэння звужанага прасвету. У хірургіі ўжываюць жолабападобныя зонды для праводкі рэжучага інструмента з мэтай аховы тканак ад пашкоджання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЭЦІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура верхняга палеаліту ў Закаўказзі, у Імерэціі, у даліне р. Квірыла. Вылучаюцца 3 характэрныя этапы. Для 1-га этапу характэрна спалучэнне мусцьерскіх форм, нуклеусападобных прылад, буйных вастрыёў, скрабкоў, масіўных разцоў і з’яўленне пласцінак з прытупленым краем. На 2-м этапе павялічваецца колькасць пласцінак з прытупленым краем і вастрыёў, паяўляюцца геам. мікраліты. 3-і этап адметны дамінаваннем мікраінвентару. Для І.к. характэрна амаль поўная адсутнасць двухбаковай апрацоўкі і касцяных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. сродкаў і фіз. асяроддзя для перадачы інфармацыі ад крыніцы да прыёмніка па кабелі сувязі; састаўная ч.канала сувязі. Бывае эл. і аптычная (гл.Валаконна-аптычная сувязь); паветр. (падвесная), падземная, падводная і палявая (нестацыянарная, прызначаная для аператыўнай сувязі); міжгародняя і мясцовая; складаецца з кабеляў, кабельных збудаванняў (тунэляў, калодзежаў, апор і інш.) і ўзмацняльных пунктаў (у аналагавых сістэмах перадачы інфармацыі) ці рэгенератаў (у лічбавых сістэмах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДУ́ШКА,
бандарная, радзей выдзеўбаная пасудзіна розных памераў у форме ўсечанага конуса, звужаная кверху (звычайна без вушак). Выкарыстоўвалася для захоўвання прадуктаў — квашанай капусты і буракоў, салёных агуркоў, грыбоў, соку, квасу і інш. К. вял. памераў — кадзі (1,5—1,6 м у вышыню), выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, мукі. Часам іх замацоўвалі на гліняным падмурку ў свірнах і клецях. Пашыраны ў хатнім побыце са стараж. часоў і захаваліся да нашага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́,
1) у беларусаў прыстасаванне для начной лоўлі рыбы восцямі. Мела выгляд плеценага з дроту кошыка, на якім распальвалі агонь і падвешвалі на канцы палкі, устаноўленай на носе лодкі або чоўна. Рабілі і са скляпаных паміж сабой метал. пласцінак, якія прымацоўвалі да палкі ўтулкай, на ПнЗ Беларусі — з метал. пласцін у выглядзе жолаба.
2) Сажань, драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯ́ГА,
1) карыта, выдзеўбанае з доўгай калоды дрэва, прызначанае для вадапою свойскай жывёлы.
2) Човен у выглядзе карыта, выдзеўбаны з тоўстага камля або ствала дуба (радзей з хвоі або асіны). Адзін з старадаўніх водных трансп. сродкаў на Беларусі, якім карысталіся сяляне. Для ўстойлівасці на плаву да К. на ўзроўні воднай паверхні па баках звычайна мацавалі драўляныя брусы ці пласціны (крылы). Часам К., звязаныя парамі, трымалі на сабе паром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),
вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІ ПРЫРО́ДНЫ ПАРК,
у Івана-Франкоўскай вобл., Украіна. Засн. ў 1980 для аховы ляснога горнага масіву Чарнагора, стварэння ўмоў для адпачынку, турызму, правядзення навук. даследаванняў. Пл. 50,3 тыс.га. Размешчаны на схілах Укр. Карпат, у бас. рэк Прут і Чарамош. У запаведную зону парку ўваходзяць Высакагорнае і Гавярлянскае лясніцтвы — участак Карпацкага запаведніка. Маляўнічыя ландшафты з лясамі, паланінамі, высакагорнымі азёрамі. Раёны г. Ярэмча і горнакліматычнага курорта Варохта — зоны адпачынку і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ТАР,
апарат для раздзялення сумесей мінер. часцінак на класы па буйнасці, шчыльнасці і форме. У залежнасці ад асяроддзя, у якім адбываецца раздзяленне, адрозніваюць К. гідраўлічныя і пнеўматычныя (паветраныя); у залежнасці ад выкарыстаных сіл — гравітацыйныя і цэнтрабежныя К., эл.сепаратары. Выкарыстоўваюцца пераважна ў горнай прам-сці. Найб. пашыраны мокрыя мех. К. для падрыхтоўкі руд да абагачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КСАВАЯ ПЕЧ,
агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш.Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.