КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.
Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933 у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр. к-та КПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в. Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе р. Сож. Займаў пляцоўку берагавога плато, дзе ў канцы 11—13 ст. быў дзядзінец стараж. Крычава. Комплекс умацаванняў замка складаўся з 5 вежаў, у т. л. вежы-брамы. Сцены фартыфікацыі мелі выгляд «клетей замковых» тыпу 2-ярусных гародняў. На замкавым двары былі драўляная царква св. Міколы, дом дзяржаўцы, свірны, стайні, паграбы, жылыя будынкі служак, цэйхгауз-«скрабец» для захоўвання пораху, амуніцыі і рознай зброі. К.з. перажыў аблогі ў 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 і 1744. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак моцна разбураны. У час працяглай аблогі войск рус. ваявод Шарамецева і Шчарбатага знясілены гарнізон К.з. быў вымушаны здацца К.Паклонскаму. У Паўн. вайну 1700—21 замак канчаткова разбураны і адрадзіўся толькі перад 1744, калі змог вытрымаць штурмы паўстанцаў В.Вашчылы ў час Крычаўскага паўстання 1743—44. У 1778 рус. ваен. тапографы зафіксавалі замак з палісадам на вяршыні вала і амаль засыпаны роў, пасля 1780-х г. ён страціў ваен. значэнне.
М.А.Ткачоў.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАГА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, сістэма аксіём якой адрозніваецца ад сістэмы аксіём эўклідавай геаметрыі толькі аксіёмай (пастулатам) аб паралельнасці. Паводле гэтай аксіёмы, праз пункт, што не ляжыць на зададзенай прамой, праходзяць не менш як 2 прамыя, якія не перасякаюць зададзеную. Л.г. выкарыстоўваецца ў тэорыі функцый, матэм. аналізе, тэорыі лікаў і тэорыі адноснасці.
Л.г. распрацавана М.І.Лабачэўскім у 1826 (апублікавана ў 1829—30). У 1832 аналагічныя вынікі незалежна атрымаў Я.Больяй. Перадумовай узнікнення Л.г. былі шматвяковыя спробы доказу аксіёмы пра паралельныя прамыя (пяты пастулат Эўкліда) на аснове астатніх аксіём. Лабачэўскі першы прыйшоў да высновы пра недаказальнасць пастулата і пра магчымасць існавання геам. сістэм з інш. аксіёмамі паралельнасці, пабудаваў своеасаблівую лагічна бездакорную геам. сістэму. Л.г. мае некаторыя асаблівасці (напр., 2 трохвугольнікі з роўнымі вугламі роўныя; сума вуглоў трохвугольніка меншая за 2 прамыя вуглы), якія не супярэчаць рэчаіснасці. Стварэнне Л.г. заклала асновы развіцця неэўклідавых геаметрый. значна пашырыла ўяўленні аб прыродзе прасторы і спрыяла ўзнікненню новых кірункаў у матэматыцы.
Літ.:
Смородинский Я.А., Сурков Е.Л. Геометрия Лобачевского и теория относительности. М., 1971;
Лаптев Б.Л. Геометрия Лобачевского, ее история и значение. М.,1976.
В.І.Вядзернікаў.
т. 9, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫ́ФМ ліку N па аснове a
(a>0, a≠1) (ад логас + грэч. arithmos лік),
паказчык ступені m, у якую ўзводзіцца лік a для атрымання ліку N. Абазначаецца logaN. Напр., log10100 = lg 100 = 2; log21/32 = −5. Дазваляе зводзіць множанне (дзяленне) лікаў да складання (адымання) іх Л., а ўзвядзенне ў ступень (здабыванне кораня) — да множання (дзялення) Л. на паказчык ступені (кораня).
Л. і табліцы Л. уведзены незалежна шатл. матэматыкам Дж.Неперам (1614, 1619) і швейц. матэматыкам І.Бюргі (1620). Кожнаму дадатнаму ліку адпавядае пры зададзенай аснове адзіны сапраўдны Л. (Л. адмоўнага ліку — камплексны лік). Найб. пашыраныя дзесятковыя (a = 10) і натуральныя (a = e = = 2,71828...), якія абазначаюцца lgN і lnN адпаведна. Цэлую частку Л. наз. характарыстыкай, дробавую — мантысай. Дзесятковыя Л. лікаў, якія адрозніваюцца множнікам 10n, маюць аднолькавыя мантысы, што закладзена ў аснову пабудавання лагарыфмічных табліц. У камплекснай вобласці разглядаюцца Л камплексных лікаў: Lnz = ln(z) + iArgz, дзе Argz — аргумент z. Пры пераменным х>0 суадносіны y = lnx вызначаюць лагарыфмічную функцыю. Да з’яўлення выліч. машын табліцы Л. былі асн. дапаможным сродкам пры разліках.
Ю.С.Багданаў, А.А.Гусак.
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ ПРАЦЭ́С 1933,
судовы працэс супраць камуністаў у г. Лейпцыг (Германія) 21.9—23.12.1933. Адбыўся пасля прыходу да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялісцкай партыі, кіраўніцтва якой (Г.Герынг і інш.) з мэтай правакацыі арганізавала падпал будынка рэйхстага ў Берліне ноччу 27.2.1933, каб абвінаваціць у гэтым апазіцыйную Камуніст. партыю Германіі (КПГ) і разгарнуць супраць яе рэпрэсіі. На месцы здарэння быў арыштаваны галандскі беспрацоўны Ван дэр Любе, па абвінавачанні ў саўдзеле ў падпале — кіраўнік фракцыі КПГ у рэйхстагу Торглер, а таксама балг. камуністы Г.Дзімітроў, Б.Папоў і В.Танеў, якія знаходзіліся ў Германіі. Нацысцкая правакацыя выклікала хвалю пратэстаў у свеце; створаная вядучымі юрыстамі свету Міжнар. следчая камісія на «контрпрацэсе» ў Лондане (вер. 1933) даказала, што рэйхстаг падпалілі герм. нацысты. У гэтых умовах, а таксама дзякуючы прамоўніцкаму таленту Дзімітрова, які даказаў ілжывасць прад’яўленага яму абвінавачання, усе падсудныя (акрамя прыгаворанага да пакарання смерцю Ван дэр Любе) былі апраўданы «за адсутнасцю доказаў».
Літ.:
Процесс о поджоге рейхстага и Георгий Димитров: Док.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1981—88;
Димитров Г. Лейпцигский процесс: Речи, письма и документы. 2 изд. М., 1984.
У.Я.Калаткоў.
т. 9, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКІ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Гродна—Ліда—Іўе. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 138 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Гаўя. 1480 ж., 596 двароў (1999).
З 16 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 1856, калі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Л. аб зацвярджэнні іх у мяшчанскім званні, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. У 1861 і 1862 адбыліся сял. хваляванні, якія былі задушаны войскамі. У канцы 19 ст. Л. — мястэчка, цэнтр воласці ў Ашмянскім пав. Віленскай губ., каля 1,7 тыс. ж., больш за 200 двароў, касцёл, школа, бальніца, 12 крам, бровар, 5 кірмашоў за год. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Іўеўскага р-на. У 1972—831 ж., 260 двароў.
Іўеўская райаграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл, капліца (2-я пал. 19—пач. 20 ст.).
т. 9, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-за антырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял. Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.
І.А.Пушкін.
т. 9, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з восені 1941 да студз. 1944 у Мазыры і Мазырскім р-не. У вер. 1941 В.І.Крыцкі (працаваў бургамістрам горада) і М.Ю.Майсееў (працаваў нам. бургамістра па Мазырскім р-не) стварылі падп. групу. Карыстаючыся высокімі пасадамі ў акупац. адміністрацыі, яны ўладкоўвалі на працу ва ўправу і інш. ўстановы падпольшчыкаў, якія ратавалі ад вывазу ў Германію сав. грамадзян, зрывалі мерапрыемствы акупантаў, збіралі і перадавалі партызанам зброю, харч. прадукты, медыкаменты, папярэджвалі іх пра карныя аперацыі. У кастр. 1941 на чале з Дз.А.Казлоўскім створана група, якая падбірала для партызан людзей, зброю, боепрыпасы, звесткі разведкі. У маі—жн. 1942 многія падпольшчыкі былі арыштаваны і расстраляны акупантамі. З чэрв. 1943 пад кіраўніцтвам падп. Палескага абкома і Мазырскага райкома КП(б)Б дзейнічала група на чале з К.В.Катлінскім, якая мела радыёперадатчык і перадавала камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі; у снеж. 1943 гэта група расфарміравана, большасць яе членаў пайшла ў партызаны. У Мазыры на магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
А.М.Адаська.
т. 9, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКУ́ЗЕ ((Marcuse) Герберт) (19.7.1898, Берлін — 29.7.1979),
нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг, прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША. З 1954 праф. Брандэйскага, з 1965 — Каліфарнійскага ун-таў. Яго погляды фарміраваліся пад уплывам М.Хайдэгера, Г.Гегеля, З.Фрэйда, К.Маркса. Лічыў, што «індустрыяльнае грамадства» забяспечвае лаяльнасць сваіх «функцыянераў», фарміруючы ў іх «аднамерную» структуру схільнасцей, якія не выходзяць за сацыякульт. межы гэтага грамадства. Магчымасць рэв. змен на сац. узроўні звязваў з грамадскімі групамі людзей, якія яшчэ не інтэграваны індустр. грамадствам (моладзь, люмпены, нац. меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету»); на антрапалагічным узроўні — з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей (называў «сексуальнай рэвалюцыяй»), на культ. узроўні — з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых схільнасцей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. У 1960-я г. яго ідэі былі папулярныя сярод «новых левых» экстрэмістаў, якія ставілі за мэту «таталітарную рэвалюцыйную вайну» супраць «познакапіталістычнага грамадства», яго культуры і «аўтарытарнай асобы». Аўтар прац: «Трансцэндэнтальны марксізм» (1930), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Одномерный человек. М., 1994;
Эрос и цивилизация. Киев, 1995.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)