БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),

орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.​Аляксюк (старшыня), А.​Аўсянік, палкоўнікі Г.​Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.​Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.​Кушаль і А.​Якубецкі, Ю.​Мурашка, А.​Прушынскі (А.​Гарун), С.​Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен. мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.​Умястоўскі, Э.​Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.

С.​С.​Рудовіч.

Адозва Беларускай вайсковай камісіі. 1920.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),

навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л. сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.​Ф.​Гамалея, С.​Кітазата, К.​Б.​Ніл, Э.​Ру і інш.

На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед. ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял. НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел. н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.​І.​Кудзіну, В.​В.​Первазванскаму, А.​Л.​Пескіну, А.​І.​Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.​І.​Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.​А.​Паўловіч і інш., вет. М. — Д.​Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.​С.​Самсонава і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел. НДІ эпідэміялогіі і М., інш. с.-г. і мед. н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;

Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;

Микробиология. М., 1998.

Л.​П.​Цітоў.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КА́МЕРНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1988 у Мінску пры Бел. філармоніі як Мінскі камерны хор, з 1992 сучасная назва. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Мацюхоў. Асн. намаганні хору скіраваны на адраджэнне бел. духоўнай музыкі, выкананне лепшых твораў сусв. муз. класікі. У рэпертуары бел. гімны і канты 16—18 ст., творы бел. кампазітараў, у т. л. А.​Багатырова, І.​Лучанка, А.​Туранкова, буйныя творы духоўнай музыкі айч. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: І.​С.​Баха, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля, Э.​Грыга, А.​Лоці, В.​А.​Моцарта, Д.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Ф.​Шуберта, І.​Брамса, Г.​Пёрсела, П.​Хіндэміта, Г.​Шутца, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, С.​Танеева, Р.​Шчадрына, С.​Сланімскага, Ю.​Фаліка і інш. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў С.​Картэса, В.​Капыцько, С.​Бельцюкова, А.​Бандарэнкі і інш. Выкананне адметнае тэхн. майстэрствам, чысцінёй інтанацыі, роўным гучаннем, глыбокім пранікненнем у змест твораў. Хор часта выступае ў канцэртах сумесна з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, наладжвае дабрачынныя канцэрты, сродкі ад якіх пералічвае на карысць дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У выкананні хору запісаны 2 кампакт-дыскі з праграмамі бел. і рус. духоўнай музыкі. Калектыў — удзельнік міжнар. фестываляў у Польшчы (1990, 1995), Нарвегіі (1991, 1992, 1995), Славакіі (1991, 1995), 25-х Агульнаням. дзён Евангельскай царквы ў Мюнхене (1993). З 1991 чл. Еўрап. федэрацыі камерных хароў (Гамбург).

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Арнольд Яфімавіч) (н. 9.9. 1936, Мінск),

бел. мовазнавец. Д філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1983 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 прарэктар і заг. кафедры Мінскага лінгвістычнага ун-та, з 1995 у Бел. ін-це праблем культуры (з 1998 рэктар), з 2000 адначасова заг. кафедры сучаснай бел. мовы філал. ф-та БДУ. Даследуе пытанні граматыкі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі бел. мовы, культуры бел. і рус. моў, супастаўляльнай і сац. лінгвістыкі, рыторыкі і культуралогіі: «Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове: (Трансфармацыйны аналіз)» (1965), «З гісторыі прамоўніцкага мастацтва» (1972), «У глыб слова чалавечага» (1982), «Мова, якой няма...» (1988) і інш. Сааўтар «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 2, 1980), «Беларуска-рускага паралексічнага слоўніка-даведніка» (1985), «Англа-беларускага размоўніка» (1992, з Н.​М.​Навічэнка), кніг «Грамадства — мова — палітыка» (1988), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Культура рускай мовы ў пытаннях і адказах» (1996), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) і інш.

Тв.:

Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Вазьмі маё слова...: Нататкі аб лексіч. узаемаўплыве бел. і рус. моў у кантэксце ўзаемадзеяння культур. Мн., 1990 (разам з А.​Гіруцкім);

Русско-белорусский разговорник. Мн., 1991.

Літ.:

А.​Я.​Міхневіч: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996.

І.​К.​Германовіч.

А.Я.Міхневіч.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МБАЛЬ (Тамаш Францавіч) (29.12.1890, в. Собаў Жэшаўскага ваяв., Польшча — 4.12.1938),

бел. эканаміст, дзеяч міжнар. сялянскага руху. Акад. АН БССР (1933), д эканам. н. (1934), праф. (1932). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1927), Ін-т чырв. прафесуры (1932). З 1919 дэпутат польскага сейма. У 1921 арыштаваны і засуджаны на 6 гадоў катаргі. У 1923 вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. Ініцыятар склікання 1-й Міжнар. сялянскай канферэнцыі ў Маскве (1923), нам. ген. сакратара Выканкома Сялянскага Інтэрнацыянала. Працаваў у Выканкоме Камінтэрна, Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, заснаваў н.-д. Міжнар. аграрны ін-т (1926). У 1932—35 віцэ-прэзідэнт АН БССР і дырэктар Ін-та эканомікі АН БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37, чл. ЦВК БССР у 1935—37. Аўтар прац па міжнар. сял. руху. 29.12.1936 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Т.Ф.Домбаль.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЎПІ́ЛС (Daugavpils),

горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, мэблі і інш. Пед. ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.

Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж. бел. гімназія. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т СЕ́ЛЬСКАЙ І ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІ Беларусі імя У.​І.​Леніна.

Існаваў у 1927—30 у Мінску як н.-д. ўстанова пры СНК БССР. Меў 5 аддзелаў (с.-г. эканомікі і аграрнай палітыкі, раслінаводства і прыкладной батанікі, жывёлагадоўлі і прыкладной заалогіі, меліярацыі і культуры балот, лясной гаспадаркі) з доследнымі станцыямі, геафіз. абсерваторыю, хім. лабараторыю, Бюро сялян-даследнікаў і с.-г. секцыю Ін-та бел. культуры. Выдаваў зборнікі прац і час. «Сельская і лясная гаспадарка». Закрыты ў сувязі з рэпрэсіраваннямі дырэктара і вядучых вучоных ін-та. На базе яго аддзелаў пазней засн. шэраг н.-д. ін-таў (земляробства, меліярацыі і воднай гаспадаркі, лясной гаспадаркі — цяпер Ін-т лесу Нац. АН), Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У Ін-це Працавалі: акадэмікі АН Беларусі Г.І.Гарэцкі, А.Д.Дубах, А.І.Кайгародаў, М.К.Малюшынскі, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў, акад. УАСГНІЛ і АН УССР Г.М.Высоцкі, чл.-кар. АН Беларусі С.П.Мельнік, засл. дз. нав. Беларусі В.К.Захараў і інш.

У.​Ф.​Багінскі.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБО́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.3.1933, в. Варонічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі металаў. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1977), д тэхн. н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі. З 1975 нам. дырэктара Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі па Віцебскім аддзяленні, з 1994 дырэктар Ін-та тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па пластычнасці і апрацоўцы металаў пры ўздзеянні на іх ультрагукавых ваганняў. Распрацаваў навук. асновы выкарыстання ультрагуку для кіравання працэсамі высокатэмпературнага сінтэзу, іонна-плазменнага напылення, уздзеяння ультрагуку на сплавы з памяццю формы; выкарыстання ультрагуку ў медыцыне і біятэхналогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Ультразвуковая пайка в радао- и приборостроении. Мн., 1985 (разам з М.​Д.​Цяўлоўскім, У.​Л.​Ланіным);

Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з М.​К.​Талочкам).

У.У.Клубовіч.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)