ПРАЦАЁМКАСЦЬ,
паказчык, які характарызуе колькасць рабочага часу, неабходнага для вытв-сці прадукцыі (тавару, вырабу, закончанага комплексу работ, аб’екта буд-ва і да т.п.) або выканання пэўнай тэхнал. аперацыі. З’яўляецца паказчыкам прадукцыйнасці працы і характарызуе эфектыўнасць (прадукцыйнасць) выкарыстання прац. рэсурсаў. Адносіны затрат рабочага часу (у гадзінах, днях і да т.п.), выдаткаваных на выпуск прадукцыі (вырабаў, работ, паслуг), да выкананага аб’ёму або намінальнага значэння асн. параметра, называюць удзельнай П. У залежнасці ад саставу затрат працы рознага персаналу адрозніваюць П.: поўную — уключае затраты працы ўсіх катэгорый прамысл.-вытв. персаналу прадпрыемства (цэха, участка і да т.п.), які ўдзельнічае ў вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі; тэхналагічную — затраты працы асн. рабочых, што ўлічваюцца ў таварнай (валавой) прадукцыі; вытворчую — затраты працы асн. і дапаможных рабочых; вытворча-абслуговую — затраты працы дапаможных рабочых, якія забяспечваюць матэрыяльныя, тэхн. і інш. віды абслугоўвання вытв-сці; кіраўніцкага апарату — затраты працы работнікаў, якія заняты ў сферы кіравання. Састаў затрат працы, што ўключаюцца ў паказчык П., залежыць ад мэты і задач разліку, тыпу прадпрыемства і галіны. На яго велічыню ўплываюць фактары: фонда- і энергаўзброенасць працы, карысныя ўласцівасці прадметаў працы, тэхналогія вытв-сці і складанасць вырабу прадукцыі (работ, паслуг), кваліфікацыя работнікаў, арг-цыя працы і інш.
У.Р.Залатагораў.
т. 13, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),
1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.
2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.
4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАНО́ ДЭ БЕРЖЭРА́К ((Cyrano de Bergerac) Жан Савіньен) (6.3.1619, Парыж — 28.7.1655),
французскі пісьменнік. Вучыўся ў Калеж дэ Бавэ пры Парыжскім ун-це (1631—37). Служыў у каралеўскай гвардыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 1-га этапу Фронды. Аўтар камедыі «Асмеяны педант», трагедыі «Смерць Агрыпіны» (надрук. у 1654), санетаў, рандо, памфлетаў, у т. л. вершаванага памфлета «Мазарынада» («Міністр дзяржавы пагарэлай...»), які выкрываў палітыку кардынала Мазарыні і працягваў бурлескную традыцыю П.Скарона. Славу С. дэ Б. прынеслі філас. і навук.-фантаст. раманы і адначасова памфлеты «Іншы свет, або Дзяржавы і імперыі Месяца» (надрук. 1657, поўнасцю 1910) і «Дзяржавы і імперыі Сонца» (незавершаны, надрук. 1662), напісаныя ў манеры, блізкай да ісп. кансептызму, традыцыі шахрайскага рамана, у якіх даў вострую сатыр. карціну жыцця чалавецтва, стварыў інтэлектуальную утопію неабмежаванасці мыслення, свабоды сумлення, свету без войнаў і рэліг. фанатызму. Да рамант. вобраза С. дэ Б. — узнёслага і адначасова скептычнага паэта, высакароднага ў каханні, чалавека, які адмыслова валодае зброяй шпагі і вострага жарту, звярнуўся ў аднайм. камедыі Э.Растан (1898).
Тв.:
Рус. пер. — Иной свет, или Государства и империи Луны // Утопический роман XVI—XVII вв. М., 1971.
Г.В.Сініла.
т. 14, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,
сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1 драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1 гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
т. 1, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,
пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч
(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),
рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯВІ́СТ (Ariovistus; 1 стагоддзе да нашай эры),
правадыр германскага племя свеваў. Каля 71 да нашай эры перайшоў з атрадам раку Рэйн і каля 61 да нашай эры перамог гальскае племя эдуяў. Пасяліўшыся на тэрыторыі Галіі, сабраў вакол сябе каля 120 тысяч германцаў. Незадаволеныя гальскія плямёны папрасілі дапамогі ў Ю.Цэзара, які каля 58 да нашай эры пры Везонцыо разграміў армію Арыявіста. Паранены Арыявіст з рэшткамі войска вярнуўся ў Германію, дзе неўзабаве памёр.
т. 2, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.
т. 2, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́РКА, каяк,
вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал. або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)