САМАРЫЦЯ́НЕ,

этнічная група і рэліг. абшчына (каля 400 чал.). Жывуць у гарадах Наблус (Іарданія) і Халон (Ізраіль). С. — патомкі вавілонскіх каланістаў, пераселеных у 722 да к.э. ў Самарыю, якія змяшаліся з насельніцтвам Ізраільскага царства. З Бібліі прызнаюць толькі Пяцікніжжа ў асобай рэдакцыі. Лічаць свяшчэннай гару Герызім (каля г. Наблус). З канца 6 ст. да н.э. з-за абвастрэння рэліг.-паліт. супярэчнасцей адышлі ад іудзейскай абшчыны ў Іерусаліме. У 129 да н.э. хасманейскі правіцель Гіркан I (гл. Макавеі) разбурыў храм на гары Герызім. У 36 н.э. пры Понцію Пілаце рымляне ўчынілі крывавую расправу над С. Жылі таксама ў Егіпце, Сірыі, Рыме, Грэцыі і Іране.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ПАРА,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хакайда паблізу Японскага м. Адм., эканам. і культ. цэнтр вострава. Засн. каля 1871. Каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, паблізу марскі порт Атару. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. авіябудаванне), тэкст. (вытв-сць ільняных і пяньковых вырабаў), нафтаперапр., нафтахім., гумавая, фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, лесапільная і дрэваапр., харчасмакавая (піва, рыбныя кансервы), паліграфічная. Метрапалітэн. 4 ун-ты, у т. л. ун-т Хакайда, пры якім дзейнічае Ін-т славістыкі з багатым кнігазборам. Бат. сад, бат. і этнагр. музеі. Паркі Накадзіма і Маруяма. Цэнтр. зімовага спорту. У С. адбыліся XI зімовыя Алімп. гульні (1972).

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧАВІ́ЦА, сачыўка (Lens),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Паўд. Еўропе. У культуры — С. харчовая, або звычайная (L. culinaris), вядомая з неаліту. Вырошчваецца ва ўсіх земляробчых раёнах, акрамя Аўстраліі і Паўн. Амерыкі. У Расіі — з 14 ст.

С. харчовая — аднагадовая травяністая расліна выш. 20—75 см. Сцёблы баразнаватыя, прамыя або ўзыходныя. Лісце складанае, парнаперыстае, з вусікамі. Кветкі белыя, ружовыя, фіялетавыя, у пазухах лісця. Плод — боб. Насенне мае да 35% бялку, каля 60% крухмалу, да 2,5% алею. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці бялковых прэпаратаў, каўбас, кансерваў, кандытарскіх вырабаў. Салома і мякіна — корм ’для жывёл. Харч., кармавая расліна.

В.​М.​Прохараў.

Сачавіца.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДА́Н (Sedan),

горад на ПнУ Францыі, на р. Мёз. Каля 50 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічная прам-сць, вытв-сць шарсцяных тканін і дываноў.

У 14 ст. царкоўнае ўладанне. З канца 14 ст. ў складзе Францыі. У 15—17 ст. буйны цэнтр вытворчасці сукна. У час рэліг. войнаў на баку гугенотаў. У 1592 тут засн. кальвінісцкая тэалагічная акадэмія. У франка-прускую вайну 1870—71 каля С. герм. войскамі ген.-фельдмаршала Г.К.​Б.​Мольтке 1.9.1870 разгромлена франц. армія маршала М.​Э.​Мак-Магона; узята ў палон больш за 100 тыс. чал., у т. л. імператар Напалеон III.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,

паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах. ч. паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́КЕРТ ((Sickert) Уолтэр Рычард) (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),

англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.​Уістлера, Э.​Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРАЕ́ДЫ (Dermestidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў сухіх раёнах. Пасяляюцца на трупах жывёл, у гнёздах птушак, насякомых, норах грызуноў, пад карой дрэў, на жывёльнай сыравіне (скура, шэрсць, футра і вырабы з іх, вяленае мяса і рыба) і інш. На Беларусі 20—30 відаў, сярод іх С.: вяндлінны (Dermestes lardarius), дывановы (Attagenus pissus), залознікавы (Anthirenus scrophulariae), музейны (Anthrenus museorum) і інш.

Даўж. 1,3—12 мм. Цела звычайна авальнае, пакрытае валаскамі або лускавінкамі. Афарбоўка цёмна-карычневая або чорная, часта са стракатым малюнкам. Кормяцца сухімі рэчывамі жывёльнага і расл. паходжання, некат. — пылком кветак. У прыродных умовах — санітары, каля жылля чалавека — шкоднікі.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕАНЭ́ (Orléanais),

гістарычная правінцыя ў Францыі. Уключае дэпартамент Луара, часткова Луар і Шэр, Эр і Луар, Йёна, Эсон. Пл. 17,7 тыс. км². Нас. каля 1,1 млн. чал. (1982). Гал. горад Арлеан.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁМА (Boyoma),

Стэнлі, вадаспады (парогі) на р. Конга, у Заіры. 7 вял. парогаў агульным падзеннем больш за 40 м на працягу каля 150 км. Перашкаджаюць суднаходству; у абход парогаў пракладзена чыгунка.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФА́ЧА (Bonifacio),

праліў паміж а-вамі Корсіка і Сардзінія, у Міжземным моры. Даўж. каля 19 км, шыр. 12—16 км. Глыб. да 69 м. Порт Баніфача (на в-ве Корсіка, Францыя).

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)