ПА́ДУЯ (Padova),

горад на Пн Італіі. Адм. цэнтр прав. Падуя. Каля 220 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, суднаходным каналам злучаны з Адрыятычным м. Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, веласіпедаў, с.-г. машын, матораў і інш.), эл.-тэхн., металургічная, хім., абутковая, швейная, мэблевая, дрэваапр., папяровая, харч., паліграфічная. Падуанскі універсітэт, у якім працавалі Г.Галілей, А.Везалій і інш., вучыўся Ф.​Скарына. Бат. сад (з 1545, найстарэйшы ў Еўропе). Штогадовы міжнар. кірмаш.

Згадваецца ў 4 ст. да н.э. (лац. Patavium) Цітам Лівіем. У 49 да н.э. атрымала правы рым. муніцыпіі. У 601 н.э. разбурана лангабардамі. З пач. 12 ст. гар. камуна. У 13 ст. рамесніцкі і гандл. цэнтр (штогадовыя кірмашы агульна-італьян. значэння). У 1318 у П. ўсталявалася сіньёрыя роду Карара, пазней дэла Скала і Вісконці. У 1405—1797 у складзе Венецыянскай рэспублікі. У 15—17 ст. П. — буйны культ. цэнтр: у 1222 засн. ун-т, у 1545 — першы ў свеце бат. сад. Пасля 1797 П. па чарзе валодалі Аўстрыя і Францыя. У 1813 падпарадкавана аўстр. Габсбургамі. З 1866 у складзе Італьян. каралеўства.

Захаваліся рэшткі стараж.-рым. грабніц, мастоў, амфітэатра і форума. Сярод арх. помнікаў: Палацца дэла Раджоне (1215—1306), базіліка Сант-Антоніо (1232; побач з ёй конны помнік кандацьеру Гатамелату, 1447—53, скульпт. Данатэла), Капэла дэль Арэна (Скравены; пач. 14 ст., фрэскі Джота ды Бандоне), араторый Сант-Джорджо (1384, фрэскі Альтык’ера і Аванца), будынак ун-та (1493), сабор Санта-Марыя Асунта (16 ст., арх. Андрэа да Вале). Музеі: гарадскі (пераважна жывапіс і скульптура 15—19 ст.), Сант-Антоніо (творы з царквы і манастыра Сант-Антоніо), Батачын (нумізматычныя і археал. калекцыі).

Літ.:

Акты Падуи конца XIII — XIV в. в собрании Академии наук СССР. Л., 1987.

Базіліка Сант-Антоніо ў Падуі. 1232.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,

палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер. гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.

Літ.:

Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.​В.​Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час. рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.

Літ.:

Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;

Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;

Виноградов В.Н. Венгерский поход И.​Ф.​Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.

Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр. Главацкі

(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),

«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.​Брыль, П.​Бітэль, М.​Чарнецкі.

Тв.:

Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;

Listy. Warszawa, 1959;

Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;

Бел. пер. — Міхалка. Мн., 1930;

Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;

На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—7. М., 1961—63.

Літ.:

Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;

Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

Б.Прус.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальныя дзеянні войск Ленінградскага (камандуючы Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў), 3-га (ген. арміі І.​І.​Масленікаў), 2-га (ген. арміі А.І.Яроменка), 1-га Прыбалтыйскіх (ген. арміі І.Х.Баграмян), часткі сіл 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў, Балт. флоту (адм. У.​П.​Трыбуц) з мэтай разгрому ням.-фаш. войск у Прыбалтыцы 14.9—24.11.1944 у Вял. Айч. вайну. Для выканання аперацыі сав. камандаванне згрупавала 900 тыс. чал., 3080 танкаў і самаходных артыл. установак, 17,5 тыс. гармат і мінамётаў, 2640 баявых самалётаў. Герм. войскі налічвалі больш за 700 тыс. чал., больш за 1200 танкаў і штурмавых гармат, каля 7 тыс. гармат і мінамётаў, да 400 самалётаў. У выніку наступлення Чырв. Арміі летам 1944 герм. групоўкі войск «Поўнач» і «Нарва» адышлі на рубеж ад Нарвенскага зал. да Усх. Прусіі. З 14 да 27 вер. войскі 3-га, 2-га і 1-га Прыбалт. франтоў на Рыжскім напрамку выйшлі да рубяжа «Сігулда» (25—60 км ад Рыгі). Аднак у сувязі з упартым супраціўленнем ворага сав. камандаванне 24 вер. перанесла гал. ўдар з Рыжскага на Мемельскі напрамак, на якім войскі 1-га Прыбалт. і 39-й арміі 3-га Бел. франтоў да 10 кастр. выйшлі на ўзбярэжжа Балт. м. і адсеклі групу «Поўнач» ад Усх. Прусіі. Войскі Ленінградскага фронту ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам нанеслі паражэнне групоўцы «Нарва», вызвалілі Талін (22 вер.), ажыццявілі дэсантную аперацыю на Маанзундскіх а-вах (гл. Маанзундскія аперацыі ў Вял. Айч. вайну). Войскі 3-га і 2-га Прыбалт. франтоў, працягваючы наступленне, вызвалілі Рыгу (13 кастр.) і прадаўжалі праследаванне праціўніка. З 59 злучэнняў герм. войск разгромлена 29, астатнія блакіраваны ў Курляндыі (капітулявалі 9.5.1945). У выніку П.а. Германія страціла важную эканам. базу і выгадны плацдарм; створаны перадумовы для развіцця наступлення сав. войск ва Усх. Прусіі.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. паміж гарадамі Слуцк Мінскай і Асіповічы Магілёўскай абл. (абапал р. Пціч). Яму ўласцівы строгасць форм, тонкае ўмеркаванае аздабленне, разнастайнасць форм у жаночым і мужчынскім адзенні.

Жаночы летні гарнітур складаўся з 2 варыянтаў: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі ўзорыстымі рознай шырыні папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічна выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей 1-полкавага) фартуха, стылістычна і каларыстычна блізкі да аздаблення кашулі, размяшчаўся палосамі, паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя і стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме і на грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарсэт з шарсцянкі ці аксаміту васільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геам. арнаментам на плечавых устаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпільвалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыц. галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Пухавіцкі строй.

т. 13, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)