КУ́РБАС (Лесь) (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),
украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.Р.Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Макбет («Макбет» У.Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.Сінклера (1923), «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).
т. 9, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
В.С.Іваноўскі.
т. 9, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШАСІ́НСКАЯ (Мацільда) (Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),
артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;
Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБА́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (10.8.1900, Масква — 18.2.1959),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1947). Скончыў школу 2-й студыі МХАТ (1922). У т-ры з 1924. У 1930—40-я г. рэжысёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Р.Сіманава, у інш. т-рах. У 1945—56 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.М.Ярмолавай. Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (з 1948 праф.). Пастаноўкі класічных твораў («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1934; «Шалёныя грошы» А.Астроўскага, 1945; «Дачнікі», 1949, «Дасцігаеў і іншыя», 1952, М.Горкага) адметныя нечаканасцю, сучаснай трактоўкай канфлікту, сатыр. вастрынёй, яркай камедыйнасцю. Рэжысура сучасных п’ес вылучалася стрыманасцю, прастатой агульнага тону «Таня» А.Арбузава (1939), «Старыя сябры» Л.Малюгіна (1946) і інш. Дзярж прэмія СССР 1946.
Літ.:
Блок В. Репетиции Лобанова. М., 1962.
т. 9, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАВА (Ільза Канстанцінаўна) (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.
Г.Г.Коваль.
т. 9, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІКАЎ (Іван Герасімавіч) (7.7.1922, с. Горны Балыклей Дубоўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 5.5.1993),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Вучыўся ў Харкаўскім тэатр. вучылішчы (1939—41). Працаваў у Валгаградскім т-ры. З 1954 у кіно. Выканаўца драм. роляў, майстар эпізоду, ёмістай і дакладнай абрысоўкі героя. Лепшыя ролі: у кінафільмах — Сямён Трубнікаў («Старшыня», 1964), салдат Краюшкін («Хвіліна маўчання»), манах Кірыл («Андрэй Рублёў», абодва 1971), Сляпцоў («Нечаканы госць», 1972), старшына Папрышчанка («Яны змагаліся за Радзіму», 1975), Панцялей («Стэп», 1977), Ерафеіч («Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), дзед Селіван («Крыніца», 1982) і інш.; у тэлефільмах — Панкрат («Вечны кліч», 1976—83), Міхаіл Ермакоў («Мой лёс», 1973) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Літ.:
Смелков Ю.С. И.Лапиков. М., 1976.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎТЭР ((Lauter) Антс) (5.7.1894, с. Валга Рапласкага р-на, Эстонія — 30.10.1973),
эстонскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Дэбютаваў у 1913 у т-ры «Эстонія» (Талін). З 1917 у рус. т-ры ў Ноўгарадзе, у т-рах «Эстонія» (1918—41, у 1944—49 гал. рэжысёр), «Ванемуйне» (Тарту; 1951—58, у 1953—55 гал. рэжысёр). Выкладаў у Эст. кансерваторыі (1938—41) і тэатр. ін-це (1945—50, з 1947 праф.). Акцёрскаму мастацтву ўласціва тонкая інтэлектуальнасць, дакладнасць выяўл. сродкаў. Сярод роляў: Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет, Атэла, Шэйлак («Гамлет», «Атэла», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Ільвес, Хайнман («Сувязь», «Няўлоўны цуд» Э.Вільдэ). Паставіў спектаклі: «Дамавік» Вільдэ (1924, 1938), «Ворагі» М.Горкага (1946), «Два лагеры» А.Якабсана, «Тры сястры» А.Чэхава (абедзве 1948). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 9, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Мікалай Аляксеевіч) (24.10.1897, г. Папасная Луганскай вобл., Украіна — 24.6.1978),
расійскі кіназнавец і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1963). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1933). У кіно з 1921. Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. кінематаграфіі (1924—35). З 1925 сцэнарыст і рэжысёр кінафабрыкі Культурфільм. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (з 1940 праф., у 1934—36 і 1955—56 дырэктар). У 1937—30 дырэктар Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Аўтар «Нарыса гісторыі кіно СССР» (т. 1 — «Нямое кіно», 1947), сааўт. «Нарысаў гісторыі савецкага кіно» ў 3 т. (т. 1—2, 1956—59) і «Кароткай гісторыі савецкага кіно» (1969).
Тв.:
К вопросу о специфике кино. М., 1935;
Щукин — актер кино. М., 1944;
Внимание — кинематограф! М., 1974;
КПД кинематографа. М., 1978.
т. 9, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),
інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус. нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.
Т.І.Чаплыгіна.
т. 9, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЧЭ́СТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў Вялікабрытаніі ў 1851 як Оўэнс-каледж. З 1880 сучасная назва. У 1996/97 навуч. г. больш за 16 тыс. студэнтаў; ф-ты: пед.; права; медыцыны і стаматалогіі; кіравання ў бізнесе; эканомікі і сац. навук (уключае эканоміку сельскай гаспадаркі, сац. антрапалогію, кіраванне); навукі і тэхнікі (біял. навукі, псіхалогія, матэматыка, хімія, фізіка, навукі аб Зямлі, тэхн. навукі і інш.); мастацтваў (архітэктура, музыка, гісторыя мастацтваў, грэч. і лац. мовы, археалогія, гісторыя, філасофія, тэалагічныя навукі і інш.). У складзе ун-та школа біял. навук (анатомія, біяхімія, біямедыцына, нейралогія, заалогія, генетыка, фармакалогія і інш.). У бібліятэках ун-та 4 млн. тамоў кніг, манускрыпты і архіўныя дакументы, 800 тыс. найменняў на мікрафільмах. Мае радыёастр. лабараторыі, навук. парк, выд-ва, музей, тэатр, маст. галерэю.
В.М.Навумчык.
т. 10, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)