у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́К (Białystok),
горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Беластоцкага ваяводства. 275 тыс.ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.
Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст.наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн.руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач.яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел.паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦККПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.
Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).
У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-вабел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел.т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-рмуз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж.яўр.т-рБССР (1940).
У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац.т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм.т-р (1958, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтварус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦЫЯ (ад лац. natio племя, народ),
устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.Кон, К.Іглтан, В.Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.Баўэр, Э.Рэнан). Паводле М.Вебера і П.А.Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.
Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш.сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.
Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц.нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел.літ. мовы, бел.нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст.паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;
Пг., 1903—22;
Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;
Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;
Вільня;
Берлін, 1921;
Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн.. 1994;
Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел.гіст. агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар.насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),
дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс.км², Паўднёвы — 151,8 тыс.км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс.км²). Пл. 269,1 тыс.км². Нас. 3662,3 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Уэлінгтан, асн.прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).
Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.
Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр.ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-раліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял.нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс.км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс.ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.
Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.
Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд.ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасцігал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн.м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн.т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш.Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд.кВтгадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч.прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн.га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн.га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс.т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс.т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс.т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс.т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс.км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд.дол., імпарт — 13 млрд.дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.
Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ.літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) і т.зв.калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст.псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст.сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л.псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш.маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.
Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац.муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.
Літ.:
Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;
Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;
Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).
Герб і сцяг Новай Зеландыі.Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.Да арт.Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КСІКА (México, Méjico),
Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч.насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр.насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц.насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч.насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж.насельніцтваМ., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс.км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс.км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс.чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г.Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).
Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб.насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх.суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.
Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр.насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр.насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш.мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс.чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц.яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр.паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс.км²) і яўрэйскую (14,1 тыс.км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г.Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс.км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл.Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.
У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс.км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс.чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на 2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр.араб. партыя і інш.Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд.кВт∙гадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн.т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн.т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс.т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сцьваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш.Хім.прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн.т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч.прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс.га, у т. л. больш за 220 тыс.га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л.кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс.га, інш. фрукты — каля 55 тыс.га, палявыя культуры — каля 230 тыс.га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс.га, кветкі — каля 2 тыс.га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс.га. Штогадовы збор (тыс.т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн.тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс.л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс.км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн.т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс.міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд.дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд.дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал.гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс.чал., рэзерву — 430 тыс.чал. У сухап. войсках 134 тыс.чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс.артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс.чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс.чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж.рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн.ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр.ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац.б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац.цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-каН.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр.муз.б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш.Н.-д. работу праводзяць Н.-д.ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д.работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб.інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.
Літаратура. Да канца 19 ст.л-раяўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл.Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г.цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.
Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг.насельніцтва, выкарыстанне мясц.арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфельд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац.маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар.маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.
Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац.муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр.муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр.сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз.т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар.муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз.авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац.т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз.ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).
Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац.т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.
Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.
Літ.:
Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ.М., 1993;
Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;
Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;
Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;
Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ.М., 1994;
Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].
Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Ізраіля.Да арт.Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.Да арт.Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.Да арт.Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.Да арт.Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.Да арт.Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.Да арт.Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.Да арт.Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.Да арт.Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.