палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ ((Orłowski) Аляксандр Восіпавіч) (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),
польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.П.Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.І.Платава, Д.Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.Л.Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).
Літ.:
Ацаркина Э.Н. А.О.Орловский, 1777—1832. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),
паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв.вайны, катастрофы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»
(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),
серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв.вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (н. 3.7.1926, в. Кірылаўка Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Удзельнік Вял.Айч.вайны. Першая аповесць «Іван» (1958; фільм «Іванава дзяцінства», 1962). Аўтар кароткіх апавяданняў-прытчаў «Першае каханне», «Сэрца майго боль», «Могілкі пад Беластокам» і інш., аповесці «Зося» (1965, аднайм. фільм 1967). У рамане «У жніўні сорак чацвёртага...» (другая назва — «Момант ісціны», 1974) паказаў работу сав.ваен. контрразведчыкаў, будзённы прафесіяналізм якіх узняты да ўзроўню гераічнага подзвігу. Простая і лаканічная мова Багамолава ўзмацняе псіхал. напружанасць і амаль дакумент. дакладнасць падзей, што апісваюцца. На бел. мову яго творы перакладалі А.Жук, У.Паўлаў.
Тв.:
Роман;
Повести;
Рассказы. М., 1986;
Бел.пер. — Зося // Далягляды. Мн., 1981;
Момант ісціны (У жніўні сорак чацвёртага...). Мн., 1984.
расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1869). Скончыў Царскасельскі ліцэй (1829). З 1838 флігель-ад’ютант імператара Мікалая I. З 1844 у дзеючай арміі на Каўказе, у 1849 у Венгрыі, у 1853—56 на Балтыйскім тэатры ваен. дзеянняў Крымскай вайны. З крас. 1866 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У кастр. 1866 — сак. 1868 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. З мэтай пашырэння ў краі сац. базы самадзяржаўя лічыў неабходным аслабіць рэпрэсіі і абмежаванні ў адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1963—64. З 1868 член, з 1881 старшыня дэпартамента дзярж. эканоміі Дзярж. савета Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз.вайны (гл.«Ядзерная зіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),
адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕК ((Beck) Юзаф) (4.10.1894, Варшава — 5.6.1944),
дзяржаўны дзеяч Польшчы. У 1-ю сусв. вайну афіцэр польскіх легіёнаў Ю.Пілсудскага ў складзе аўстра-венг. арміі, потым у Войску Польскім, палкоўнік. У 1922—23 ваен. аташэ ў Францыі. Удзельнік перавароту Пілсудскага ў маі 1926. У 1932—39 міністр замежных спраў; падрыхтаваў падпісанне польска-герм. дагавору аб ненападзенні (1934), дамогся ад кіраўніцтва Чэхаславакіі перадачы Польшчы Цешынскай Сілезіі (1938), процідзейнічаў правядзенню Сав. Саюзам палітыкі «калект. бяспекі» і адхіліў яго прапановы аб аказанні польск. боку ў выпадку нападзення дапамогі (май 1939), спадзеючыся на падтрымку Англіі і Францыі. Пасля паражэння Польшчы на пач. 2-й сусв.вайны пераехаў з урадам у Румынію, дзе быў інтэрніраваны.
першая сталая бел.арг-цыя ў ЗША. Засн. 7.9.1941 у Чыкага. Заснавальнікі — Я.Тарасевіч, Я.Чарапук, П.Чопка, М.Аблажэй, І.Лобач, Я.Варонка, Я.Рэшаць. Да кастр. 1941 наз.Бел.к-т дапамогі ахвярам вайны. Стаяла за аднаўленне дзяржаўнасці БНР і непадзельнасць бел. зямель. У 2-ю сусв. вайну праз амер. арг-цыі наладжвала дапамогу народу Беларусі, у пасляваен. гады падтрымлівала бел. імігрантаў. Прадстаўнікі БАНР удзельнічалі ў Агульнаамер. слав. кангрэсах (1942, 1944, 1946, 1948). Вядзе культ.-асв., выдавецкую і прапагандысцкую дзейнасць. Выдавала «Весткі БАНР» і «Беларускія весткі». На сучасным этапе БАНР звязана пераважна з дзейнасцю бел.правасл. царквы св. Юр’я.