ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.​П.​Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.​М.​Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.​Ю.​Ластоўскага, С.​М.​Некрашэвіча, Я.​Лёсіка, Б.​І.​Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.​Купалы, А.​Дудара, М.​Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.​Х.​Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.​В.​Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.​В.​Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),

мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).

Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш. Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл. Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).

На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.​Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.​Тарэеў і інш.).

Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.
Да арт. Каліграфія. Ю.​Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),

O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: ​16O (99,759% па масе), ​17O (0,037%) і ​18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.​Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.​Прыстлі ў 1774.

К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм. карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л. акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).

Літ.:

Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;

Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,

адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.

Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл. Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн. дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10​−3—10​−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 10​9—10​10 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 10​6 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.

А.​І.​Болсун.

Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, B — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР НА ТАГА́НЦЫ.

Створаны ў 1964 на базе Маскоўскага т-ра драмы і камедыі (арганізаваны ў 1946) і групы выпускнікоў Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна як Маскоўскі т-р драмы і камедыі на Таганцы, з 1987 сучасная назва. Маст. кіраўнікі: Ю.​Любімаў (1964—84 і з 1989), А.​Эфрас (1984—87), М.​Губенка (1987—89). Т-р развіваў традыцыі Я.​Вахтангава, У.​Меерхольда, Б.​Брэхта, распрацоўваў новую сцэн. мову, знаходзіў новыя формы сцэн. л-ры (паэт. т-р, т-р прозы, сцэн. публіцыстыка). Спектаклі вызначаліся адкрытым грамадз. пафасам, актыўным кантактам з публікай: «Добры чалавек з Сезуана» Б.​Брэхта (1964), «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» паводле Дж.​Рыда, «Антысветы» А.​Вазнясенскага (абодва 1965), «Паслухайце! Маякоўскі», «Пугачоў» С.​Ясеніна (абодва 1967), «Тарцюф» Мальера (1968), «Жывы» паводле Б.​Мажаева (1968, 1989), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Гамлет» У.​Шэкспіра (абодва 1971), «Драўляныя коні» паводле Ф.​Абрамава (1974), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1975, 1985), «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава, «Дом на набярэжнай» паводле Ю.​Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна (1982, 1989), «На дне» М.​Горкага (1984), «У вайны не жаночы твар» паводле С.​Алексіевіч (1985), «Мізантроп» Мальера (1986), «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.​Пастарнака (1993) і інш. У складзе трупы ў розныя гады: І.​Бортнік, У.​Высоцкі, Губенка, А.​Дзямідава, В.​Залатухін, З.​Славіна, В.​Смехаў, С.​Фарада, Л.​Філатаў, Б.​Хмяльніцкі і інш. У 1993 падзяліўся на 2 трупы: Т-р на Таганцы (пад кіраўніцтвам Любімава) і Садружнасць акцёраў Таганкі (пад кіраўніцтвам Губенкі).

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАДЫ́СТЫ,

паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму. Узніклі ў 1729 у межах англіканства (гл. Англіканская царква), афіцыйна вылучыліся з яго ў 1795. Заснавальнік — Дж.​Уэслі (1703—91). М. лічылі сваёй гал. мэтай безумоўнае, метадычнае (адсюль назва) выкананне рэліг. запаветаў, увасабленне іх у жыццё шляхам місіянерскай дзейнасці і асабістым прыкладам. Аснову М. складалі студэнты Оксфардскага ун-та, якія ў перыяд прамысл. рэвалюцыі ў Англіі звярнуліся да «простага люду» з ідэямі цярплівасці і пакорлівасці лёсу. На падставе рознага разумення ідэі выратавання М. падзяліліся на 2 плыні: адны набліжаліся да кальвінізму і адстойвалі прынцыпы абранасці, наканаванасці лёсу, асабістай веры, а другія падзялялі вучэнне Я.​Армінія аб свабодзе волі. Суполкі («класы») М. складаліся з 12—20 чал. і падпарадкоўваліся «акругам», якія ўзначальваліся суперінтэндантамі. Вышэйшы кіруючы орган М. — штогодняя канферэнцыя. У 1881 створаны Сусв. савет М., які арганізуе сусв. канферэнцыі М. З 1813 існуе місіянерскае т-ва М. З 1943 М. ўдзельнічаюць у дзейнасці Сусв. савета цэркваў. М. спалучаюць 2 формы царк. арг-цыі: епіскапальную (ЗША) і прэсвітэрыянскую (Вялікабрытанія); у канцы 20 ст. прэсвітэрыянскія М. робяць захады да аб’яднання з англіканамі. У канцы 1990-х г. было больш за 32 млн. М. У Зах. Беларусі ў 1920-я г. амер. М. заснавалі сваю місію з цэнтрам у Вільні. Аддзяленні місіі дзейнічалі ў Клецку, Лідзе, Шчучыне і інш. У пропаведзях і спевах М. выкарыстоўвалі бел. мову, выпускалі на ёй сваю л-ру. У 1944 у Беларусі мелася 10 метадысцкіх суполак: у Клецку, Лідзе, Нясвіжы, Шчучыне, Юрацішках (Іўеўскі р-н), Лідскім (2), Маладзечанскім (2), Пінскім р-нах. Дзейнасць М. у Беларусі заняпала.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,

агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.​П.​Воінаў, Г.​Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.​Баткоўскі, А.​Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр. ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінскміжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.​Ларчанка, Ю.​Грыгор’еў, Г.​Сысоеў, Н.​Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл. гл. таксама да арт. Аэравакзал.

С.​Дз.​Філімонаў.

Да арт. Мінскія аэрапорты. Аэрапорт Мінск-1.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),

нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.

Літ.:

Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.

Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)