КВАДРАТУ́РА КРУ́ГА,

пабудаванне квадрата, роўнавялікага па плошчы дадзенаму кругу. Пад К.к. разумеюць таксама задачу вылічэння плошчы круга з пэўным набліжэннем.

Старажытнагрэч. матэматыкі спрабавалі рашыць задачу з дапамогай цыркуля і лінейкі. У 1882 ням. матэматык Ф.​Ліндэман даказаў трансцэндэнтнасць ліку π і тым самым невырашальнасць задачы такім спосабам — яе можна рашыць з выкарыстаннем некаторых трансцэндэнтных крывых, напр., квадратрысаў.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМІНЕ́ (сапр. Мамедвелі; каля 1770—1840),

туркменскі паэт. Вучыўся ў Бухары. Аўтар сатыр. вершаў, накіраваных супраць духавенства і феадалаў. Яму прыпісваюць аўтарства тэматычна блізкіх да сатыры анекдотаў. У творах пра сац. няроўнасць заклікаў да актыўнасці і адзінства, сцвярджаў ідэалы свабоды і шчасця. Пісаў таксама інтымна-лірычныя вершы. Захавалася каля 40 вершаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1968.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія маюць у малекуле кіслотныя групы: сульфагрупу SO3H, карбаксільную групу COOH. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі і трыфенілметанавыя фарбавальнікі. Вырабляюць К.ф. ў выглядзе натрыевых солей, якія пры дысацыяцыі ў вадзе ўтвараюць афарбаваныя аніёны. Выкарыстоўваюць для фарбавання бялковых (шэрсць, натуральны шоўк) і поліамідных валокнаў, а таксама скуры, паперы, вырабу чарніла.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬКАСЦЬ ЦЕПЛАТЫ́, цеплата,

фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр. энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІ — джоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПЛЕКСНЫ А́ТЛАС,

сістэматызаваны збор узгодненых і ўзаемадапаўняльных карт, якія даюць шматбаковую характарыстыку тэрыторыі (акваторыі). Уключае розныя па тэматыцы карты: агульныя геаграфічныя, геалагічныя, тэктанічныя, геамарфалагічныя, глеб, кліматычныя, ландшафтныя, насельніцтва, эканомікі і інш. У залежнасці ад задач, якія вырашаюцца, комплексы карт могуць аб’ядноўвацца адпаведна пэўнай тэрыторыі або патрэб асобных галін нар. гаспадаркі ці н.-д. пытанняў. Гл. таксама Атлас геаграфічны.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),

мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБ (грэч. kybos) у матэматыцы, 1) правільны мнагаграннік, які мае 6 квадратных граней, 12 рэбраў, 8 вяршынь; у кожнай яго вяршыні сыходзяцца 3 узаемна перпендыкулярныя рабры. К. называюць таксама гексаэдрам.

2) К. ліку а — трэцяя ступень ліку a (a∙a∙a = a​3); назва звязана з такім жа выразам аб’ёму К. (як геам. фігуры) з рабром a.

Куб.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІ́ТУ (Lobito),

горад на З Анголы. Засн. ў 1843. Каля 150 тыс. ж. (1983). Порт на Атлантычным ак. Праз Л. праходзіць каля 90% экспарту Анголы, абслугоўвае таксама паўд.-ўсх. раёны Дэмакр. Рэспублікі Конга і Замбію. Канцавы пункт трансафр. чыг. магістралі Бейра (Мазамбік) — Л. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цэм., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (у т. л. цукр., рыбная), металаапрацоўчая. Суднаверфі. Рыбалоўства.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ СКУЛЬПТУ́РА, геапластыка,

пластычная апрацоўка рэльефу мясцовасці, пры якой ён набывае скульпт. формы. У Л.с. вызначаюць эстэтызацыю прыродных форм рэльефу дадзенай мясцовасці з свядомай падкрэсленасцю найб. характэрных маляўнічых асаблівасцей ландшафту. Дазваляе фарміраваць рэльеф штучна, утвараць насыпныя ўзгоркі, тэрасы, схілы і інш. Пашырана ў многіх краінах Еўропы, ЗША і інш. Гл. таксама Ландшафтны дызайн.

А.​В.​Сычова.

Ландшафтная скульптура.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,

каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл. Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.​Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)