ПЕ́ЙВЕ (Аляксандр Вальдэмаравіч) (9.2.1909, с. Семенцава Таропецкага р-на Цвярской вобл., Расія — 21.12.1985),
расійскі геолаг; заснавальнік вучэння аб глыбінных разломах і іх сувязі з магматызмам і металагеніяй. Акад. АН СССР (1964). Герой Сац. Працы (1979).
Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1930), у 1932—35 выкладаў у ім. З 1935 у Геал. ін-це АН СССР (з 1960 дырэктар). Навук. працы па тэктоніцы, у т. л. тэорыі геасінкліналяў, ролі гарыз. тэктанічных рухаў, па акіянічнай кары і заканамернасцях утварэння розных карысных выкапняў. Удзельнік стварэння тэктанічнай карты Еўразіі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1969.
т. 12, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎ, План,
рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р. Сцвіга (бас. р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.
т. 12, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПО́ПАЎ (Алег Георгіевіч) (н. 3.10.1938, Краснаярскі край, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў Томскі ун-т (1960). З 1973 у Мінскім НДІ сродкаў аўтаматызацыі. З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па апрацоўцы відарысаў, лічбавых картаграфічных сістэмах. Распрацаваў метады, алгарытмы, сродкі стварэння і кантролю лічбавых карт мясцовасці і аўтаматызаваных комплексаў для іх вытв-сці; адаптыўныя метады павышэння імавернасці перадачы тэлекодавай інфармацыі па каналах сувязі. Дзярж. прэмія СССР 1985.
М.П.Савік.
т. 13, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕНТЫ́ЎНАЯ ВАЙНА́ (франц. préventif ад лац. praevenio апярэджваю, папярэджваю),
вайна, пачатая для апярэджвання праціўніка з прычыны пагрозы нападу з яго боку. Часта пачынаецца і па фальшывай прычыне. Прыкладам такіх войн з’яўляюцца пачатак савецка-фінляндскай вайны 1939—40, 2-й сусв. вайны 1939—45. З 1980-х г. тэрмін П.в. трансфармуецца ў паняцце «прэвентыўны ўдар» і выкарыстоўваецца для дэкларацыі магчымасці нанясення прэвентыўных ракетна-ядз. і інш. удараў па патэнцыяльным агрэсары. У 2-й пал. 20 ст. большасць войн пачыналася з нанясення прэвентыўных удараў. Гл. таксама Маланкавая вайна.
В.І.Рамязкоў.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАР (лац. praetor ад praeitor які ідзе наперадзе, стаіць на чале),
урадавая пасада ў Стараж. Рыме і саюзных лац. і італійскіх гарадах. З 367 да н.э. вёў судовыя справы, замяшчаў консула пры яго адсутнасці. Выбіраўся з патрыцыяў, з 337 да н.э. і з плебеяў на 1 год. З 242 да н.э. ўведзены пасады П. па справах паміж рым. грамадзянамі і П. па справах іншаземцаў. З утварэннем рымскіх правінцый П. кіравалі імі пасля заканчэння тэрміну службы. У час імперыі П. — вышэйшыя службовыя асобы ў гарадах.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Рагачоў Гомельскай вобл. Па традыцыі наз. замкам Боны, сапраўдная назва невядомая. У 19 ст. выкарыстоўваўся як правіянцкі склеп. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак (21 × 14 м) быў накрыты вальмавым дахам. Вуглы ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, якія па вышыні даходзілі да сярэдзіны 2-га паверха. На верхні паверх вяла адкрытая галерэя з лесвіцай, вырашаная на гал. фасадзе цыркульнай аркадай. У аздабленні фасадаў былі выкарыстаны элементы рэнесансавай ордэрнай пластыкі.
А.А.Ярашэвіч.
т. 13, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІК,
лік, які можа быць выражаны як дзель двух цэлых лікаў. Кожны Р.л. выражаецца канечным дзесятковым дробам ці бясконцым перыядычным дробам.
Для Р.л. натуральным чынам вызначаны аперацыі складання, адымання, множання і дзялення (акрамя дзялення на 0), г.зн., што мноства Р.л. утварае алг. поле (гл. Поле ў матэматыцы). Поле Р.л. — найменшае поле, якое ўтрымлівае ўсе цэлыя лікі. Кожны ірацыянальны лік можа быць размешчаны паміж двума Р.Л. (значэнні па недахопу і па лішку), рознасць паміж якімі можа быць як пажадана малой. Гл. таксама Дроб у арыфметыцы.
т. 13, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),
расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн. навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНЦІ́Р,
1) добра бачны на мясцовасці нерухомы прадмет або элемент рэльефу, па якім можна арыентавацца на мясцовасці.
2) У пераносным значэнні — кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка.
т. 2, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)