РЭ́СКІН, Раскін (Ruskin) Джон (8.2.1819, Лондан — 20.1.1900), англійскі тэарэтык мастацтва, гісторык, публіцыст. Скончыў Оксфардскі ун-т (1839). Выкладаў у 1-м Рабочым каледжы. Быў паслядоўнікам Т.Карлайля. У творах «Сучасныя жывапісцы» (т. 1—5, 1843—60), «Сем светачаў архітэктуры» (1849), «Камяні Венецыі» (т. 1—3, 1851—53), «Палітычная эканомія мастацтва» (1857) развіваў канцэпцыю адзінства прыгажосці і дабрыні А.Шэфтсберы, выступаў з рамант. крытыкай капіталіст. цывілізацыі, варожай мастацтву як сінтэзу прыроды, прыгажосці і высокай маральнасці, заклікаў да адраджэння сярэдневяковай ручной працы, калект. форм маст. творчасці. Паўплываў на фарміраванне эстэт. поглядаў прэрафаэлітаў (кн. «Прэрафаэлітызм», 1851). Быў блізкі да У.Морыса, удзельнічаў у стварэнні ягомаст.-прамысл. майстэрняў. Рабіў малюнкі і акварэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РНАВЫ ДАЎГАНО́СІК (Sitophilus granarius),
жук сям. даўганосікаў. Шкоднік зерня (асабліва жыта, пшаніцы, рысу, ячменю) і збожжапрадуктаў, пераносчык мікраарганізмаў (фузарыума, бульбяной палачкі), якія выклікаюць самаўзгаранне і псаванне збожжавых запасаў. Пашыраны паўсюдна.
Цела даўж. 2,3—3,5 мм, бліскучае, цёмна-карычневае ці чорнае, з чырв.-бурымі нагамі і вусікамі. Не здольны да палёту (заднія крылы недаразвітыя). Самкі адкладваюць яйцы ў зерне. Лічынка даўж.да 3 мм, жаўтаватая, белая, бязногая, з карычневай галавой; развіваецца ў зерні, выгрызае большую ягоч. і там акукліваецца.
Свірнавы даўганосік: 1 — імага; 2 — яйцо, адкладзенае ў зерне; 3 — лічынка ў зерні; 4 — кукалка; 5 — знешні выгляд лічынкі; 6 — зерне, пашкоджанае жукамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАЦЕ́НЬу жывапісе і графіцы,
размяшчэнне розных па яркасці колераў або адценняў аднаго колеру, што дае магчымасць успрымаць адлюстраваны аб’ект аб’ёмным у святлопаветраным асяроддзі; перадача С. — адзін з асн. прынцыпаў рэаліст. мастацтва. Градацыі С. (ад найб. яркасці да глыбокага ценю) залежаць ад характару асвятлення, спецыфікі аб’ёмнай формы прадмета, яго фактуры, стану атмасферы. Для дакладнага ўзнаўлення натуры С. выкарыстоўвалі ўжо ант. жывапісцы. С. і яе тэорыю распрацоўвалі мастакі Адраджэння (А.Мантэнья, Мазачыо, Мікеланджэла, М.Караваджа, асабліва Леанарда да Вінчы), і з таго часу С. шырока выкарыстоўваецца жывапісцамі і графікамі як адзін са сродкаў, што вызначае эмацыянальную выразнасць твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,
паўстанне маракоў Чарнаморскага флоту, салдат гарнізона Севастопаля, рабочых порта і Марскога з-да ў перыяд Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Пачалося 11 ліст. ў адказ на спробу камандавання флотам учыніць расправу над удзельнікамі шматтысячнага мітынгу матросаў і салдат. 12 ліст.да паўстанцаў далучыліся каманды крэйсера «Ачакаў», браняносца «Св. Панцеляймон» (б. «Пацёмкін»), Кіраўнік — лейтэнант П.П.Шміт; 15 ліст. пад яго камандаваннем было 12 караблёў. Паўстанцы патрабавалі склікання ўстаноўчага сходу, устанаўлення рэспублікі, 8-гадзіннага працоўнага дня, скарачэння тэрміну і паляпшэння ўмоў ваен. службы і інш. Задушана ўрадавымі войскамі, пакарана больш за тысячу ўдзельнікаў, лейтэнант Шміт, матросы А.І.Гладкоў, Н.Г.Антоненка і С.П.Часнік расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУКА́ЛІЧ Уладзімір Казіміравіч (9.11.1858, г. Екабпілс, Латвія — 18.10.1918),
бел. гісторык і краязнавец, літаратуразнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883), удзельнічаў у рэв. руху. Працаваў у казённай палаце ў Слоніме, Гродне, Віцебску (памочнік прысяжнага паверанага). Чл.Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. У 1886—1900 друкаваўся ў газ. «Русский курьер» як літаратуразнавец (пад псеўд. Вяневіч). Аўтар прац «Да пытання аб арганізацыі універсітэта ў Віцебску» (1903), «А.П.Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці» (1905), «М.Я.Нікіфароўскі, 1845—1910 гг.» (1910), артыкулаў па краязнаўстве Беларусі, гісторыі бел. гарадоў. Быў у сяброўскіх адносінах з І.Я.Рэпіным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯБЛО́ВЫ МАТЫЛЁК, кукурузны матылёк
[Ostrinia (Pyrausta) nubilans],
матылёк сям. агнёвак, мнагаедны шкоднік с.-г. культур. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Пашкоджвае каля 230 відаў пераважна буйнасцябловых раслін, найб. кукурузу, каноплі, проса, хмель, таксама бульбу, сланечнік. У пашкоджаных раслін засыхаюць і пераломліваюцца сцёблы, суквецці, зніжаецца ўраджай зялёнай масы.
Крылы ў размаху 24—32 мм; у самак пярэднія ад светла-жоўтых да карычняватых, упоперак 2 цёмныя зігзагападобныя лініі; у самцоў крылы больш цёмныя. Яйцы адкладваюць на ніжнюю паверхню лісця. Вусені даўж.да 25 мм, светла-шэрыя, з цёмнай паласой уздоўж спіны, развіваюцца ў сцёблах. За год 2 пакаленні. Зімуюць дарослыя вусені ў расл. рэштках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЎРУ́К Пётр Якаўлевіч (1905, г. Скідзель Гродзенскага р-на — 4.10.1929),
бел.паэт. У час. 1-й сусв. вайны жыў з бацькамі ў Тамбоўскай губ. З 1921 на радзіме. Удзельнічаў у рабоце Т-вабел. школы, Бел. сялянска-работніцкай грамады. Неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Паводле сцверджання У.Калесніка, у сярэдзіне 1920-х г. друкаваў допісы, вершы, фельетоны ў віленскіх газетах пад псеўд. Плебей. У вершах любоў да роднага краю, прац. чалавека, імкненне дасац. справядлівасці, нараканні на цяжкую долю. Быў пад уплывам паэзіі М.Багдановіча. Яго вершы надрукаваны ў час. «Полымя» (1986. № 10).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВІ́ЗМ (ад франц. fauve дзікі),
кірунак у франц. мастацтве пач. 20 ст. Характэрныя яго асаблівасці — гранічна інтэнсіўнае гучанне адкрытых колераў, супастаўленне кантрастных храматычных плоскасцей, абагульненых контурам, звядзенне формы да простых абрысаў без святлоценявой мадэліроўкі і лінейнай перспектывы. Плоскасная трактоўка форм, насычанасць чыстых колераў, энергічна падкрэслены контур абумоўліваюць дэкаратыўнасць фавісцкага жывапісу. Група мастакоў, у якую ўваходзілі А.Матыс, Ж.Руо, А.Дэрэн, А.Марке, М.Вламінк, Ж.Брак, Р.Дзюфі, А.Фрыез, Ж.Фландрэн, К. ван Данген, праявіла сябе на парыжскіх выстаўках 1905, 1906, 1907. Назва «Ф.» адлюстроўвае рэакцыю сучаснікаў на ўразлівую экзальтацыю колеру, «дзікую» выразнасць фарбаў. Ф. меў агульныя рысы з экспрэсіянізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫСТЫ́Н,
дысульфід цыстэіна, заменная серазмяшчальная амінакіслата, 3,3-дытыобіс-2-амінапрапіёнавая кіслата, [HOOC—CH(NH2)—CH2S]2. У саставе многіх бялкоў і пептыдаў (у кераціне валасоў разам з цыстэінамда 18%), у невял. колькасці прысутнічае ў клетках усіх жывых арганізмаў.
Бясколерныя крышталі, мал. м. 240,3, tпл 247—249 °C, дрэнна раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах і водных растворах шчолачаў. За кошт Ц. ў малекулах бялкоў утвараюцца папярочныя дысульфідныя сувязі, якія забяспечваюць іх фізіял. актыўнасць. Біял. роля Ц. тоесная цыстэіну і ўтвараецца з яго. Можа ператварацца ў піравінаградную к-ту (ацэтыл-КоА). Генетычна абумоўленыя парушэнні абмену U прыводзяць да спадчыннай хваробы цыстынозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЛІ́ПТЫКА (ад грэч. ekleipsis зацьменне),
вялікая акружнасць нябеснай сферы, па якой адбываецца бачны гадавы рух Сонца (яго цэнтра). Паколькі сапраўды Зямля рухаецца вакол Сонца, Э. можна разглядаць як сячэнне нябеснай сферы плоскасцю арбіты Зямлі.
Паблізу пунктаў перасячэння Э. з арбітай Месяца адбываюцца зацьменні Месяца і Сонца (адсюль назва «экліптыка»). Плоскасць Э. — асн. плоскасць у экліптычнай сістэме нябесных каардынат. Яна нахілена да плоскасці экватара нябеснага пад вуглом 23°27′. Э. перасякаецца з нябесным экватарам у пунктах вясенняга і асенняга раўнадзенства; 2 пункты на Э., якія знаходзяцца на 90° ад пунктаў раўнадзенства, наз. пунктамі сонцастаяння. Уздоўж Э. размешчаны 12 сузор’яў задыяка. Іл.гл.даарт.Нябесныя каардынаты.