МАС-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.​Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).

Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.​У.​Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.

Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Яўген Сямёнавіч (н. 8.3.1922, с. Новаўкраінка Херсонскай вобл., Украіна),

расійскі акцёр і кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Вучыўся ў кінаакцёрскай школе пры Кіеўскай кінастудыі (1940—41). З 1946 акцёр Цюменскага, Новасібірскага т-раў, у 1952—68 у Малым т-ры. Сярод роляў: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Нязнамаў, Цяляцьеў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Ніл («Мяшчане» М.​Горкага) і інш. Зняўся ў фільмах «Родная кроў» (1964), «Дзеля жыцця на зямлі» (1974) і інш. Паставіў фільмы, у большасці якіх выконваў гал. ролі: «Цыган» (1967), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1979), «Асабліва важнае заданне» (1981), «Перамога» (1985), «Чаша цярпення» (1990), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999) і інш. Мастацтва М. адметнае адкрытым тэмпераментам, грамадзянскасцю, яснасцю кінамовы. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Исаева К.М. Е.​Матвеев. М., 1980.

Я.С.Мацвееў.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБО́Л,

[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.

Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).

Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙСКІ Мікалай Ільіч (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл. РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л. чл. ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ВІЧ Гіпаліт (псеўд. Г.​Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),

грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭКО́РВА Бруна Максімавіч (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),

расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АН СССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Тв.:

Нейтрино. М., 1966.

І.​С.​Сацункевіч.

Б.М.Пантэкорва.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Аляксандр Сцяпанавіч (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),

рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен. навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас. фіз.-хім. т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).

Літ.:

Радовский М.И. А.​С.​Попов. М.; Л., 1963;

Изобретение радио: А.​С.​Попов: Док. и материалы. М., 1966.

А.С.Папоў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІТА́ ў геалогіі,

буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл. Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛА БАГУСЛА́ВА БІБЛІЯТЭ́КА ў Слуцку.

Існавала ў 1-й пал. 17 ст. Есць меркаванні, што ў яе ўвайшла частка кнігазбору кн. Алелькавічаў. У 1668 перададзена ў Кёнігсбергскую б-ку Фрыдрыха Вільгельма. Збярогся 2-томны «Каталог кніг... завяшчаных бібліятэцы Радзівілам Багуславам у 1668 годзе» (на лац. мове, Кёнігсберг, 1673). У «Каталогу...» названы 9 рукапісных і 362 друкаваныя кнігі, выдадзеныя ў Вільні, Кіеве, Празе, Базелі, Вітэнбергу, Цюрыху, Парыжы, Рыме, Венецыі, Балонні і інш., у т. л. 15 інкунабул. Аснову кніжнага фонду б-кі склалі выданні 16—17 ст. на лац. (13 кніг), ням. і франц. мовах пераважна свецкага зместу. Амаль палавіна з іх — творы антычных аўтараў, 10 выданняў па мастацтве, кнігі па архітэктуры. Значная частка кніг па геаграфіі і прыродазнаўстве («Касмаграфія» С.​Мюнстэра, Базель, 1572, 1598; у ёй прыводзілася апісанне Польшчы і ВКЛ), медыцыне, астраноміі, матэматыцы, багаслоўі (41 кніга), філасофіі (63 кнігі).

В.​А.​Цыбуля.

т. 13, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),

род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.

Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расіца прамежкавая.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)