ВАГАБЗАДЭ́ (Бахтыяр Махмуд аглы) (н. 16.8.1925, г. Шэкі, Азербайджан),
азербайджанскі паэт. Нар. паэт Азербайджана (1984). Друкуецца з 1944. У ранняй, публіцыстычнай лірыцы (зб-кі «Мае сябры», 1949; «Вясна», 1950) услаўляе подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне. Зб-кі вершаў і паэм «Песня дружбы» (1953), «Роздумы» (1959), «Не хачу спакою» (1970), «Мы на адным караблі» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Аўтар драм. паэмы «Ноч разлукі» (1959).
т. 3, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Арсенавіч) (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),
акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».
т. 4, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫН (Мікалай Дзмітрыевіч) (12.4.1850, с. Парэчча Маскоўскай вобл. — 2.7.1925),
расійскі паліт. дзеяч, апошні старшыня Савета Міністраў Рас. імперыі (9.1—12.3.1917). У 1885—1903 займаў пасады архангельскага, калужскага і цвярскога губернатараў. З 1903 сенатар, з 1915 чл. Дзярж. савета (фракцыя правых) і старшыня камісіі па аказанні дапамогі рас. ваеннапалонным. Быў блізкі да імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1920—24 двойчы арыштоўваўся ВЧКАДПУ, расстраляны.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЦЯ (Вера Аляксандраўна) (н. 9.3.1927, с. Хулбаака, Малдова),
малдаўскі харавы дырыжор. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1987). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1957), выкладае ў ёй. З 1963 маст. кіраўнік і гал. дырыжор акад. харавой капэлы «Дойна». Сярод твораў, выкананых капэлай пад яе кіраўніцтвам, — араторыя «Пакаянне Давіда» В.А.Моцарта, «Те Deum» Г.Ф.Гендэля, паэма «Пакаранне Сцяпана Разіна» Дз.Шастаковіча, творы малд. кампазітараў і інш. Дзярж. прэмія Малдовы 1974.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬВІХ (Пётр Аўгуставіч) (19.12.1873, г. Віцебск — 7.5.1958),
генерал-маёр артылерыі (1940), вучоны ў галіне балістыкі і тэорыі стральбы. Д-р тэхн. н. (1938), праф. (1935), лаўрэат Дзярж. прэміі СССР 1941. У арміі з 1892. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1903). Да 1917 выкладчык у гэтай акадэміі. З 1918 палкоўнік Гельвіх у Чырв. Арміі. Да 1943 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. Да 1953 у Гал. артыл. упраўленні Сав. Арміі.
т. 5, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ПАРА́ДАК,
сістэма грамадскіх адносін, якая рэгулюецца маральнымі і прававымі нормамі, мае на мэце гарантаванне грамадскай бяспекі і спакою, абароны гонару і годнасці грамадзян і нармальных умоў для дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый. Складваецца ў працэсе свядомага і добраахвотнага выканання грамадзянамі правіл паводзін, устаноўленых законам і маральнымі нормамі. Выкананне гэтых правіл забяспечвае зладжанае і ўстойлівае супольнае жыццё людзей. Парушэнні грамадскага парадку цягнуць за сабой адпаведную адказнасць: маральную, адм., крымінальную.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯЧЭ́ВІЧ (Гечан-Гячэвіч) Вінцэнт
(Вікенцій Іванавіч; 5.4.1770—19.3.1840),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. З 1788 крайчы Вілейскага ваяводства, з 1791 член цывільна-вайск. парадкавай камісіі ваяводства (з 1792 старшыня яго аддзялення). З 1795 на царскай службе: засядацель земскіх судоў, падкаморы Вілейскага пав. і інш. Займаўся размежаваннем Мінскай і Віленскай губ. З 25.10.1816 мінскі віцэ-губернатар, з 31.12.1818 мінскі цывільны губернатар. Тайны саветнік (1831). 26.2.1831 прызначаны сенатарам.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫ́НІН (Міхаіл Кузьміч) (23.1.1889, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія — 8.7.1955),
рускі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1951), прафесар. Скончыў Смаленскі ун-т (1924). Працаваў у Маскоўскім ун-це (1930—31), Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1931—37) і інш. ВНУ Масквы, Мінска, Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага. Даследаваў бел. стараж. л-ру, творчасць некат. рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Беларуская літаратура: Старажытны перыяд. Мн., 1952.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНСКО́Й (Марк Сямёнавіч) (6.3.1901, г. Адэса, Украіна — 21.3.1981),
расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Сімферопальскі ун-т (1924). З 1925 працаваў у кіно. Яго творчасць адметная стварэннем каларытных чалавечых характараў і лёсаў, яркіх быт. сцэн: трылогія «Дзяцінства Горкага», «У людзях», «Мае універсітэты» (1938—40), «Вясёлка» (1944), «Няскораныя» (1945), «Сельская настаўніца» (1947), «Дарагой цаной» (1958), «Фама Гардзееў» (1959). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946, 1948, 1968.
т. 6, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГІ́Р,
найбольш пашыраная форма феад. землекарыстання ў Магольскай імперыі ў Індыі ў 16—18 ст. Сярэдні памер Дж. быў вялікі (да 100 тыс. га). Уладальнік (джагірдар) атрымліваў долю дзярж. зямельнага падатку з Дж. на сваю карысць, за гэта быў абавязаны ўтрымліваць атрад наёмных коннікаў. У 1574 Акбар спрабаваў ліквідаваць сістэму Дж., што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. У 17 ст. ўзнікла тэндэнцыя да перараджэння Дж. ў спадчыннае валоданне (ажыццяўлялася ў 18 ст.).
т. 6, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)