СТРАТАСФЕ́РА (ад лац. stratum слой + сфера),
слой атмасферы паміж трапасферай і мезасферай на выш. ад 8—10 км (у высокіх шыротах) да 45—55 км (каля экватара). Характарызуецца малой турбулентнасцю, невял. колькасцю вадзяной пары, павышаным у параўнанні з ніжэй- і вышэйляжачымі слаямі ўтрыманнем азону (гл. Азанасфера). Ва ўмераных і палярных шыротах т-ра мала зменьваецца з вышынёй (прыкладна да 25 км), але далей пачынае расці. Над экватарам і тропікамі т-ра ўзрастае па ўсёй С. У залежнасці ад геагр. шыраты і пары года сярэдняя т-ра зменьваецца ад -40 °C (-80 °C) на ніжняй мяжы да блізкай да 0 °C на верхняй. У С. назіраюцца перламутравыя воблакі, тыповыя вял. скорасці ветру (да 80—100 м/с) і струменныя плыні.
т. 15, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАФАНІ́Я (ад стэрэа... + ...фон),
спосаб перадачы і ўзнаўлення гуку, пры якім захоўваецца ўспрыманне прасторавага размеркавання крыніц гуку.
Ажыццяўляецца з дапамогай шматканальных гукаперадавальных сістэм. У студыі 2 ці больш аднолькавых мікрафонаў размяшчаюцца на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго, і эл. сігнал ад кожнага з іх перадаецца па асобным канале сувязі ці запісваецца на фанаграму з адпаведнай колькасцю дарожак (гл. Стэрэафанічны гуказапісу). Для гукаўзнаўлення на прыёмным баку размяшчаецца такая ж колькасць гучнагаварыцеляў, кожны з якіх атрымлівае сігнал ад адпаведнага мікрафона, што стварае ў слухачоў уражанне аб’ёмнасці гучання. Існуюць спосабы С., напр. Dolby, якія пры наяўнасці толькі 2 сігналаў ствараюць эфект аб’ёмнасці гуку высокай якасці. Сістэмы С. выкарыстоўваюцца ў стэрэафанічных радыёпрыёмніках, электрафонах, апаратуры стэрэфанічнага кіно, у канцэртных залах, тэатрах і інш.
т. 15, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАРЭЗІ́СТАР (ад тэрма... + рэзістар),
тэрмістар, паўправадніковы рэзістар, эл. супраціўленне якога істотна залежыць ад т-ры.
Асн. параметры: намінальнае супраціўленне, дыяпазон рабочых т-р і тэмпературны каэф. супраціўлення (ТКС) — адноснае прырашчэнне супраціўлення ў працэнтах пры змене т-ры на 1 К. Адрозніваюць Т. з адмоўным ТКС (ад -2 да -8%/К пры пакаёвых т-рах да -20%/К пры 900—1300 К) і з дадатным — т.зв. пазістары (ТКС дасягае 50%/К). Т. вырабляюць пераважна метадамі парашковай металургіі ў выглядзе стрыжняў, трубак, дыскаў, тонкіх пласцінак і інш. Характарызуюцца малымі памерамі (ад 1—10 мкм да 1—2 см) і вялікім тэрмінам службы (некалькі тысяч гадзін). Выкарыстоўваюцца для рэгістрацыі змены т-ры ў сістэмах цеплавога кантролю, у вымяральніках магутнасці, пускавых рэле, стабілізатарах т-ры і інш.
т. 16, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТО́МЕТР (ад адаптацыя + ...метр),
аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.
т. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад Слуцка, 120 км ад Мінска. 316 ж., 151 двор (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
т. 3, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́Н (ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл. Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГРА́ФІЯ (ад грэч. oros гара + ...графія),
раздзел геамарфалогіі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне хрыбтоў, узвышшаў, рачных далін, катлавін і інш. формаў рэльефу, займаецца таксама іх класіфікацыяй па знешніх прыкметах (памеры, вышыня, напрамак) незалежна ад паходжання.
т. 1, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАЦЭ́Я [лац. panacea ад імя стараж.-грэч. багіні Панакеі (Panakeia), якая лечыць усё],
1) у алхімікаў — лякарства нібыта ад усіх хвароб.
2) У перан. сэнсе — уяўны сродак, які можа дапамагчы ва ўсіх выпадках жыцця.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НАЎ-ПАЛЕ́СКІ,
станцыя Беларускай чыгункі на лініі Пінск—Брэст. За 2 км ад цэнтра г. Іванава (фактычна злучылася з горадам), ад старой назвы якога (Янава, Янаў) атрымала сваю назву. Музей чыг. тэхнікі.
т. 18, кн. 1, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТО́РАКС (ад гема... + грэч. thōrax грудзі, грудная клетка),
збіранне вял. колькасці крыві ў плеўральнай поласці. Найчасцей бывае ад унутр. крывацёку пры траўмах грудзей, пасля аперацый на грудной поласці, іншы раз пры злаякасных пухлінах органаў дыхання і інш. Можа спалучацца з пнеўматораксам. Клініка залежыць ад колькасці крыві: пры нязначнай колькасці праяўленні гематораксу адсутнічаюць ці ўзнікае слабы боль у грудзях, кашаль. Пры павелічэнні гематораксу бывае страта крыві, сцісканне лёгкага і зрушэнне органаў міжсцення. Лячэнне сімптаматычна-медыкаментознае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)