МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял.Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супрацьням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЕ́ЦКІ ПАХО́Д І́ГАРА СВЯТАСЛА́ВІЧА 1185,
паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічамсупрацьполаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс.чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-КАЎКА́ЗСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе РСФСР, якое існавала на Паўн. Каўказе ва ўмовах грамадз. вайны ў ліп. 1918 — студз. 1919. Абвешчана 7.7.1918 1-м з’ездам Саветаў Паўн. Каўказа ў г. Екацярынадар (цяпер Краснадар). Аб’ядноўвала Кубана-Чарнаморскую, Стаўрапольскую і Церскую сав. рэспублікі. Цэнтр — г. Екацярынадар, са жн. 1918 — г. Пяцігорск. Узначальвалася ЦВК (старшыня бальшавік А.І.Рубін). Рэспубліка існавала ва ўмовах цяжкіх баёў супраць арміі ген. А.І.Дзянікіна і ўнутр. нестабільнасці. 21.10.1918 паводле загаду камандуючага 11-й сав. арміяй (да 3.10.1918 Чырв. АрміяПаўн. Каўказа) левага эсэра І.Л.Сарокіна, які імкнуўся да неабмежаванай улады на Паўн. Каўказе, расстраляны Рубін і многія інш. кіраўнікі рэспублікі. 2-і надзвычайны з’езд Саветаў Паўн. Каўказа (28.10.1918) абвясціў Сарокіна па-за законам і ўтварыў новы ЦВК на чале з бальшавіком М.С.Акулавым. Да канца 1918 белагвардзейцы занялі б.ч.тэр. Н.-К.с.р., якая паводле рашэння ВЦВК (снеж. 1918) скасавана 11.1.1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА СУДО́ВУЮ АБАРО́НУ,
комплекс канстытуцыйна замацаваных працэсуальных правоў, якія гарантуюць абарону асн. матэрыяльных правоў і свабод чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на суд. абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. законныя правы і свабоды, а таксама ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. У судаводстве ўсе грамадзяне маюць права на абарону і на кваліфікаваную юрыд. дапамогу для яе ажыццяўлення (у выпадках, прадугледжаных законам, юрыд. дапамога аказваецца за кошт дзярж. сродкаў); права на прэзумпцыю невінаватасці, права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных (доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыд. сілы); права асуджанага на перагляд прыгавору вышэйстаячым судом ва ўстаноўленым законам парадку. Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства таксама гарантуецца права на зварот у суд для абароны асабістых, маёмасных, сямейных і інш. правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супрацьням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),
від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.
нацыянальна-вызваленчы рух італьянскага народа за ліквідацыю аўстр. прыгнёту і аб’яднанне краіны; перыяд, калі гэты рух адбываўся: канец 18 ст. — 1861, канчаткова завяршыўся ў 1870 далучэннем да італьян. каралеўства Рыма. Найважнейшыя падзеі Р. — Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі і Рэвалюцыя 1859—60 у Італіі. За кіраўніцтва Р. змагаліся 2 плыні: рэсп.-дэмакр. (лідэры Дж. Гарыбальдзі, Дж.Мадзіні і інш., якія імкнуліся аб’яднаць краіну ў форме дэмакр. рэспублікі) і ліберальная (лідэры К.Б.Кавур і інш., якія патрабавалі аб’яднання краіны пад уладай Савойскай дынастыі або папы рымскага). Пасля перамогі ліберальнай плыні ў 1861 створана Італьян. дзяржава ў форме канстытуцыйнай манархіі. Другім Р. наз.вызв. барацьбу італьян. народа ў 1943—45 супрацьням.-фаш. акупантаў і італьян. фашыстаў у час 2-й сусв. вайны. У антыфаш, фронце аб’ядналіся розныя сац. і паліт, сілы, якія змагаліся за нац. вызваленне і дэмакр. пераўтварэнні ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЬЕ́ ((Régnier) Жан Луі Эбензер) (1771—1814),
французскі ваенны дзеяч. Ген. дывізіі, граф. У арміі з 1792. У вайну 1812 камандаваў 7-м саксонскім корпусам «Вялікай арміі». У пач.ліп. 1812 яго корпус вылучаны са складу групы Жэрома Банапарта для дзеянняў у якасці заслону супраць войск 3-й Зах.рус. арміі. 27 ліп. корпус пацярпеў паражэнне ў Кобрынскім баі 1812 і адступіў да Слоніма. 12.8.1812 Р. разам з аўстрыйскім (12-м) корпусам К.Шварцэнберга атрымаў перамогу ў Гарадзечанскай бітве 1812 і ўдзельнічаў у праследаванні рус. войск да Луцка. Восенню 1812 корпус Р. прыкрываў тыл аўстр. войск ад 3-й Зах.рус. арміі. 15—16 ліст. ў Ваўкавыскім баі 1812 і 25 ліст. ў баі каля Брэст-Літоўска разбіў ахоўныя сілы 3-й Зах. арміі — вайск. групу Ф.В.Остэн-Сакена і прымусіў яе адступіць на Валынь. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 трапіў у палон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ТЫ З’Е́ЗДАЎ ПРАДПРЫЕ́МЦАЎу Расіі,
пастаянныя выканаўчыя органы прадстаўнічых арг-цый рус. буржуазіі — усерас., раённых, галіновых з’ездаў, якія дзейнічалі ў апошняй чвэрці 19 — пач. 20 ст. Выбіраліся на з’ездах прадпрыемцаў, дзейнічалі на падставе зацверджаных урадам статутаў. Былі цесна звязаны з дзярж. апаратам. Узначальваліся прадстаўнікамі дзелавой бурж. інтэлігенцыі, рашуча выступалі супраць рабочага руху. Іх значэнне ўзмацнілася ў 1-ю сусв. вайну 1914—18, калі яны выступілі ініцыятарамі мабілізацыі прам-сці, і асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пры Часовым урадзе. У 1917 налічвалася больш за 30 С.з.п., у т. л. 3 агульнарас. арг-цыі: саветы з’ездаў прадстаўнікоў прам-сці і гандлю (1906—18), біржавога гандлю і сельскай гаспадаркі (1905—18), акц. камерцыйных банкаў (1873—1918). Найб. уплывовыя раённыя і галіновыя саветы з’ездаў: горнапрамыслоўцаў Поўдня Расіі (1874—1918, Харкаў) і Урала (1898—1917, Екацярынбург, з 1905 Пецярбург), бакінскіх нафтапрамыслоўцаў (1884—1920, Баку), металаапрацоўчай прам-сці (1916—18, Петраград).