АЎТАФАЗІРО́ЎКА (ад аўта... + фаза),

з’ява, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне сінхранізму (рэзанансу) паміж рухам зараджанай часціцы і зменай паскаральнага электрычнага поля. Абумоўлена залежнасцю прамежку часу паміж паслядоўнымі момантамі паскарэння часціцы ад яе поўнай энергіі. Адкрыта У.​І.​Векслерам (СССР, 1944) і незалежна Э.​М.​Макміланам (ЗША, 1945). Выкарыстоўваецца ў асн. тыпах паскаральнікаў: сінхратронах, сінхрафазатронах, фазатронах. На аснове аўтафазіроўкі спраектаваны цыклічныя паскаральнікі зараджаных часціц на вял. энергіі (100 МэВ і вышэй).

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,

павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1936 у г. Бабруйск для перапрацоўкі адходаў Бабруйскага дрэваапр. камбіната. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944—47. У 1960 пушчаны цэх па вытв-сці вуглекіслаты, у 1967 — па вытв-сці кармавых дражджэй, у 1994 — цэх рэктыфікацыі этылавага спірту. З 1985 выпускае штучны заменнік жэньшэню. Асн. прадукцыя (1995): дрожджы кармавыя, фурфурол, тэхн. этылавы рэктыфікаваны спірт, вуглякіслы газ.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (Рыгор Багданавіч) (4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас. пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),

ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да ​1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс. т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс. т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́Ў,

схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛЬГАСА́Н (сапр. Алекперзадэ Абульгасан Алібаба аглы; 12.3.1906, с. Баскал, Азербайджан — 1986),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1932). Раманы «Свет разбураецца» (1933), «Бастыёны дружбы» (кн. 1—4, 1950—70), «Садагат» (1979) і інш. сюжэтна звязаны з падзеямі рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў. Аўтар сатыр. аповесці «Унукі старой Тамашы» (ч. 1—3, 1957—69), шматлікіх апавяданняў.

Тв.:

Бел. пер. — Унукі старой Тамашы. Мн., 1962.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЖУС ((Avyzius) Йонас) (н. 16.5.1922, в. Медгінай, Літва),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Аўтар кн. нарысаў «Першыя барозны» (1948), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Спадчына» (1949), «Людзі і падзеі» (1954), «Буткус Мсцівец» (1957), «Чалавек застаецца чалавекам» (1960), раманаў «Шкляная гара» (1961), «Вёска на раздарожжы» (1964), «Страчаны прытулак» (1970, Ленінская прэмія 1976), «Колеры хамелеона» (1976), «Дзягімай» (1981). Асн. тэмы — жыццё літ. вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.

Й.Авіжус.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.​В.​Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)