ТРАНСГРЭ́СІЯ мора

(ад лац. transgressio пераход, перамяшчэнне),

наступанне мора на сушу ў выніку яе апускання пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, радзей падняцця ўзроўню акіяна; працэс, процілеглы рэгрэсіі. Складаецца з шэрагу менш працяглых наступанняў і адступанняў мора. Суправаджаецца абразіяй і ўтварэннем перарываў, вуглавых нязгоднасцей у асадканамнажэнні. Разрэз адкладаў пры Т. характарызуецца зменай знізу ўверх мелкаводных фацый больш глыбакаводнымі. Неаднаразова адбываліся ў геал. гісторыі Зямлі, лакальныя Т. назіраюцца і ў сучасны перыяд (напр., у Нідэрландах).

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПАЧЫ́НСКАЯ-АГА́РАК (Tropaczyńska-Ogarkowa) Вераніка (8.1.1908, г. Львоў, Украіна — 10.5.1957),

польская пісьменніца. У 1930-я г. настаўнічала каля Баранавіч, пасля Вял. Айч. вайны працавала ў друку і на радыё Польшчы. Аўтар аўтабіягр. рамана «Лясныя Долы» (1954) пра жыццё і рэв. барацьбу ў зах.бел. вёсцы, гіст. рамана «Салдаты Касцюшкі» (1952—56) і інш. На бел. мову яе раман «Лясныя Долы» пераклаў М.​Лужанін.

Тв.:

Бел. пер. — Лясныя Долы. Мн., 1958.

А.​В.​Мальдэіс.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКТАНАСФЕ́РА, тэктасфера,

вонкавая абалонка цвёрдай Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнюю мантыю (да глыб. каля 400 км) або ахоплівае літасферу і астэнасферу, дзе ў асноўным і адбываюцца тэктанічныя, а таксама магматычныя і метамарфічныя працэсы. Для Т. характэрна верт. і гарыз. неаднароднасць фіз. уласцівасцей і саставу парод, якія складаюць яе. Т. даследуецца геалагічнымі (палявыя назіранні, свідраванне, горныя распрацоўкі), геафіз. (глыбіннае сейсмічнае і магнітатэлурычнае зандзіраванне, сейсмастратыграфія, сейсматамаграфія) і інш. метадамі.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУТРЫВЫТВО́РЧЫЯ РЭЗЕ́РВЫ прадпрыемства,

магчымасці лепшага выкарыстання вытв. рэсурсаў з мэтай павелічэння аб’ёму выпускаемай прадукцыі, паляпшэння яе якасці і росту ўнутрыпрамысл. накапленняў. Для выяўлення У.р. аналізуецца сістэма паказчыкаў, што характарызуюць розныя бакі эфектыўнасці вытв-сці — прыбытак, узровень і дынаміка прадукцыйнасці працы, механізацыі, электрыфікацыі, аўтаматызацыі вытв-сці і інш. Лепшаму выкарыстанню У.р. садзейнічае рэжым эканоміі, ліквідацыя страт рабочага часу, абсталявання, матэрыялаў, скарачэнне выдаткаў на кіраванне і абслугоўванне і інш. Гал. фактар выкарыстання У.р. — навукова-тэхнічны прагрэс.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАІ’РАФІ́ЧНАЯ ЭМУ́ЛЬСІЯ,

назва воднай суспензіі жэлаціны (найб. пашырана) з раўнамерна размеркаванымі мікракрышталямі (зернямі) галагенідаў серабра. Ф.э., нанесеная на аснову (паперу, шкло і інш.), пасля высушвання ўтварае святлоадчувальны слой фатаграфічных матэрыялаў.

З павелічэннем памераў зерняў галагенідаў павялічваюцца святлоадчувальнасць Ф.э. і яе зярністасць. Існуюць фотаматэрыялы з 2 і больш слаямі Ф.э. Неабходныя фіз.-хім. і фатагр. ўласцівасці надаюць увядзеннем дубільных рэчываў (гл. Дубленне), сенсібілізатараў, процівуаліруючых рэчываў (напр., браміду калію), колераўтваральных кампанентаў (гл. Колерафатаграфічныя матэрыялы) і інш.

т. 16, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасці глебы, якія вызначаюць характар яе фіз. стану, узаемадзеяння са знешнімі фіз. фактарамі (паступленне вады, цяпла, мех. ўздзеянне і інш.) і характар трансфармацыі гэтых уздзеянняў у глебе. Падзяляюцца на асн. фіз. (аб’ёмная і ўдзельная вага, шчыльнасць, порыстасць, мех. састаў, структура глебы і інш.), фізіка-мех. (пластычнасць, вязкасць, цвёрдасць, удзельнае супраціўленне і інш.), водныя (вільгацяёмістасць, водапранікальнасць, гіграскапічнасць і інш.), цеплавыя (цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш.), паветраныя, эл., радыеактыўныя. Ф.ў.г. вывучае фізіка глеб.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАСФЕ́РА (ад фота... + сфера),

найбольш глыбокі і самы шчыльны слой атмасферы зорак, з якога выходзіць асн. частка эл.-магн. выпрамянення. Найлепш вывучана Ф. Сонца, якая супадае з яго ўяўнай паверхняй; асн. структурныя элементы — грануляцыя, плямы і факелы; яе працягласць 200—300 км; т-ра 4500—8000 К (памяншаецца з аддаленнем ад паверхні Сонца); спектр неперарыўны з накладзенымі на яго фраўнгоферавымі лініямі.

Літ.:

Грей Д.Ф. Наблюдения и анализ звездных фотосфер: Пер. с англ. М., 1980.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́БНАСЦЬ ВЫМЯРЭ́ННЯ,

характарыстыка выніку вымярэння, якая паказвае адхіленне знойдзенага значэння велічыні ад яе сапраўднага значэння.

Адрозніваюць абсалютную Х.в. (выражаецца ў адзінках велічыні, якая вымяраецца) і адносную, роўную адносінам абсалютнай Х.в. да сапраўднага значэння велічыні (выражаецца ў долях адзінкі, працэнтах і г.д.). Сістэматычныя Х.в. абумоўлены пераважна хібнасцямі сродкаў вымярэнняў, выпадковыя — некантралюемымі зменамі ўмоў вымярэнняў, промахі (грубыя хібнасці, якія істотна адрозніваюцца ад чаканых) — няспраўнасцю сродкаў вымярэнняў. Выпадковыя Х.в. звычайна ацэньваюць метадамі матэм. статыстыкі (гл. Памылак тэорыя).

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЁНАСФЕ́РА (ад грэч. chion снег + сфераў частка трапасферы, у межах якой на паверхні сушы пры спрыяльных умовах рэльефу магчыма зараджэнне і існаванне снежнікаў і ледавікоў. Х. акружае Зямлю суцэльнай абалонкай магутнасцю да 10 км, мае дадатны баланс цвёрдых атм. ападкаў. Верхняя мяжа Х. звычайна размешчана вышэй узроўню самых высокіх гор, ніжняя — на снегавой лініі. Языкі многіх горных ледавікоў спускаюцца за яе межы, асобныя невял. ледавікі ва ўмовах павышанай канцэнтрацыі снегу часам цалкам размешчаны ніжэй Х.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́НДА»,

сям’я матацыклаў і легкавых аўтамабіляў кампаніі «Хонда мотар» і яе філіялаў. Матацыклы рознага прызначэння выпускаюцца з 1948, маюць рухавікі магутнасцю 3—90 кВт, найб. скорасць да 235 км/гадз. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі розных класаў выпускаюцца з 1960, маюць 2-, 4- ці 5-месны (мікрааўтобусы — 6-месныя) кузаў, пераважна хэтчбэк, купэ ці седан, бензінавы рухавік магутнасцю 60—201 кВт, размешчаны пераважна спераду, найб. скорасць да 270 км/гадз.

Пярэднепрывадны аўтамабіль «Хонда» мадэлі «Леджэнд Коўп».

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)