дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст.б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАЧНАСЦЬ,
1) сукупнасць воблакаў над пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.
2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХімя У.І.Леніна
(б. Марыінская водная сістэма),
штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйскім водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙГУ́НСКІ ДАГАВО́Р 1858.
Падпісаны паміж Расіяй і Кітаем 28.5.1858 у г. Айгунь (цяпер г. Хэйхэ, Кітай) у выніку мірных перагавораў. Устанаўліваў мяжу па р. Амур. Да Расіі пераходзіў левы бераг Амура ад р. Аргунь да вусця; правы бераг Амура да р. Усуры заставаўся за Кітаем. Тэр. паміж р. Усуры і Японскім м. абвяшчалася агульным уладаннем Расіі і Кітая. У выніку Расіі вернута тэрыторыя, якая паводле Нерчынскага дагавора 1689 адыходзіла да Цынскай імперыі. Плаванне па рэках Амур, Сунгары і Усуры дазвалялася толькі рас. і кіт. суднам. Канчаткова мяжа паміж Расіяй і Кітаем зацверджана Пекінскім дагаворам 1860.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБу Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя камсамольскія органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Пінскі (з 1941), Віцебскі, Магілёўскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Мінскі, Палескі (з 1943). Накіроўвалі дзейнасць падп. 6 міжрайкомаў, 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркомаў, Лідскага гаркома-райкома, 189 райкомаў ЛКСМБ, якія аб’ядноўвалі больш за 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс.падп. камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфаш. арг-цый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. камсамольцаў-падпольшчыкаў. Некат. абкомы мелі друкаваныя органы (гл. ў арт.Друк падпольны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,
спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.—ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦККП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач.ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.А.Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.Ф.Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл.Гомельскі павет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр.б. базыльянскага манастыра ў в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.