АНДРЭО́ЦІ ((Andreotti) Джуліо) (н. 14.1.1919, Рым),

італьянскі дзярж., паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст. Доктар права. Уключыўся ў паліт. дзейнасць з 1942. У 1943—44 у антыфаш. апазіцыі. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар цэнтр. органа хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) газ. «Il Popolo» («Народ»). З 1944 чл. Нац. савета ХДП, адзін з яе кіраўнікоў. З 1948 дэпутат парламента, кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДП (1968—72), займаў міністэрскія пасады. У 1972—73, 1976—79, 1989—92 старшыня Савета Міністраў. Абвінавачаны ў карупцыі ў 1993, адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар паліт. памфлетаў, прац па навейшай гісторыі Італіі і інш.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАНА́СЕНКА (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 23.11.1911, Кіеў),

украінскі і бел. балетмайстар. Засл. арт. Украіны (1951), засл. дз. маст. Беларусі (1961). Вучыўся ў балетных студыях у Кіеве. У 1928—59 і з 1971 працаваў на Украіне (саліст балета, балетмайстар). У 1959—71 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. На аснове перапрацоўкі нац. харэаграфічных традыцый стварыў сцэнічныя варыянты бел. танцаў «Лянок», «Бычкі», «Лявоніха», «Мяцеліца». Найб. значныя пастаноўкі: аднаактовы харэаграфічны спектакль «Беларуская партызанская», «Беларуская сюіта», «Беларуская рапсодыя», «Маладзёжная сюіта» і інш.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969. С. 86—94.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКІШВІ́ЛІ (Аракчыеў) Дзмітрый Ігнатавіч

(23.2.1873, Уладзікаўказ — 13.8.1953),

грузінскі кампазітар, музыказнавец. Нар. арт. Грузіі (1929). Акад. АН Грузіі (1950). Скончыў Маскоўскае муз.-драм. вучылішча (1901), археал. ін-т (1917). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі ў Маскве (1906). Праф. і дырэктар Тбіліскай кансерваторыі (з 1921). Адзін з заснавальнікаў груз. нац. муз. школы і фалькларыстыкі, стваральнік жанру груз. класічнага раманса. Сярод твораў: адна з першых груз. опер «Паданне пра Шата Руставелі» (1919), 3 сімфоніі, хары і інш. Сабраў і апублікаваў больш за 500 груз. нар. песень і інстр. мелодый. Аўтар прац аб груз. музыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.​Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЗО́Ў (Валерый Піліпавіч) (н. 20.10.1949, г. Самбар Львоўскай вобл.),

украінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. Культуры (1971). Алімп. чэмпіён (1972, Мюнхен) у бегу на 100 м і 200 м, сярэбраны прызёр Алімп. гульняў 1972 у эстафеце 4 × 100 м, бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1976 у бегу на 100 м і эстафеце 4 × 100 м. Неаднаразовы чэмпіён Еўропы і СССР у 1969—77. Рэкардсмен Еўропы і СССР у 1970—75. У 1986—91 нам., старшыня Дзяржкамспорту Украіны. З 1991 міністр па справах моладзі і фіз. культуры; прэзідэнт Нац. Алімп. к-та Украіны.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел. культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел. паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел. Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.​Суніцы (Р.​Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ВІН ((Bevin) Эрнест) (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),

палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.​Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.​Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),

род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.

Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.

Бегемот.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),

палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).

М.Бегін.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)