ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч

(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛІЗА́ЦЫЯ,

ператварэнне элемента мовы (марфемы, словаформы) ці спалучэння слоў (словазлучэння) у асобную лексічную адзінку. Прыватнымі выпадкамі Л. з’яўляюцца: ператварэнне службовай марфемы (афікса) у слова: «акмеісты, футурысты і іншыя істы»; ператварэнне назоўнікаў у творным склоне ў прыслоўе («зайцам» — «ехаць зайцам»); ператварэнне словазлучэння ў слова: «мабыць» (з «мае быць»); фразеалагізацыя, узнікненне ідыяматычнага словазлучэння з свабоднага: «дагары нагамі», «шыварат навыварат» і інш. Пад Л. разумеюць таксама семантычнае адасабленне адной з форм слова ці часткі форм, напр., форм мн. л. назоўнікаў: «вада» — «воды» (водныя прасторы).

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),

старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э. пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э. рым. правінцыя.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах. ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс. г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СЕНКА (Міхаіл Рыгоравіч) (29.10. 1906, с. Шпілёўка Сумскай вобл., Украіна — 8.5.1972),

украінскі скульптар. Нар. маст. СССР (1963). Акад. АМ СССР (1970). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1931). З 1944 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Сярод твораў помнікі М.​Шчорсу ў Кіеве (1954), У.​Леніну ў Запарожжы, Т.​Шаўчэнку ў Роўне (абодва 1964) і Парыжы (1973; усе ў сааўт.), партрэты акцёра І.​Мар’яненкі (1962), П.​Вяршыгары (1971), скульптурныя групы: для сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1938, з Л.​Муравіным), «Узгорак Славы» ў Львове (1947), «Алека Дундзіч» (1949), «Пад ярмом акупантаў» (1959).

М.Лысенка. Партрэт народнага артыста СССР І.​Мар’яненкі. 1962.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Дзмітрый Кузьміч) (31.3. 1912, в. Казіміраўка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.1.1981),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі фін.-эканам. тэхнікум (1932), Маскоўскае пях. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Зах. і 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад камандаваннем палк. М. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на ПдУ ад Віцебска ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. Удзельнік вызвалення Вільнюса, Каўнаса, штурму Кёнігсберга, Пілаў, вайны з Японіяй. Да 1956 у Сав. Арміі.

Дз.К.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЕ́О ((Maceo) Антоніо) (14.6.1845, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 17.12.1896),

дзеяч нац.-вызв. руху на Кубе супраць ісп. панавання, нац. герой Кубы. Удзельнік вайны 1868—78 за незалежнасць Кубы, камандзір паўстанцкай дывізіі (з 1874), ген.-маёр Вызв. арміі (1878). У 1878—95 у эміграцыі. У пачатку нац.-вызв. паўстання 1895—98 М. з групай патрыётаў высадзіўся на Кубе. Напачатку ўзначаліў паўстанцкія сілы прав. Ар’ентэ, потым — нам. камандуючага Вызв. арміяй. У кастр. 1895 — студз. 1896 войскі Вызв. арміі пад яго камандаваннем прайшлі з баямі ўсю Кубу, атрымалі шэраг перамог над ісп. войскамі і вызвалілі ад іх зах. раёны краіны. Загінуў у баі каля г. Сан-Педра.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮ́ЦІН (Уладзімір Аляксеевіч) (16.12.1826, Пецярбург — 17.8.1855),

расійскі эканаміст, публіцыст. Брат Дз.А.Мілюціна і М.А.Мілюціна. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847), з 1850 ад’юнкт-праф., з 1853 праф. гэтага ун-та. Удзельнік рэв. гуртка петрашэўцаў. Сац. погляды М. сфарміраваліся пад уплывам ідэй А.І.Герцэна і В.Р.Бялінскага. Друкаваў у часопісах «Современник» і «Отечественные записки» артыкулы па эканоміцы, якія прысвячаў крытыцы капіталізму і вульгарнай паліт. эканоміі. М. — аўтар першых у Расіі прац, дзе крытыкуецца тэорыя Т.​Р.​Мальтуса (гл. Мальтузіянства) і аналізуецца гісторыя эканам. думкі. Будучае бяскласавае, гарманічнае грамадства бачыў у аб’яднанні дзяржаўнай дробнай уласнай маёмасці вытворцаў; выступаў за сацыялізм з пункту гледжання інтарэсаў сялян.

Тв.:

Избр. произв. М., 1946.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)