ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.

У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.

А.​М.​Макарэвіч.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРХЛІ́ЦКІ (Vrchlický) Яраслаў [сапр. Фрыда

(Frída) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),

«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Я.​Гус, Я.​Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.​Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.​Таса, Л.​Арыёста, Дж.​Байрана, Ф.​Шылера, І.​В.​Гётэ, А.​Міцкевіча і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОТ (Мікалай Якаўлевіч) (30.4.1852, Хельсінкі — 4.6.1899),

расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).

Тв.:

Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;

К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;

О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;

Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;

Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАШКЕ́ВІЧ ((Iwaszkiewicz) Яраслаў) (20.2.1894, в. Кальнік Вінніцкай вобл., Украіна — 2.3.1980),

польскі пісьменнік. У 1912—18 вучыўся ў Кіеўскім ун-це і ў кансерваторыі. З 1918 у Варшаве. У 1932—36 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1915. Ранняй лірыцы ўласцівы эстэтызм, зварот да адвечных пытанняў (зб-кі «Васьмірадкоўі», 1919, «Дыянісіі», 1922, «Лета 1932», 1933). У аповесцях і раманах «Зенобія Пальмура» (1920), «Узыходзіць месяц» (1925), «Змова мужчын» (1930), «Блендамерскія страсці» (1938) філас.-эстэтычная праблематыка. Раман «Чырвоныя шчыты» (1934) пра мінулае Польшчы. Аўтар апавядання «Паненкі з Вілька» (1933, экранізацыя А.​Вайды, 1979), п’ес «Лета ў Наане» (1936—37), «Маскарад» (1939) і інш. У пасляваен. паэт. зб-ках «Алімпійскія оды» (1948), «Каса восені і іншыя вершы» (1954), «Заўтра жніво» (1963), «Выбраныя вершы» (1968), «Карта надвор’я» (1977), «Музыка ўвечары» (1980) грамадз. пафас, філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Аўтар кніг прозы «Італьянскія навелы» (1947), «Кнігі маіх успамінаў» (1957). У рамане-эпапеі «Хвала і слава» (т. 1—3, 1956—62) панарама жыцця польск. інтэлігенцыі ў 1914—45. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1954 і 1970. На бел. мову вершы І. перакладалі А.​Вялюгін, М.​Машара, Я.​Семяжон, прозу — Я.​Брыль, П.​Стафановіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад Буга да Одры. Мн., 1969;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—8. М., 1976—80.

Літ.:

O twórczosci Jarosława Iwaszkiewicza. Kraków;

Wrocław, 1983.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Я.Івашкевіч.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),

мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал. эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.

Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац. яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ікебана.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКС ЦЭН,

абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).

Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЕРЭ́,

расійскія мастакі; бацька і сын.

Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.​Талстога, М.​Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.

Літ.:

Подобедова О.И. Е.​Е.​Лансере. М., 1961.

Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.

Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. Савет БССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССРг. Мінск. Пасля Вял. Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІСЫ ЎЗРО́СТАВЫЯ,

асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д. Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.​Фрэйд, Э.​Эрыксон, Л.​Выгоцкі, Л.​Бажовіч, Д.​Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.​Рубінштэйн, А.​Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.

Літ.:

Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;

Обухова Л Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;

Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;

Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),

украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад. АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр. навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ. 1972—74.

Літ.:

Гурницкий К.И. А.​Е.​Крымский. М., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)