ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавыАлаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎу Маскве.
Склаўся на базе 5 асн.гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас.дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У А́ЎСТРЫІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Фактычна ч.рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, але мела сваю спецыфіку, якая была абумоўлена шматнац. складам насельніцтва Аўстр. імперыі. Пад уплывам паўстання 22.2.1848 у Парыжы (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі) 13 сак. пачалося паўстанне ў Вене. Пад яго націскам аўстр, канцлер К.В.Метэрніх падаў у адстаўку, а імператар Фердынанд І абяцаў увесці канстытуцыю. 17 сак. створаны ўрад, адказны перад будучым парламентам; 25 крас. выдадзена канстытуцыя, якая абвяшчала дэмакр. свабоды і прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента пры захаванні за імператарам выканаўчай улады, у т. л. права абсалютнага вета на рашэнні парламента; 11 мая прыняты выбарчы закон, які ўстанавіў высокі маёмасны цэнз. Гэтыя законы выклікалі незадаволенасць у грамадстве і прывялі да паўстання 15—16 мая ў Вене. Імператар быў вымушаны пакінуць сталіцу. У выніку новых выступленняў 26 мая ўлада ў Вене перайшла да К-та грамадскай бяспекі на чале з радыкальным дзеячам А.Фішгафам. Гэта прымусіла аўстр. ўрад выдаць новы выбарчы закон, які скасаваў маёмасны цэнз. Яшчэ раней быў прыняты закон пра стварэнне аднапалатнага Заканад. сходу (рэйхстага). Адначасова актывізаваўся рух славянскіх народаў імперыі. 2 чэрв. ў Празе пад старшынствам Ф.Полацкага адкрыўся Славянскі з’езд. Яго ўдзельнікі стаялі за пераўтварэнне Аўстр. імперыі ў канстытуцыйную федэратыўную манархію, на пазіцыях аўстраславізму і супраць уключэння Чэхіі ў агульнагерм. дзяржаву. Прага была ахоплена масавымі нар. выступленнямі, якія да 17 чэрв. былі задушаны аўстр. войскамі. У гэтых абставінах адбыліся выбары ў рэйхстаг, і 22 чэрв. ён пачаў сваю працу, прыняў закон пра скасаванне феад. павіннасцей сялян на аснове іх выкупу пры дапамозе дзяржавы. У пач.кастр. імператар вырашыў накіраваць войска венскага гарнізона на задушэнне венгерскай рэвалюцыі. Гэта выклікала паўстанне жыхароў сталіцы, што прымусіла імператара зноў пакінуць Вену. На задушэнне паўстання накіраваны войскі на чале з фельдмаршалам А.Віндзішгрэцам. 30 кастр. яны разбілі венг. войскі, якія ішлі на дапамогу Вене, а 1 ліст. ўзялі аўстр. сталіцу штурмам. Пасля паражэння Кастр. паўстання створаны новы ўрад на чале з князем Ф.Шварцэнбергам. Ён прымусіў Фердынанда І адрачыся ад прастола на карысць свайго пляменніка Франца Іосіфа І, які ў сак. 1849 абвясціў увядзенне канстытуцыі; рэйхстаг быў разагнаны.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970;
Освободительны движения народов Австрийской империи: Возникновение и развитие. Конец XVIII—1849 г.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Леў Іванавіч) (4.4.1557, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1633),
бел. дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З магнацкага роду Сапегаў. Пісар вялікі ВКЛ у 1581—85, падканцлер у 1585—89, канцлер у 1589—1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570—73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. У 1579—81 прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—83. Разам з канцлерам А.Б.Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У 1584 падпісаў у Маскве пагадненне аб перамір’і. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапанаваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. На царк. саборы ў Брэсце ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Паводле яго загаду ў 1594—1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600—01 узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай. У 1609, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. У 1617—18 садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 С. ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства. У 1625 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале дывізіі ў Інфлянтах. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і займаць ёй дзярж. пасады ў ВКЛ.
Літ.:
Саверчанка І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.
Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.
На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн.руб.Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.
Літ.:
Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;
Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́П’Е (Скопје),
Скопле (Skoplje), горад, сталіца Македоніі. Знаходзіцца на Пн краіны, на р. Вардар. Каля 500 тыс.ж., з прыгарадамі каля 650 тыс.ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр Македоніі. У С. сканцэнтравана каля 50% прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: тытунёвая, піваварная, садавіна-агароднінакансервавая, мукамольная, мясная, мылаварная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная; новыя галіны: металургія, вытв-сць алюмініевых вырабаў, с.-г. машын, шкляная, цэм., мэблевая. Саматужнае дыванаткацтва. Македонская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. У 1963 горад моцна пацярпеў ад землетрасення.
У старажытнасці каля сучаснага С. знаходзіўся гал. горад ілірыйскага племя дарданаў Скупі, заваяваны ў канцы 1 ст. да н.э. рымлянамі. З канца 3 ст.н.э. Скупі — цэнтр рым. правінцыі Дарданія. У 518 ён разбураны землетрасеннем. У 6 ст. каля руін Скупі пабудаваны С. У канцы 7 ст. заселены славянамі. У 9—10 ст. у складзе Першага Балгарскага царства, з 1282 — сербскай дзяржавы. У 13—14 ст. буйны гандл.цэнтр. Пры Стэфане Душане (у 1331—55) С. — сталіца сербска-грэч. царства. У 1392—1912 пад уладай туркаў. З 1913 у складзе Сербіі, з 1918 Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, цэнтр. антыфаш. барацьбы. У 1946—91 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі Македонія ў складзе СФРЮ.
Горад спалучаў сучасную забудову з сярэдневяковай. Да землетрасення, у выніку якога зруйнавана да 80% будынкаў, у ім захоўваліся рэшткі цыклапічных абарончых сцен і акведук (6 ст.), мячэці (Султана Мурата, 1436; 1схак-бега, 1438; Іса-бега, 1475; Мустафа-пашы, 1492; Ях’я-пашы, 1504), лазня (1489—97), 8-арачны каменны мост (15 ст.), заезныя дамы (15—19 ст.), крыты базар «безістэн» (1689), гадзіннікавая вежа (1566—72), царква св. Спаса (канец 17 — пач. 18 ст.) і інш. помнікі архітэктуры. Рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы вядуцца пераважна на аснове праекта яп.арх. К. Тангэ і макед. архітэктараў. У цэнтры горада пабудаваны Акадэмія навук і мастацтваў, Макед.нар.т-р, гіст. архіў і інш. Каля С. — руіны ілірыйскага і рым.г. Скупі (рэшткі т-ра, тэрм, базілікі, некропаля), царква св. Панцеляймона ў Неразі (1164, фрэскі). Музеі: этнагр., археал., маст. галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Савецкі Саюз, шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на П з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац.дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав.дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац.дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.: Образование СССР: Сб. док. М., 1972; Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.