РАБОТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
стан тэхн. вырабу (збудавання, канструкцыі, машыны), пры якім у дадзены момант часу яго асн. параметры, што характарызуюць здольнасць вырабу выконваць зададзеныя функцыі, знаходзяцца ў межах, устаноўленых патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. З работаздольнага стану выраб можа перайсці ў неработаздольны ў выніку адказу, аварыі і інш. Адказ вырабу адбываецца ў выніку выхаду са строю яго кампанентаў, разладжвання, разрэгулявання, разбурэння канструкцыі або змены яе структуры, уздзеяння перашкод і г.д. Здольнасць чалавека выконваць работу (працаваць) наз. працаздольнасцю.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ СУ́МЕСЬ, гаручая сумесь,
сумесь гаручага газу ці пары паліва з паветрам у суадносінах, якія забяспечваюць згаранне яе ў рабочых цыліндрах рухавіка ўнутранага згарання. Адносіны масы паветра, якая паступіла ў цыліндр, да масы паветра, тэарэт. неабходнай для поўнага згарання паліва, наз. каэфіцыентам лішку паветра. Пры значэнні гэтага каэфіцыента, роўным 1,1, паліва згарае найб. эфектыўна. Меншыя значэнні каэфіцыента (багатая сумесь) выкарыстоўваюцца на фарсіраваных рэжымах работы рухавіка, большыя значэнні (збедненая сумесь) — на эканамічных рэжымах работы.
т. 13, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХЛЕ́НКА Валянціна Леанідаўна (н. 4.3.1931, г. Гомель),
бел. піяністка. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Дачка Л.Р.Рахленкі і Л.І.Ржэцкай. Скончыла Бел. кансерваторыю (1954, кл. Р.Шаршэўскага), БДУ (1955). З 1958 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1989 праф.). Яе майстэрства найб. выявілася ў выкананні твораў В.А.Моцарта, Ф.Шапэна, Р.Шумана, С.Пракоф’ева. Адна са стваральніц фартэпіяннай школы Беларусі. Сярод вучняў Дз.Марозаў, І.Юркоўская, А.Пятроў.
Л.А.Шымановіч.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АФГА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1884—85.
Узнік у выніку далучэння да Рас. імперыі туркм. зямель і яе набліжэння да тэр. Афганістана, які прэтэндаваў на важны ў стратэгічных адносінах аазіс Пендэ. Летам 1884 афганскі ўзбр. атрад заняў спрэчны раён. 18.3.1885 рус. войскі на чале з ген. А.В.Камаровым перамаглі афганцаў у бітве пры Ташкепры і прымусілі іх пакінуць тэр. Пендэ, дзе неўзабаве была пабудавана крэпасць Кушка. Рус.-афганскае пагадненне 1885 зафіксавала далучэнне гэтай тэр. да Расіі.
т. 13, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКЛА́МА, ІНФАРМА́ЦЫЯ, ДА́ЙДЖЭСТ, РІД,
бел. недзяржаўная інфармацыйная служба ў 1992—97 у Мінску. Асн. кірункі: збор і апрацоўка навін паліт., эканам., культ. і інш. характару, распаўсюджванне іх у сродках масавай інфармацыі, прыватным асобам на тэр. Беларусі і за яе межамі, узаемаабмен з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Праводзіла таксама сацыялагічныя даследаванні, аказвала кансультацыйныя, рэкламныя і пасрэдніцкія паслугі, рыхтавала і размяшчала дайджэсты рэсп. і замежных перыяд. выданняў, праводзіла выстаўкі, кірмашы, ярмаркі,* стварала рэкламную прадукцыю.
А.М.Міхальчанка.
т. 13, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́РЫШ (Soares) Марыу (н. 7.12.1934, Лісабон),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг. Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). Пасля Партуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.
т. 14, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІНА Тамара Цімафееўна (н. 1.1.1927, в. Улукаўе Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1979). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1950). З 1957 у Мінскім мед. ун-це (у 1973—89 заг. кафедры). Навук. працы па клініка-генет. параметрах шызафрэніі, палігеннай спадчыннай схільнасці да яе, расстройстве псіхікі ў жанчын у перыяд цяжарнасці.
Тв.:
Скрытая депрессия в практике врачей. Мн., 1981 (разам з У.Ф.Дзесятнікавым).
т. 14, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁНЫ (Szönyi) Іштван (17.1.1894, г. Уйпешт, Венгрыя —30.8.1960),
венгерскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Будапешцкай АМ (1914—22, з 1938 яе праф.) і ў Надзьбанье (Румынія). Творча пераасэнсоўваў прыёмы імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. Аўтар тонкіх па жывапісе і светлавых эфектах лір. пейзажаў і жанравых карцін: «На вяршыні гары» (1925), «Вечар у Забегене» (1928), «Баржы» (1937), «Капанне бульбы» (1949), «Перавозчык» (1951). Працаваў і ў галіне манум. мастацтва (размалёўка будынка пошты ў Будапешце, 1956). Прэмія імя Кошута 1949.
т. 14, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ХАС ЭРЭ́РА (Torrijos Herrera) Амар (13.2.1929, г. Сант’яга, Панама — 1.8.1981),
ваенны і дзярж. дзеяч Панамы. Брыгадны ген. (1969). Служыў у Нац. гвардыі Панамы, з 1968 яе камандзір. У кастр. 1968 узначаліў ваен. пераварот і стаў фактычным кіраўніком Панамы. У 1972—79 кіраўнік панамскага ўрада і Вярх. лідэр панамскай рэвалюцыі. Дамогся ў 1977 ад адміністрацыі ЗША падпісання дагавора аб Панамскім канале, паводле якога канал паступова пераходзіў пад юрысдыкцыю Панамы. Загінуў у авіяц. катастрофе.
т. 15, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)