вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
велічыня, якая характарызуе здольнасць дыэлектрыка палярызавацца ў знешнім эл. полі. Уваходзіць у Кулона закон як велічыня, што паказвае, у колькі разоў змяншаецца сіла ўзаемадзеяння эл. зарадаў пры пераносе іх з вакууму ў дыэлектрык пры нязменнай адлегласці паміж імі. Для ізатропных дыэлектрыкаў Д.п. ε вызначаецца адным лікам (ε—скаляр), для анізатропных — сукупнасцю лікаў (ε—тэнзар). Нараўне з Д.п. ўласцівасці дыэлектрыкаў апісваюць дыэлектрычнай успрыімлівасцю x, якая звязана з ёй суадносінамі: ε = x + 1.
Д.п. — адна з асн. характарыстык дыэлектрыка, вызначаецца механізмам яго палярызацыі і залежыць ад палярызаванасці часціц (атамаў, малекул, іонаў), што ўваходзяць у яго склад. У непалярных дыэлектрыках Д.п. слаба залежыць ад т-ры; у палярных — залежнасць істотная, асабліва для сегнетаэлектрыкаў. Найб. пашыраныя метады вымярэння Д.п. заснаваны на вымярэнні ёмістасці кандэнсатара, запоўненага даследаваным дыэлектрыкам. Для газаў Д.п. роўна 1,0001—1,006, для вадкасцей — 1,8—81, для сегнетаэлектрыкаў — да 50000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у г. Заблудаў (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча) у 17—19 ст. Некат. гісторыкі лічаць, што манастыр існаваў ужо ў 1560—70-я г. ў час дзейнасці ў Заблудаве друкароў І.Фёдарава і П.Мсціслаўца (Свята-Успенская царква ў Заблудаве засн. ў 1563). Упершыню ўпамінаецца ў фундушавым запісе 1659 уладальніцы Заблудава кн. Марыі Малдаванскай, удавы Я.Радзівіла. З запісу вынікае, што манастыр засн.да смерці Радзівіла (1655). У 1664—88 манастыром спрабавалі завалодаць уніяты, але намаганнямі дачкі і ўнучкі Марыі ён застаўся праваслаўным. У 2-й пал. 17 ст. пры манастыры дзейнічалі школа, шпіталь, б-ка. У 1746—55 тут захоўваліся мошчы св. Гаўрыіла Беластоцкага. У сярэдзіне 18 ст. манастыр заняпаў (у 1760 былі 4 манахі). Пасля наведання манастыра слуцкім архімандрытам Паўлам Ваўчанскім (1783) зроблены капітальны рамонт, аднавілі дзейнасць школа і шпіталь. З 1807 манастыр быў падпарадкаваны Мінскай епархіі, у 1824 скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,
структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОЎТС (Oates) Джойс Кэрал (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканская пісьменніца. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст.сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт.псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАХ,
1) у псіхалогіі — адмоўная эмоцыя, што ўзнікае ў выніку рэальнай або ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобе, яе каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і інш.). Сфарміраваныя рэакцыі С. з’яўляюцца адносна стойкімі і здольныя захавацца нават пры разуменні іх бессэнсоўнасці. Таму выхаванне ўстойлівасці да С. звычайна накіравана не на пазбаўленне ад яго, а на выпрацоўку ўменняў валодаць сабой пры наяўнасці С. Неафрэйдызм разглядае С. як гал. крыніцу неўрозу.
2) Адно з асн. паняццяў экзістэнцыялізму. Уведзена С.К’еркегорам, які вылучаў звычайны «эмпірычны» С.-боязь, выкліканы канкрэтным прадметам ці абставінамі, і нявызначаны, неўсвядомлены С.-тугу — метафізічны С., які невядомы жывёлам, прадметам якога з’яўляецца нішто; ён абумоўлены тым, што чалавек смяротны і ведае пра гэта. У М.Хайдэгера С. адкрывае перад «экзістэнцыяй» яе апошнюю магчымасць — смерць. Метафізічны, экзістэнцыяльны С. Ж.П.Сартр тлумачыць як С. перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),
прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб.Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю даінш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЗДАБЫ́ЧА,
працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіны за кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).
Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл.Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім. метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн.ч. вады і солей выдаляюць з нафты.
На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.
Літ.:
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Технология и техника добычи нефти. М., 1986.
В.А.Вядзернікаў.
Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.Даарт.Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНА АКТЫ́ЎНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
частка насельніцтва, занятая грамадскай карыснай дзейнасцю, што прыносіць даход. Да Э.а.н. адносяць таксама занятых ва ўласнай падсобнай гаспадарцы і беспрацоўных, зарэгістраваных у органах дзярж. службы занятасці. У статыстыцы розных краін крытэрыі Э.а.н. адрозніваюцца гал. чынам у частцы аднясення да яго членаў сям’і, якія працуюць у сельскай гаспадарцы або ў рамёствах, але эканамічна несамастойныя. Часам да Э.а.н. адносяць асоб, якія маюць непрацоўныя даходы, т.зв. самадзейнае насельніцтва, у т. л. непрац. элементы, пенсіянеры і інш. Доля Э.а.н. залежыць ад удзельнай вагі ў структуры ўсяго насельніцтва працаздольных узростаў (дэмаграфічны фактар) і ад ступені іх занятасці (арганізацыйна-эканам. фактар). У розных краінах яна вагаецца, напр., у Егіпце 30%, Турцыі 37%, Ізраілі 38%, Італіі 40%, Мексіцы 41%, Іспаніі 42%, Аўстраліі 50%, ЗША 51%, Канадзе 52%, Японіі 54%, Кітаі 57%. У краінах СНД найменшая доля Э.а.н. ў Таджыкістане (29%), Узбекістане (37%) і Арменіі (39%); найб. — на Украіне (49%) і ў Расіі (48%).
На Беларусі паводле перапісу 1999 Э.а.н. ва ўзросце ад 15 гадоў і старэй складала 4743 тыс.чал., або 47,2% ад агульнай колькасці насельніцтва. У гар. паселішчах пражывала 3558 тыс.чал. Э.а.н., што складала 75% ад Э.а.н. рэспублікі і 63,8% ад гар. насельніцтва. Сярод сельскага насельніцтва дадзеная катэгорыя складала 47,3%. Найб. доля Э.а.н. ў Мінску (64,9%) і Мінскай вобл. (58,7%); у Брэсцкай і Гродзенскай абл. — па 57,6%, Гомельскай і Магілёўскай — па 57,3%, у Віцебскай — 55,7%. Больш як пал. (51,4%) Э.а.н. складаюць мужчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКЛА́ГА, баклага,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.