ПА́РЫ (Parry) Уільям Эдуард (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),

англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′ паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́ЛАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

стан глебы, які характарызуе яе гатоўнасць да апрацоўкі (фіз. спеласць) ці да пасеву і пасадкі (біял. спеласць). Фізічная С.г. настае пры дасягненні аптым. ўвільгатнення (у час мех. апрацоўкі яна распадаецца на часцінкі 1—10 мм), вызначаецца візуальна. Глеба добра крышыцца, лёгка апрацоўваецца, у ёй ствараюцца аптым. суадносіны паміж цвёрдай часткай, вадой і паветрам. Біялагічная спеласць настае ў добра апрацаванай, увільготненай і прагрэтай глебе; у ёй інтэнсіўна праходзяць мікрабіял. працэсы мабілізацыі пажыўных рэчываў, як вынік выдзяляецца шмат вуглякіслага газу.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ФАН БЛУА́СКІ (Stephen of Blois; каля 1097, г. Блуа, Францыя — 25.10.1154),

кароль Англіі [1135—54]. Сын графа Блуа, пляменнік англ. караля Генрыха I [1100—35]. Пасля смерці апошняга часткай англ. феадалаў быў прызнаны каралём. З 1139 вёў з пераменным поспехам барацьбу за ўладу з дачкой Генрыха I Мацільдай, якая таксама прэтэндавала на прастол. У краіне ў гэты час панавала феад. анархія. У 1153 С.Б. ў абмен на адмову Мацільды ад далейшай барацьбы прызнаў сваім наследнікам яе сына Генрыха (кароль Генрых II у 1154—89; заснавальнік дынастыі Плантагенетаў).

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМА́ШКА Сцяпан Пятровіч (27.7.1898, в. Барылы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 23.9.1965),

бел. пісьменнік. Брат М.Сямашкі. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1932). У 1921—26 на парт. рабоце ў Полацку, у 1926—29 рэдактар газ. «Чырвоная Полаччына», з 1930 супрацоўнік час. «Шляхі калектывізацыі», газет «Калгаснік Беларусі», «Звязда». У 1945—46 адказны сакратар Камісіі па гісторыі Вял. Айч. вайны. Друкаваўся з 1926. Аўтар вершаў, апавяданняў, аповесці «Пад панскай пятой» (не скончана). Кн. апавяд. «Пералом» (1932) прысвечана калектывізацыі.

І.​Э.​Багдановіч.

М.Сямашка.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УНІВЕРСІТЭ́ЦКАЕ»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва Беларусі ў 1954—2002. Засн. ў Мінску як выд-ва БДУ, у 1961 рэарганізавана ў выд-ва «Вышэйшая школа», з 1967 самаст. выд-ва, з 1983 наз. «У.». Выдавала падручнікі і навуч. дапаможнікі для ВНУ, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. навуч. устаноў, манаграфіі, вучэбна-метадычную і навук.-папулярную л-ру, даведнікі, навук. час. «Веснік БДУ», тэматычныя зборнікі, у т. л. «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Пытанні гісторыі» і інш. Далучана да выд-ва «Вышэйшая школа».

А.​П.​Нячай.

т. 16, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАІ́, фідай, фідаіны,

фідаюн (араб. — тыя, хто ахвяруе сабой),

першапачаткова назва ісмаілітаў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля выканання загадаў сваіх рэліг. кіраўнікоў. У 20 ст. Ф. сталі называць удзельнікаў узбр. вызв. барацьбы ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, часта сінонім слова «партызаны» (абаронцаў Тэбрыза ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, удзельнікаў узбр. барацьбы арм. народа супраць тур. дэспатызму, удзельнікаў супраціўлення англічанам у зоне Суэцкага канала, членаў антышахскіх арг-цый у Іране ў 1960—70-я г., найб. часта — членаў узбр. атрадаў Палесцінскага супраціўлення).

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМА́ ПРЫ́НЦЫП,

асноўнае палажэнне геаметрычнай оптыкі, паводле якога святло распаўсюджваецца ад аднаго пункта да другога ўздоўж лініі, калі час распаўсюджвання будзе экстрэмальны (найменшы ці найбольшы) у параўнанні з часам распаўсюджвання ўздоўж інш. магчымых ліній, якія злучаюць дадзеныя пункты. Устанавіў П.Ферма. З Ф.п. вынікаюць законы прамалінейнасці распаўсюджвання святла (у аднародным асяроддзі), люстранага адбіцця святла і пераламлення святла. У хвалевай оптыцы Ф.п. — лімітны выпадак Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу пры ўмове, што можна не ўлічваць дыфракцыю святла, а светлавыя прамяні разглядаць як нармалі да хвалевых паверхняў.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗІ́ВА (франц. censive ад позналац. censiva),

сялянскае спадчыннае зямельнае трыманне ў Францыі ў 12—18 ст. Пашырылася з 12—13 ст. у сувязі з вызваленнем сялян ад асабістай залежнасці. Цэнзітарый (трымальнік Ц.) штогод выплачваў сеньёру цэнз — грашовую, радзей натуральную рэнту. Ён мог здаць Ц. ў арэнду, прадаць, залажыць, перадаць у спадчыну пры ўмове выплаты асобай пошліны. Як правіла, умовы трымання і памер цэнзу захоўваліся нязменнымі з пакалення ў пакаленне. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 Ц. скасавана дэкрэтам Канвента 17.7.1793.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ш,

дваццаць сёмая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ш («ша»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «ш» («нашъ», «чаша»). У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны глухі фрыкатыўны пярэднеязычны зацвярдзелы гук «ш» («шапка», «шаша»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́РЦЭНБЕРГ (Schwarzenberg) Карл Філіп (15.4.1771, Вена — 15.10.1820),

аўстрыйскі военачальнік. Князь. Фельдмаршал (1813). У час аўстра-тур. вайны 1788—90 афіцэр. З 1805 віцэ-прэзідэнт гофкрыгсрата (прыдворнага ваен. савета). З 1808 пасол у Расіі, Францыі. У вайну 1812 камандаваў корпусам на Валыні ў арміі Напалеона I. Пасля далучэння Аўстрыі да антыфранц. кааліцыі (гл. Напалеонаўскія войны) галоўнакамандуючы кааліцыйных сіл (1813—14), якія ўступілі на тэр. Францыі. Разам з арміяй Г.Л.Блюхера разбіў франц. войскі пры Ла-Рацьер; 31.3.1814 заняў Парыж. З 1815 прэзідэнт гофкрыгсрата Аўстрыі.

т. 17, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)