АБЫВА́ЦЕЛІ,
1) назва паўнапраўных грамадзян у прававых актах 16 ст. ў ВКЛ і Польшчы. У 17—18 ст. абывацелямі называлі шляхціцаў Рэчы Паспалітай, у 19 — пач. 20 ст. — памешчыкаў на тэр. Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.
2) У Рас. імперыі афіц. назва саслоўя гараджан, а таксама назва сталых жыхароў якой-н. мясцовасці.
3) Людзі, якія жывуць дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯЛІ́НІЯ,
авіятраса, паветраная лінія, зацверджаны маршрут рэгулярных палётаў пасаж. і грузавых самалётаў, верталётаў паміж вызначанымі пунктамі з адпаведнай яму прасторай над паверхняй зямлі (паветр. калідорам), у межах якой ажыццяўляецца палёт. Адрозніваюць авіялініі міжнародныя і ўнутраныя, у т. л. магістральныя і мясцовыя. Авіялініі забяспечваюцца аэрадромамі, наземнымі радыёнавігацыйнымі пунктамі, сродкамі кантролю і кіравання паветр. рухам. Гл. таксама Паветраны транспарт.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Р-АГА́Р,
арганічнае рэчыва (поліцукрыдны прэпарат), якое вырабляецца з чырвоных і бурых марскіх водарасцяў. Складаецца з агарозы і агарапекціну, раствараецца ў вадзе пры 80—86 °C, застывае пры 40 °C, утвараючы шчыльную студзіну. Выкарыстоўваецца ў біялогіі як пажыўнае асяроддзе для вырошчвання клетак і мікраарганізмаў, а таксама ў харч. прам-сці, кулінарыі і медыцыне пры лячэбным харчаванні.
т. 1, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ФЕМА (ад грэч. anathēma пракляцце),
царкоўнае пракляцце; найвышэйшая кара ў хрысціянстве, звязвалася з адлучэннем ад царквы асоб, якія адвяргаюць ці скажаюць асновы веравучэння і не выказваюць жадання пакаяцца ў гэтым. Устаноўлена з часу Халкідонскага ўсяленскага сабора (451). Абвяшчаецца на царк. саборах, а таксама ў храмах падчас богаслужэння (напр., у канцы 1-га тыдня Вялікага посту ў правасл. царкве).
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНТРАБЯ́НКА,
традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.
т. 3, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРСАНО́Ф’ЕВА (Вера Аляксандраўна) (22.7.1890, Масква — 29.6.1976),
савецкі геолаг. Чл.-кар. Акадэміі пед. навук СССР (1945). Вучаніца А.П.Паўлава. Навук. працы па стратыграфіі палеазойскіх адкладаў басейна верхняй Пячоры, геамарфалогіі Паўн. Урала, таксама па гісторыі геал. навукі і папулярызацыі геал. ведаў. Залаты медаль імя А.П.Карпінскага АН СССР (1950). Імем Варсаноф’евай названа адна з вяршынь Прыпалярнага Урала.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРВ,
сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.
т. 4, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́НА СМУ́ТКУ І МАЎЧА́ННЯ 1989,
грамадская акцыя, прысвечаная памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986, праведзена 26.4.1989 у Мінску. Яе ўдзельнікі адзначылі 3-ю гадавіну чарнобыльскай бяды маўчаннем: гарэлі свечкі, званіў чарнобыльскі звон, прысутныя трымалі чорныя сцягі, харугвы са знакамі радыяцыйнай небяспекі, назвамі нас. пунктаў Беларусі, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Падобныя акцыі адбыліся таксама ў Бабруйску, Гомелі.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́СПІКІ,
у Старажытным Рыме этрускія жрацы, якія варажылі па вантробах ахвярных жывёл, а таксама тлумачылі з’явы прыроды (гром, маланку і інш.). У апошні перыяд існавання Рэспублікі ўтваралі калегію з 60 жрацоў. Іх сістэма варажбы (Disciplina etrusca), уведзеная ў Рыме ў царскі перыяд (8—6 ст. да н.э.), існавала да канца 4 ст. н.э. Прадказанні гаруспікаў зацвярджаліся рашэннем сената.
т. 5, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎПТВА́ХТА (ням. Haupwache літар. галоўны каравул),
спецыяльнае памяшканне для ўтрымання вайскоўцаў пад арыштам. Ва Узбр. сілах Беларусі бывае гарнізонная і вайсковая. На гаўптвахце ўтрымліваюць вайскоўцаў, арыштаваных у дысцыплінарным парадку, арыштаваных следчымі органамі, тых, што знаходзяцца пад судом, прыгавораных ваен. судом да ўтрымання на гаўптвахце, а таксама асуджаных да інш. мер пакарання да набыцця прыгаворам законнай сілы.
т. 5, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)