грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРЫНА,
гарадскі пасёлак у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 23 км ад Полацка. Чыг. станцыя на лініі Полацк—Маладзечна. 3,5 тыс.ж. (1995).
З сярэдзіны 16 ст. мястэчка ў Полацкім ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. З 1919 вёска ў Полацкім пав. У 1924—31 і 1935—60 цэнтр Ветрынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 11.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветрыне і раёне 1384 чал. З 21.1.1958 гар. пасёлак, з 1960 у Полацкім р-не. 3,5 тыс.ж. (1969).
Прадпрыемствы лёгкай (філіял швейнай ф-кі «Віцябчанка») і дрэваапр. прам-сці (участак Лепельскага дрэваапр. аб’яднання). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,
галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫЯ КІСЛО́ТЫ,
дыгідраксібурштынавыя кіслоты, група стэрэаізамерных дыкарбонавых к-т, HOOC — CH(OH) — CH(OH) — COOH. Існуюць 3 стэрэаізамеры: D-вінная к-та (віннакаменная к-та, вінная к-та), L-вінная к-та (гл.Аптычная ізамерыя) і мезавінная к-та (антывінная к-та), таксама рацэмат D, L-вінная к-та (вінаградная к-та). Найб. пашырана D-вінная к-та, бясколерныя крышталі, tпл 170 °C, шчыльн. 1759,8 кг/м³; раствараецца ў вадзе, спірце, ацэтоне. У свабодным стане ці ў выглядзе солей ёсць у пладах (асабліва ў вінаградзе). Атрымліваюць уздзеяннем мінер.к-т на т.зв.вінны камень. Выкарыстоўваюць к-ту, яе солі і эфіры (тартраты) у харч. прам-сці (вытв-сць напіткаў, фруктовых эсенцый, пры выпечцы хлеба), гальванатэхніцы, каляровай металургіі (для кантролю чысціні металаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗА́, лікаподый (Lycopodium),
род споравых раслін сям. дзеразовых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: Дз. булавападобная (L. clavatum) і гадавая (L. annotinum). Растуць у яловых. хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 2 м. Ад сцёблаў адыходзяць верт. густааблісцелыя парасткі выш. да 30 см, са стробіламі на канцах. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае, размешчана спіралямі. Стробілы адзіночныя або іх па некалькі на канцах галінак, сядзячыя ці на доўгіх ножках. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую фарбу) і дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя. Сухія споры маюць да 50% тлустага алею, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (як дзіцячая прысыпка), у ліцейнай вытв-сці. Да роду Дз. часам далучаюць таксама расліны з родаў баранец, дзярэзка, дыфазіястр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т. л.крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн.га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ТЫ, іонаабменнікі,
цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках рэчывы, здольныя да іоннага абмену.
Маюць іанагенныя (дысацыіруючыя на іоны) групы, якія замацаваны на палімернай матрыцы. Паводле тыпу іанагенных груп адрозніваюць катыяніты (полікіслоты), аніяніты (поліасновы) і амфатэры (поліамфаліты). Паводле хім. прыроды матрыцы падзяляюць на арган., неарган. і мінеральна-арган., па паходжанні — на прыродныя і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт.арган. І. (гл.Іонаабменныя смолы), з неарган. — алюмасілікаты. Асн. ўласцівасці — абменная ёмістасць (колькасць мг-экв іонаў, якія паглынаюцца адзінкай масы ці аб’ёму І.) і селектыўнасць (характарызуецца каэф. селектыўнасці, які паказвае ступень абагачэння І. пэўным іонам у параўнанні з растворам). Выпускаюць у выглядзе гранул, парашкоў, валакністых матэрыялаў, мембран. Выкарыстоўваюць для дэмінералізацыі і змякчэння вады, выдалення ўрану і медзі з руд, раздзялення рэдказямельных элементаў, у вытв-сці антыбіётыкаў і інш.