ГАРЭ́ЦКІ (Радзім Гаўрылавіч) (н. 7.12.1928, Мінск),
бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл.Амер.геафіз.саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АНСССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш.тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар.Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел.геал.т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.
Тв.:
Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);
Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);
Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);
Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав.Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫ́ЙНЫЯ ШКО́ЛЫў СССР,
вышэйшыя навучальныя ўстановы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых парт. і сав. работнікаў. Бяруць пачатак ад парт. школы ў Ланжумо (каля Парыжа), што дзейнічала ў 1911. Пасля Кастр. рэвалюцыі 19.17 у Расіі і інш.сав. рэспубліках ствараліся розныя школы парт.-сав. вучобы. У 1918 — пач. 1930-х г.асн. формай парт.ВНУ былі камуніст. ун-ты (45 у 1931, у т. л.Камуніст.ун-т Беларусі), сярод якіх вядучае становішча займаў Камуніст.ун-т імя Я.М.Свярдлова ў Маскве (1919—32), пазней — вышэйшыя парт. школы (ВПШ) пры ЦККПСС, ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкомах і абкомах партыі. З 1978 гал.парт.ВНУ і навук.-метадалагічным цэнтрам усёй сістэмы парт. адукацыі была Акадэмія грамадскіх навук пры ЦККПСС, створаная на базе аднайм. акадэміі (1946—78) і Вышэйшай парт. школы (1939—78) пры ЦККПСС. У 1980-я г. ў СССР дзейнічалі 15 рэсп. і міжабл. ВПШ (у т. л.Мінская вышэйшая партыйная школа) з тэрмінам навучання 2 гады для асоб з вышэйшай адукацыяй і 3 гады для асоб з сярэдняй адукацыяй (адпаведна 3 і 5 гадоў пры завочным навучанні). У 1991 адбываўся працэс трансфармацыі рэсп. ВПШ у парт. ін-ты паліталогіі і сац. кіравання, якія ў тым жа годзе спынілі існаванне ў сувязі з распадам СССР і роспускам КПСС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),
французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус.драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.Гайдабурава і Н.Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр.саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),
горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сцьэл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-тПаўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.
Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр.Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр.дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),
бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас.дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял.Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),
бел.тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.І.Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн.ін-т. Удзельнік Першай бел.тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел.т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел.пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел.тэатр. камісіі пры Часовым бел.нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел.АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел.нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,
па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).
Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.
Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмыміжнар. адносін.