ТО́РЭС (Torres) Луіс Ваэс дэ (1560—1614?),

іспанскі мараплавец. У 1605 удзельнічаў у экспедыцыі П.​Кіроса, якая на 3 караблях выйшла з Перу на пошукі легендарнага Паўд. мацерыка. Экспедыцыя адкрыла асобныя а-вы з груп Туамоту і Новыя Гебрыды, якія Кірос прыняў за Паўд. мацярык, і на адным з караблёў таемна вярнуўся ў Амерыку. Т. даследаваў астравы, потым павярнуў на З, перасек Каралавае м., адкрыў паўд. бераг Новай Гвінеі, праліў паміж ёй і Аўстраліяй (у 1799 названы яго імем) і прыбыў на Філіпіны. Яго імем названа таксама група астравоў у паўн. ч. Новых Гебрыдаў.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ГЕЛЬ Ян Янавіч (24.12.1898, хутар Дурэ Валміерскага р-на, Латвія — 13.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-маёр (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам Ф. вызначылася ў чэрв. 1944 пры прарыве абароны ворага каля в. Верычаў Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл., фарсіраванні р. Друць, вызваленні больш за 250 нас. пунктаў, што замкнула аблогу групоўкі праціўніка ў бабруйскі «кацёл», смяротна паранены ў баі.

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУДЗІЯ́МА, Фудзі, Фудзісан,

дзеючы вулкан на в-ве Хонсю, каля 100 км на ПдЗ ад Токіо, самая высокая вяршыня Японіі (3776 м). Правільны конус з кратэрам глыб. каля 250 м, дыяметрам каля 700 м. Утвораны з базальтавых і андэзітавых лаў. На схілах бакавыя кратэры і шлакавыя конусы. Ф. перакрывае б.ч. стараж. вулкана Асітока, вяршыня якога агаляецца на паўд.-ўсх. схіле. На схілах вечназялёныя лясы, хмызняковыя пустэчы. 10 мес укрыты снегам. Апошняе вывяржэнне ў 1707—08. Уваходзіць у склад нац. парку Фудзі-Хаконе-Ідзу. Ф. — свяшчэнная гара японцаў, аб’ект паломніцтва і турызму, таксама яп. мастацтва (карціны, вышыўкі, фарфор).

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЗНА,

вёска ў Язненскім с/с Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на берагах азёр Вял. і Малое Язна. Цэнтр с.-г. вытв. кааператыва. За 58 км на ПдУ ад г. Міёры, 156 км ад Віцебска, 20 км ад чыг. ст. Палевачы, на аўтадарозе Дзісна—Празарокі. 833 ж., 363 двары (2003). Лясніцтва. Сепаратарнае аддз. Міёрскага масласырзавода. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Спаса-Праабражэнская царква (1990). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 500 м на Пд ад вёскі археал. помнік — гарадзішча.

т. 18, кн. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМА́Л,

паўвостраў на Пн Зах. Сібіры, паміж Байдарацкай і Обскай губамі Карскага м., у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 700 км, шыр. да 240 км, пл. 122 тыс. км². Паверхня раўнінная, выш. да 84 м. Складзены пераважна з пясчана-гліністых марскіх, на Пд — ледавіковых адкладаў. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Мноства азёр (Ярато, Ямбуто, Нейто і інш.), шматлікія формы крыягеннага рэльефу. На Пн — арктычная тундра, у цэнтр. раёнах — забалочаная мохава-лішайнікавая і хмызняковая расліннасць; на Пд — лістоўнічная лесатундра. Радовішчы газу. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. На беразе Обскай губы — пас. Новы Порт.

т. 18, кн. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НЧАНКА Ілья Платонавіч (27.7.1913, в. Калмакова Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1991),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., 1-м, 3-м і 4-м Укр. франтах. Камандзір аддзялення старшына Я. вызначыўся ў баях на тэр. Украіны і Польшчы: 16.4.1944 у час разведкі каля г. Цярнопаль знішчыў 18 гітлераўцаў; увосень 1944 у час контратакі ворага вынес з акружэння сцяг палка; 14.1.1945 пры адбіцці нападу ням. аўтаматчыкаў і танкаў на кантрольны пункт палка звязкай гранат падбіў варожы танк, выратаваў палкавы сцяг. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.

т. 18, кн. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.​Р.​Сінякова.

Верхнянёманская нізіна ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З Высвятляе ступень спрыяльнасці будучага надвор’я для развіцця с.-г. культур, правядзення с.-г. работ, выкарыстання пэўнай агратэхнікі. Заснаваны на ўліку біял. асаблівасцяў раслін і выніках метэаралаг. назіранняў. На Беларусі з 1938 складаюцца доўгатэрміновыя аграметэаралагічныя прагнозы перазімоўкі азімых (на плошчах рознага стану), запасаў вільгаці ў глебе на вясну, аптымальных тэрмінаў сяўбы азімых і яравых збожжавых культур, пасадкі бульбы, тэрмінаў выспявання с.-г. культур і іх ураджайнасці.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ МОСТ,

ланцуг скал, водмеляў, невял. каралавых астравоў у Полкскім праліве, паміж п-вам Індастан і в-вам Шры-Ланка. Даўж. каля 30 км. Належыць Індыі і Шры-Ланцы. След былой сухапутнай сувязі в-ва Шры-Ланка з мацерыком Еўропы — Азіі.

Назва звязана з паданнем пра шлях Адама, выгнанага з раю на зямлю (на в-аў Шры-Ланка), які перайшоў на Ам. на мацярык.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Васюганне,

на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)