удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Адзін з кіраўнікоў Мінскай і Смаленскай арг-цый СДКПіЛ, чл. праўлення Польскага сацыяліст. аб’яднання. З 1917 чл. РКП(б). З мая 1917 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, камісар ВРКЗах. фронту, чл. дэлегацыі па падпісанні 4.12.1917 у мяст. Солы дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З снеж. 1917 камісар па справах нацыянальнасцяў СНКЗах. вобласці і фронту. Стваральнік і рэдактар газ. «Prawda» («Праўда»), «Polska Prawda» («Польская праўда»). З чэрв. 1918 у выканкоме Саветаў Зах. вобласці (з вер. 1918 Зах. Камуны) у Смаленску. З 1.1.1919 нарком дзяржкантролю 1-га ўрада БССР, з лют. 1919 — Літ.-Бел. ССР. Расстраляны польск. акупантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,
крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Апалон Аляксандравіч) (каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),
рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БЕЦ (Георгій Францавіч) (7.12.1905, г. Томск, Расія — 19.1.1969),
рускі антраполаг. Д-рбіял.н. (1941), праф. (1944). Скончыў Іркуцкі ін-т (1925). З 1927 у Ін-це антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це, з 1945 у Ін-це этнаграфіі АНСССР. Даследаваў пытанні расазнаўства, этнічнай антрапалогіі і антрапалагічнага складу народаў СССР і Афганістана, палеаантрапалогіі і антрапагенезу. Сабраў і даследаваў у этнагенетычным плане матэрыял пра стараж. насельніцтва на тэр.СССР. Упершыню даследаваў у этнагістарычным плане краніялагічны матэрыял аб насельніцтве Беларусі 10—13 ст. Распрацоўваў методыку антрапалагічных даследаванняў.
Тв.:
Чарапы Люцынскага могільніка і старажытных славян Беларусі і месца апошніх у палеаантрапалогіі Усходняй Еўропы // Працы секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАНМн., 1932. Т. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),
рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АНСССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯў матэматыцы,
1) у праектыўнай геаметрыі — узаемна адназначнае пераўтварэнне праектыўнай плоскасці ў сябе, якое пакідае нерухомымі ўсе пункты некат. прамой (вось гамалогіі) і мае дакладна адзін нерухомы пункт (цэнтр гамалогіі). Гамалогія з уласным (канечным) цэнтрам і няўласнай (бясконца аддаленай) воссю наз.гаматэтыя. Любое праектыўнае пераўтварэнне ёсць вынік паслядоўнага здабытку 2 пераўтварэнняў: гамалогіі і руху.
2) У тапалогіі — фармалізацыя інтуітыўных уяўленняў аб абмежаванасці мностваў. Напр., крывая 1 на паверхні тора абмяжоўвае частку S гэтай паверхні і наз. гомалагічнай нулю. Крывая λ не гомалагічная нулю, таму што яна не абмяжоўвае ніякай паверхні (пры разразанні ўздоўж яе з тора не выпадзе якога-н. кавалка).
Да арт.Гамалогія: L — крывая, гомалагічная нулю (абмяжоўвае паверхню s); λ — крывая, не гомалагічная нулю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ((Duponts de Nemours) П’ер Самюэль) (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),
французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.