язычніцкае божаства ў зах.-славянскай міфалогіі. Ушаноўваўся таксама як бог вайны і дастатку. Увасабляўся ў выглядзе чатырохгаловага ці чатырохтварага ідала. Атрыбуты С. — белы конь, меч і коп’і. У г. Аркон на в-ве Руген (Германія) знаходзіўся культавы цэнтр С. — чатырохслуповы храм-свяцілішча (разбураны ў 1168).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЯНЕЦ,
маладая расліна, атрыманая з насення ў пасяўным аддзяленні пладовага ці ляснога гадавальніка без перасадкі. С. пладовых раслін (1—2-гадовыя) выкарыстоўваюць у якасці прышчэпаў для размнажэння сартоў; часта іх наз.дзічкамі. С. лясных культур (1—3-гадовыя хвойных і 1—2-гадовыя лісцевых парод) выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́С (ням. Trass),
горная парода, устарэлая назва разнавіднасці туфу вулканічнага. Цвёрдая, светлая, лёгкая, порыстая маса, звычайна зялёнага, жоўтага, шэрага або бурага колеру; мае ў сабе аморфную крэменекіслату. Выкарыстоўваецца як дабаўка да портландцэменту, у якасці адсарбентаў і малекулярных сітаў. Найб. вядомы Т. Святой гары ў Карадагскім запаведніку (Крым, Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМА́Й,
у рэлігіі і міфалогіі стараж.цюркаў багіня жаночага, зямнога пачатку і ўрадлівасці. Лічылася апякункай воінаў і жонкі кагана (правіцеля). Перажыткі веры ў У. захоўваліся ў міфалогіях шэрагу цюркамоўных народаў (казахаў, кіргізаў і інш.), якія шанавалі яе як апякунку парадзіх і немаўлят, падаўніцу добрага ўраджаю і прыплоду жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РВАРД (англ. forward наперад),
1) форма тэрміновых, хуткіх разлікаў, якія ажыццяўляюцца не пазней як праз два рабочыя дні пасля заключэння здзелкі. Звычайна форвардныя здзелкі заключаюцца банкамі, гандлёва-прамысл. фірмамі з мэтай пазбегнуць магчымых страт ад змянення цэн, курсаў валют.
2) У спартыўных гульнях — член каманды ў лініі нападзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІБІНІ́Т (ад назвы горнага масіву Хібіны),
магматычная шчолачная горная парода, буйназярністая разнавіднасць нефелінавага сіеніту, якая мае ўключэнні эўдыяліту. Складаецца са шчолачнага палявога шпату, нефеліну, эгірыну, арфведсаніту і інш. Складае буйныя масівы ў вобласці развіцця шчолачных парод (напр., у Хібінскіх тундрах на Кольскім п-ве). Выкарыстоўваецца якбуд. матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСТА́ЛЬ,
горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Узнік у 1916 як паўстанак Зацішша, з 1928 пас. Электрасталь, з 1938 горад. 146,4 тыс.ж. (2001). Чыг. станцыя. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, у т. л. цяжкае і эл.-тэхн.; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Філіял Маскоўскага ін-та сталі і сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст.геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Якфіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.Неймана і О.Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.
Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.
Літ.:
Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ.М., 1970;
Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;
Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫШЧЫ́НСКІ Казімір (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),
бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч.філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т. л. аб сац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.
Літ.:
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;