навука, якая вывучае структуру і агульныя ўласцівасці інфармацыі, а таксама заканамернасці яе стварэння, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання ў розных галінах дзейнасці чалавека з дапамогай ЭВМ. Даследуе карыстальніцкія аспекты апрацоўкі інфармацыі, уплыў інфарм. працэсаў на эканоміку, навуку, сац. развіццё грамадства; аналізуе інфармацыю ў выглядзе ведаў, а таксама яе семантычныя аспекты (сэнс, каштоўнасць і інш.) і сістэмы забеспячэння інтэлектуальнага ўзаемадзеяння людзей.
Узнікла на мяжы бібліятэказнаўства, кібернетыкі, лінгвістыкі, матэм. логікі, навуказнаўства і інш. Уключае тэарэт. І. (прадмет і метады, змест, структура і ўласцівасці навук. інфармацыі), навук. камунікацыі, інфарм. пошук, распаўсюджванне і выкарыстанне навук. інфармацыі, а таксама групу дысцыплін, якія вывучаюць розныя аспекты распрацоўкі і выкарыстання ЭВМ (прыкладная матэматыка, праграмаванне, праграмнае забеспячэнне, дыскрэтная матэматыка, архітэктура ЭВМ і інш.). З 1970-х г. пачала фарміравацца як навук. база распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ЭВМ у кіраванні, планаванні і праектаванні, навук. даследаваннях, адукацыі і інш. і азначала пераход ад аўтаматызацыі дапаможных аперацый да выкарыстання ЭВМ у якасці інтэлектуальных памочнікаў людзей. Гл. таксама Інтэлект штучны, Інфармацыйна-вылічальны цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАГА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, сістэма аксіём якой адрозніваецца ад сістэмы аксіём эўклідавай геаметрыі толькі аксіёмай (пастулатам) аб паралельнасці. Паводле гэтай аксіёмы, праз пункт, што не ляжыць на зададзенай прамой, праходзяць не менш як 2 прамыя, якія не перасякаюць зададзеную. Л.г. выкарыстоўваецца ў тэорыі функцый, матэм. аналізе, тэорыі лікаў і тэорыі адноснасці.
Л.г. распрацавана М.І.Лабачэўскім у 1826 (апублікавана ў 1829—30). У 1832 аналагічныя вынікі незалежна атрымаў Я.Больяй. Перадумовай узнікнення Л.г. былі шматвяковыя спробы доказу аксіёмы пра паралельныя прамыя (пяты пастулат Эўкліда) на аснове астатніх аксіём. Лабачэўскі першы прыйшоў да высновы пра недаказальнасць пастулата і пра магчымасць існавання геам. сістэм з інш. аксіёмамі паралельнасці, пабудаваў своеасаблівую лагічна бездакорную геам. сістэму. Л.г. мае некаторыя асаблівасці (напр., 2 трохвугольнікі з роўнымі вугламі роўныя; сума вуглоў трохвугольніка меншая за 2 прамыя вуглы), якія не супярэчаць рэчаіснасці. Стварэнне Л.г. заклала асновы развіцця неэўклідавых геаметрый. значна пашырыла ўяўленні аб прыродзе прасторы і спрыяла ўзнікненню новых кірункаў у матэматыцы.
Літ.:
Смородинский Я.А., Сурков Е.Л. Геометрия Лобачевского и теория относительности. М., 1971;
Лаптев Б.Л. Геометрия Лобачевского, ее история и значение. М.,1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),
бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад.АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз.біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.
Тв.:
Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;
Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);
Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.С.Жагрыным) // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1969. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЙ (лац. Kalium),
K, хімічны элемент I групы перыяд.сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 39K (93,259%), 41K (6,729%) і радыеактыўнага 40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл.Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл.Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.
Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл.Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЙ (лац. Calcium),
Ca, хімічны элемент II групы перыяд.сістэмы, ат. н. 20, ат. м. 40,08, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. пашыраны 40Ca (96,94%). У зямной кары 3,38% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (каля 400 мінералаў); вапняк, мармур, мел, апатыт і інш. Метал атрыманы ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад лац. calx (calcix) — вапна.
Серабрыста-белы метал, tm 842 °C, шчыльн. 1540 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, аднаўляльнік. На паветры пакрываецца плёнкай з кальцыю аксіду і кальцыю гідраксіду. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой і к-тамі (акрамя канцэнтраваных сернай і азотнай), 3 галагенамі, пры награванні — з вадародам, азотам, фосфарам, халькагенамі, вугляродам (гл.Кальцыю карбід). У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыдаў CaCaCl2 (75—85%) і KCl ці алюматэрмічным аднаўленнем К. аксіду. Выкарыстоўваюць для аднаўлення урану, торыю, цэзію, рубідыю, тытану, цырконію і некат. лантаноідаў з іх злучэнняў, як кампанент антыфрыкцыйных сплаваў са свінцом для вытв-сці падшыпнікаў, кальцыю злучэнні — у буд-ве (вапна, цэмент), медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, у якой узнаўляецца каляровы відарыс аб’екта здымкі. Грунтуецца на колерных уласцівасцях зроку чалавека, колераметрыі, фарміраванні першасных сігналаў асн. колераў (чырвонага, зялёнага і сіняга). Выкарыстоўваецца ў тэлевізійным вяшчанні і прыкладным тэлебачанні; найб. пашыраныя сістэмы К.т. ПАЛ, НТСЦ і СЕКАМ.
Адрозніваюць К.т. з адначасовай (найб. пашырана) і пачарговай перадачай тэлевізійных сігналаў (відарыса і гуку), для фарміравання і перадачы па каналах сувязі якіх выкарыстоўваюць спец. метады кадзіравання каляровай інфармацыі Асн. патрабаванне да сістэм вяшчальнага К.т. — сумяшчальнасць з сістэмамі чорна-белага тэлебачання. Для гэтага фарміруюцца сігналы яркасці і 2 колерарозныя, якія ўтвараюць сігнал колернасці. Відэасігнал займае такую ж паласу частот, што і сігнал чорна-белага тэлебачання і таму перадаецца па тых жа каналах сувязі. У каляровым тэлевізары відэасігналы вылучаюцца шляхам дэкадзіравання тэлевізійных сігналаў і падаюцца на кінескоп ці інш. ўзнаўляльную прыладу (у чорна-белых тэлевізарах выкарыстоўваецца толькі сігнал яркасці). Паляпшэнне якасці відарыса ў К.т. дасягаецца ў сістэмах тэлебачання павышанай якасці і асабліва ў сістэмах высокай выразнасці. У СНД, у т. л. на Беларусі, эксплуатуецца (з 1967) сав.-франц. сістэма К.т. з адначасовай перадачай сігналаў СЕКАМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).
Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл.Муроўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац.сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ СТАНу фізіцы,
раўнаважны стан двухфазнай сістэмы, у якім розныя фазы становяцца аднолькавымі па сваіх фіз. уласцівасцях. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму; на дыяграме стану яму адпавядаюць лімітавыя пункты на крывых раўнавагі фаз (крытычныя пункты). Уласцівасці рэчыва ў К.с. вывучаюць і выкарыстоўваюць пры стварэнні ўстановак звадкавання газаў, раздзялення сумесей, энергет. установак на звышкрытычных параметрах і інш.
Пры набліжэнні да К.с. адрозненні ў шчыльнасцях, складзе і інш. уласцівасцях фаз, а таксама скрытая цеплата фазавага пераходу і міжфазнае паверхневае нацяжэнне змяншаюцца і ў крытычным пункце роўныя нулю. Уласцівасці новай фазы бясконца мала адрозніваюцца ад уласцівасцей зыходнай і таму пры яе ўзнікненні выключаецца пераграванне (пераахаладжэнне), а таксама выдзяленне (паглынанне) цеплаты, што характэрна для фазавых пераходаў 2-га роду. Значна ўзрастаюць флуктуацыі шчыльнасці і канцэнтрацыі (у сумесях); у крытычных пунктах растваральнасці становіцца неабмежаванай узаемная растваральнасць кампанентаў. Гл. таксама Крытычныя з’явы.
П.А.Пупкевіч.
Да арт.Крытычны стан. Крывыя расслаення на 2 фазы раствораў: а — вада—фенол; б — вада—нікацін (1, 2 — верхні і ніжні крытычныя пункты адпаведна). Выдзелены вобласці двухфазнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕР ((Kepler) Іаган) (27.12.1571, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — 15.11.1630),
нямецкі астраном, адзін з стваральнікаў нябеснай механікі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1593). З 1594 працаваў у Вышэйшай школе ў Грацы. У 1600 пераехаў у Прагу да Ц.Браге, пасля смерці якога стаў матэматыкам пры двары імператара Рудольфа II. З 1612 у Лінцы, з 1626 у Ульме. Навук. працы па астраноміі, механіцы, оптыцы, матэматыцы. Адкрыў (1609—19) законы руху планет (гл.Кеплера законы). Распрацаваў тэорыю сонечных і месяцовых зацьменняў, склаў першыя табліцы для вылічэння месцазнаходжання планет — т.зв. Рудольфавы табліцы. Працы К. па астраноміі садзейнічалі ўсталяванню геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Адкрыў закон змяншэння інтэнсіўнасці святла з адлегласцю. Прапанаваў канструкцыю падзорнай трубы для астр. назіранняў. У матэм. працах (стэрэаметрычныя задачы) блізка падышоў да адкрыцця аналізу бесканечна малых. Аўтар прац «Тайна Сусвету» (1596), «Новая астраномія» (1609), «Гармонія Свету» (1619) і інш. Працы К. вядомы на Беларусі з 17 ст.; яны абмяркоўваюцца ў многіх філас. рукапісах (напр., у працах К.Нарбута).
Літ.:
Белый Ю.А. Иоганн Кеплер (1571—1630). М., 1971;
Спасский Б.И. История физики. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1977.