вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.
У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.Корсака, І.Кунцэвіча, Я.Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),
расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.Р.Гардзіным; паводле Л.Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).
Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.
Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел.НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЯ,
вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав.ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАШЫ (Rákosi; сапр.Розенберг) Мацьяш
(9.3.1892, г. Ада, Югаславія — 5.2.1971),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Усх. акадэмію ў Будапешце (1912). У 1912—14 удзельнічаў у рабочым руху ў Гамбургу (Германія) і Лондане. У 1 -ю сусв. вайну ваяваў на рас. фронце (з лета 1914), дзе трапіў у палон (крас. 1915, вызвалены ў лют. 1918). З 1918 чл.Камуніст. партыі Венгрыі. У 1919 чл. урада Венг.сав. рэспублікі. У 1921—24 сакратар Выканкома Камуніст. Інтэрнацыянала. З 1925 зняволены ў Венгрыі. У 1940—44 у СССР, дзе ўзначальваў цэнтр венг. камуністаў у эміграцыі. З крас. 1945 ген. сакратар ЦК адноўленай Венг.камуніст. партыі, з чэрв. 1948 ген. сакратар аб’яднанай Венг. партыі працоўных (ВПП), са жн. 1952 адначасова прэм’ер-міністр Венгрыі. З 1949 праводзіў курс на насаджэнне ў краіне сав. мадэлі сацыялізму (у т. л. культ асобы Р., рэпрэсіі супраць Л.Райка, Я.Кадара, І.Надзя і многіх інш. камуністаў), зневажаў нац. асаблівасці Венгрыі, што выклікала рост грамадскай напружанасці. У чэрв. 1953 — ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК ВПП. У 1962 выключаны з партыі. У апошнія гады жыў у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́СНА,
вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 9.10.1948, в. Кручполле Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
рускі пісьменнік, вучоны. Акад.Рас. акадэміі славеснасці (1998). Д-рюрыд.н. (1991), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1972).
З 1978 працаваў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, з 1981 у Бабушкінскім райкоме КПСС Масквы, з 1986 у Ін-це марксізму-ленінізму, з 1988 у ЦККПСС, Вярх. Савеце СССР, ва ўрадзе Расіі, у 1993—98 нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расіі, адначасова з 1992 заг. кафедры Маскоўскай юрыд. акадэміі. У раманах «Выканаўца» (1994), «Цяжкае раздарожжа» (1996), «Жнівеньскі зарапад» (1998), «На зямлі белых рос» (1999), «Сімвал маці» (2000) асэнсаванне некат. аспектаў гіст. развіцця сучаснай Расіі, падрабязнасці распаду СССР. Аўтар зб-каў прозы, паэзіі, драматургіі «Не забі» (1993), «Вершы і апавяданні» (1995), «Дрэва дабра і зла» (1996), «Мне прыснілася канюшына» (1997), «Граф Александрэ» (1999) і інш. Ініцыятар многіх гуманітарных акцый, у т. л. па адкрыцці карціннай галерэі ў г. Рагачоў, уклаў асабістыя сродкі ў буд-ва царквы ў в. Ціхінічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч.г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук.б-ка (2,9 млн.экз. кніг), Бат. сад і інш.