КСЕНАФА́Н Калафонскі

(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),

стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў уяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНТУ́Ш,

верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л. слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.

М.​С.​Лобач.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́КІ,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял. кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.​П.​Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДА ТАЛЕДА́НА (Lombardo Toledano) Вісентэ (16.7.1894, г. Тэсьютлан, Мексіка — 16.11.1968),

мексіканскі паліт., дзярж. і прафс. дзеяч, вучоны-грамадазнавец, дзеяч міжнар. прафс. руху і руху прыхільнікаў міру. Д-р права і філасофіі. Скончыў Мекс. нац. ун-т (1919), у 1919—33 праф. у ім. У 1923 губернатар штата Пуэбла. У 1926—28 і з 1964 дэп. кангрэса Мексікі. Арганізатар шэрагу мекс. нац. прафсаюзаў (1930-я г.) і Рабочага ун-та Мексікі (1936). У 1936—40 ген. сакратар Канфедэрацыі працоўных Мексікі. У 1938—63 старшыня Канфедэрацыі працоўных Лац. Амерыкі. У 1945—65 віцэ-старшыня Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. Заснавальнік (1948) і ідэолаг Сацыяліст. нар. партыі Мексікі. З 1950 чл. Сусв. Савета Міру. Аўтар шэрагу прац па паліт. і сац. пытаннях.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЭР, Ланер (Lander) Гаральд

[сапр. Стэўнсборг (Stevnsborg) Альфрэд Бернхарт; 25.2.1905, Капенгаген — 14.9.1971],

дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог. З 1913 вучыўся ў школе Каралеўскага дацкага балета (у 1932—51 яе кіраўнік), у 1927—29 у ЗША у М.Фокіка. Вывучаў рус. і мексіканскія нар. танцы. З 1923 характарны танцоўшчык, з 1929 саліст, у 1931—51 кіраўнік Каралеўскага дацкага балета. Паставіў больш за 30 балетаў на муз. Ф.​Пуленка, К.​Рысагера, Ж.​Ф.​Рамо і інш. З 1953 выкладчык, у 1956—63 кіраўнік школы Парыжскай оперы. Адначасова працаваў у інш. краінах. У 1964 стварыў студыю ў Парыжы. Яго спектаклі на нац. сюжэты былі насычаны нар. танцамі. У лепшым з пастаўленых ім балетаў — «Эцюды» на муз. К.​Чэрні (1948) па-новаму выкарыстаў выразныя сродкі класічнага танца.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.

Літ.:

Золотов Ю.К. Ж. де Ла Тур. М., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

Ж. дэ Латур. Варажбітка. 1610-я г.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.​Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.

М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),

1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.

2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.

3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́ЦКІ Іван Васілевіч (14.6.1845, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 22.8.1918),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Кіеўскі ун-т (1866), з 1877 праф. у ім. Адзін з лідэраў партыі кадэтаў, дэп. 3-й Дзярж. думы (1907—12). З 1908 выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. Даследаваў пераважна гісторыю Францыі 16—18 ст. (рэліг. войны, агр. адносіны ў сувязі з рэвалюцыяй 1789—99). Працы Л. па агр. гісторыі Францыі стварылі школу яго паслядоўнікаў у Францыі і інш. краінах. Асн. творы: «Феадальная арыстакратыя і кальвіністы ў Францыі» (1871), «Каталіцкая ліга і кальвіністы ў Францыі» (1877), «Сялянскае землеўладанне ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі» (1900), «Стан земляробчых класаў у Францыі напярэдадні рэвалюцыі і аграрная рэформа 1789—1793 гг.» (1912).

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.

В.​Ф.​Марозаў.

Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)