войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗА́НА (Pisano),
мянушка шэрагу італьянскіх скульптараў і архітэктараў 13—14 ст.Нікало П. (каля 1220, Апулія, Італія — паміж 1278 і 1284), скульптар; адзін з заснавальнікаў Протарэнесансу. Зазнаў уплывы паўд.-італьян., тасканскай і стараж.-рым. скульптуры. Сцвярджаў пластыку як мастацтва, тэктанічна раўнапраўнае з архітэктурай. Творы вызначаюцца велічнасцю, пластычнай магутнасцю і адчувальнасцю скульпт. формы: кафедры баптыстэрыя ў Пізе (1260) і сабора ў Сіене (з Арнольфа ды Камбіо, Джавані П. і Лапа), рака св. Дамініка ў царкве Сан-Дамініка ў Балонні (1264—67, з Арнольфа ды Камбіо, Фра Гульельма і інш). Джавані П. (каля 1245—50, г. Піза, Італія — пасля 1314), скульптар і архітэктар; прадстаўнік Протарэнесансу. Сын і вучань Нікало П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Творы адметныя эмац. напружанасцю, спалучэннем традыцый протарэнесансавай пластыкі з гатычнай ламанасцю контураў: 4 мармуровыя статуі мадонны (каля 1276, 1295, 1305—06, 1312), статуя мадонны са слановай косці (1299), статуі на фасадзе сіенскага сабора (1284—99), кафедры ў царкве Сант-Андрэа ў Пістоі (1301) і ў пізанскім саборы (1302—10), фрагменты надмагілля Маргарыты Люксембургскай (1313) і інш.Арх. творчасць развівалася ў рэчышчы готыкі (ніжняя частка фасада сіенскага сабора, 1284—99). Андрэа П. [сапр.Андрэа да Пантэдэра (Andrea da Pontedera); каля 1290, г. Пантэдэра, Італія — 1348—49], скульптар і архітэктар. Творы вызначаюцца спалучэннем яснасці кампазіцыі з вытанчанасцю форм, лінеарнасцю і мяккай плаўнасцю рытмаў (рэльефы паўд. дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя, 1330—36; рэльефы і статуі кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43). У архітэктуры спалучаў познагатычныя і протарэнесансавыя тэндэнцыі (кіраваў буд-вам кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43, сабора ў Арвіета, 1347—48). Ніна П. (каля 1315, г. Піза?, Італія — 1368), скульптар, ювелір, архітэктар. Сын і вучань Андрэа П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Для пластычных твораў характэрны S-падобны выгін фігур, ірацыянальнасць лінейных рытмаў. Аўтар скульптур «Мадонна» (1343—47), «Мадонна дэль Латэ», скульпт. групы на грабніцы дожа Марка Карнара ў царкве Санці-Джавані э Паала ў Венецыі, надмагілля Сальтарэлі ў царкве Санта-Катарына ў Пізе і інш. Пасля смерці бацькі працягваў буд-ва сабора ў Арвіета.
А.Пізана. Мадонна з дзіцем. Статуя кампанілы фларэнційскага сабора. 1337—43.Н.Пізана. Раство. Рэльеф кафедры баптыстэрыя ў Пізе. 1260.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз.чл. Інбелкульта (1922). Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал.ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус.геагр.т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АНБССР. У Вял.Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст.каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г.Мн., 1927;
Вічынскія паляне. Мн., 1928;
Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.Мн., 1970;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;
Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.А.Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arkansas),
рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл.бас. 416 тыс.км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каляг. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІ́К (Ocimum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.
Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́Ц (Huperzia),
род дзярэзаў сям. баранцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца баранец звычайны (Huperzia selago). Расце невял. групамі ў старых яловых і шыракаліста-яловых лясах, арэшніках і чорнаалешніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовазялёная дзераза выш. 10—15 см. Спарафіт, утварае шчыльныя курціны з двойчы-чатырохразова вільчакова-разгалінаваных прамых ці ўзыходных сцяблоў, укрытых, як чарапіцай, дробным ланцэтным лісцем. Спарангіі жоўтыя, аднагнездавыя, ныркападобныя, на кароткіх ножках у пазухах спарафілаў. Спараносіць у ліп.—жніўні. Споры вельмі дробныя (каля 30 мкм). Зарастак (гаметафіт) цыліндрычны, радыяльна-сіметрычны. Лек. (мае алкалоіды, сродак ад алкагалізму і курэння), фарбавальная, інсектыцыдная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,
вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас.аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс.чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЧНАСЦЬ АТМАСФЕ́РНАЯ,
магчымасць адрозніваць зрокам аддаленыя аб’екты праз слой паветра той ці інш. мутнасці. Адрозніваюць дзённую, змрокавую і начную бачнасць атмасферную. Характарызуецца праз далёкасць бачнасці, адлегласць, на якой контуры аддаленых прадметаў становяцца нераспазнавальнымі з-за мутнасці атмасферы. Найлепшая бачнасць атмасферная ў ясны дзень у малазапыленым і сухім паветры (у празрыстым арктычным паветры да 100 км); пры тумане і інш. атмасферных ападках або пясчанай буры зніжаецца да некалькіх метраў. Бачнасць атмасферная наземных аб’ектаў абмежавана гарызонтам і пры чыстым паветры залежыць ад вышыні вока назіральніка над зямной паверхняй: з выш. 2 м — каля 5,5 км, з выш. 500 м — каля 85 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЁКАТ (Hyoscyamus),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).
Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.