ТРЫВА́ННЕ ДЗЕЯСЛО́ВА,

лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.

У бел. і інш. слав. мовах вылучаюць 2 віды Т.дз.: незакончанае. якое выражае працягласць. паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу («жыву, жыў, буду жыць») і закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння. адзін з момантаў яго працякання («пражыў, пражыву»). Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары («вучыць — вывучыць», «жаць — зжаць»). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання) або імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання). Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак («вячэраць — павячэраць») і суфіксаў («натхніць — натхняць»), чаргавання гукаў у словах («збіраць — сабраць», змены месца націску («накіда́ць — накі́даць»), суплетывізму асноў («гаварыць — сказаць»). Большасць дзеясловаў бел. мовы парныя паводле трывання («рабіць — зрабіць», «спазняцца — спазніцца»). Есць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага («залежаць», «паважаць») або закончанага («абнародаваць», «схамянуцца»). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некат. дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага Т.дз. супадае ў адной форме («атакаваць», «сігналізаваць»). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі. З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.

Т.​Л.​Бандарэнка.

т. 15, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЯЎЛЕ́ННЕ,

1) фантазія, псіхічная дзейнасць, што характарызуецца стварэннем у думках аб’ектаў і сітуацый, якія раней не ўспрымаліся суб’ектам у рэчаіснасці. Адрозніваюць сенсорнае У. з уласцівай яму сузіральнасцю і маторнае У., якое суправаджаецца дзеяннем, рухам. У выніку пераходу сенсорнага У. ў маторнае нараджаецца творчае У. — неабходны кампанент творчай дзейнасці. Творчае У. выконвае шэраг функцый: прадбачання (антыцыпацыі), эўрыстычную, прагнастычную, камунікатыўную, развівальную і інш. Яно дазваляе прадугадаць тое, чаго яшчэ не існуе, акрэсліць ідэальную мадэль жаданага выніку дзейнасці, садзейнічае стварэнню прынцыпова новых, арыгінальных прадуктаў навук., тэхн., літ., маст. і інш. форм творчасці.

Асаблівым відам творчага У. з’яўляецца мара, якая уяўляе сабой стварэнне абстрактных вобразаў жаданага, якія не ўвасабляюцца ў канкрэтных прадуктах дзейнасці.

2) Вобраз раней успрынятага прадмета ці з’явы; форма пачуццёвага адлюстравання рэчаіснасці ў выглядзе наглядна-вобразных ведаў. Ажыццяўляецца ў 2 формах: у вобразах памяці і фантазіі. У. памяці служыць неабходнай умовай пазнання, у ходзе якога захаваны вобраз аб’екта актуалізуецца пры ўспрыманні. З дапамогай вобразаў фантазіі ствараюцца У., не звязаныя непасрэдна з наяўнай рэчаіснасцю. У адрозненне ад успрымання, якое звязана толькі з наяўнай дадзенасцю адзінкавых аб’ектаў, У. ўтрымлівае сучаснае, былое і будучае пэўных прадметаў і з’яў, садзейнічае іх асэнсаванню і ўсведамленню.

Літ.:

Беркинблит М.Б., Петровский А.В. Фантазия и реальность. М., 1968;

Розет И.М. Психология фантазии. Мн., 1977;

Пармон Э.А. Роль фантазии в научном познании. Мн., 1984.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОНАДАКУМЕ́НТЫ,

дакументы, якія змяшчаюць гукавую інфармацыю (вусную мову, музыку, маст. твораў і інш.), запісаную з дапамогай сістэм гуказапісу; від гіст. крыніц. Адрозніваюць арыгіналы і копіі.

Арыгіналы — запіс гукавой інфармацыі ад першакрыніцы: васковыя валікі (запіс на полым цыліндры з воскападобнай масы), шарынафонныя запісы (запіс на фатаграфічнай стужцы), грамафонныя арыгіналы (запіс на метал. дыску), негатывы фатаграфічнага (аптычнага) запісу (арыгінал Ф. на фатаграфічнай стужцы, прызначаны для вырабу пазітыву), запісы на магнітнай стужцы. Копіі Ф. — грампласцінкі, пазітывы фатаграфічнага (аптычнага) запісу, запісы на магнітнай стужцы, кампакт-дыскі. Ф. класіфікуюць паводле зместу, мэтавага прызначэння, арганізацыі запісанага матэрыялу, месца запісу, сістэм запісу гукавой інфармацыі і носьбітаў інфармацыі. У дзярж. і ведамасных архівах Ф. сістэматызуюць па відах: фонаграфічныя, грамафонныя, шарынафонныя, фатаграфічныя (аптычныя), магнітныя запісы. Унутры відаў Ф. размяшчаюцца па адзінках уліку і камплектах. Адзінка ўліку — камплект Ф., які змяшчае запіс пэўнай падзеі: аднаго ці некалькіх выступленняў, маст. твораў, радыёперадачы. Камплект Ф. складаецца з арыгіналаў і копій, якія належаць. да пэўнай адзінкі ўліку. За адзінку захавання прымаецца фізічна адасоблены Ф. — рулон магнітнай стужкі, грамафонны арыгінал, грампласцінка, рулон стужкі з фатаграфічным ці шарынафонным запісам, васковы валік. Адзінкі захоўвання ўнутры адзінкі ўліку размяшчаюцца ў парадку вытв. нумароў, пазначаных на этыкетках, а ўнутры камплекту ў паслядоўнасці: арыгіналы, копіі. На асабліва каштоўныя Ф. ствараецца страхавы фонд. Асн. сховішча Ф. на Беларусі — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

А.​М.​Міхальчанка.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГАДАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны і механізмы для ўборкі ягад (парэчак, агрэсту, чарнаплоднай рабіны, вінаграду і інш.) і пладоў костачкавых, семечкавых. арэхаплодных культур. Дзеянне іх заснавана на ўстрэсванні кустоў і дрэў. Стрэсеныя плады збіраюцца ва ўлоўнікі, ачышчаюцца вентылятарам і затарваюцца ў трансп. сродкі.

Бываюць з мех. (для збору ягад з кустоў парэчак, агрэсту, вінаграду) і гідрамех. (пладоў костачкавых і інш. культур) устрэсвальнікамі. У парэчкаўборачным камбайне фарміравальнік уборачнага вузла прыўзнімае галінкі і дзеліць куст на 2 часткі. Спелыя ягады аддзяляюцца стрэсваннем і падаюцца праз смеццеадсмоктвальнік і прасейвальны транспарцёр у кантэйнер. Вінаградаўборачны камбайн мае зменныя ўстрэсвальнікі ў выглядзе эксцэнтрыкавых барабанаў або секцый ударна-ўстрэсвальных бічоў. Гронкі, іх часткі і асобныя ягады пасля стрэсвання падаюць на ўлоўнік, з яго транспарцёрам падаюцца ў бункеры. Лісты і смецце выдзімаюцца вентылятарам за межы рабочай камеры. Стрэсвальнік пладоў выкарыстоўваюць для ўборкі пладоў костачкавых культур і арэхаў метадам вібрацыі: спец. захоп заціскае штамб дрэва і з дапамогай вібратара стрэсвае плады ў шчыты і латкі ўлоўніка.

В.​М.​Кандрацьеў.

Ягадаўборачныя машыны. Схема парэчкаўборачнага камбайна: 1 — рухавік; 2 — вентылятар; 3 — цялежка; 4 — транспарцёр; 5 — ачэсвальнік; 6 — фармавальнік.
Схемы ягадаўборачных машын: а — вінаградаўборачнага камбайна (1 — куст, 2 — улоўнік; 3 — транспарцёр, 4 — бункер, 5 — вентылятар, 6 — эксцэнтрыкавы барабан); б — стрэсвальніка пладоў (1 — рукаятка павароту захопу, 2 — рама, 3 — гідрацыліндр, 4 — вібратар, 5 — састаўная труба, 6 — ланцуговая перадача, 7 — захоп, 8 — страла, 9 — шток, 10 — прывод вібратара, 11 — трактар).

т. 18, кн. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал. ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 у параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРО́НДА (франц. fronde прашча),

грамадска-паліт. рух супраць абсалютызму ў Францыі ў 1648—53. Назвы «Ф.» і «франдзёры» яго ўдзельнікі прынялі з пагарды да 1-га міністра Францыі Дж.Мазарыні, які здзекліва параўнаў іх з падлеткамі, што дапякалі паліцыю стральбой з дзіцячых прашчаў (фронд). Ф. выклікана бедствамі Трыццацігадовай вайны 1618—48 і жорсткай падатковай палітыкай Мазарыні, якога падтрымлівала каралева-рэгентка пры малалетнім Людовіку XIV Ганна Аўстрыйская. На 1-м этапе Ф. (1648—49) Парыжскі парламент і звязаныя з ім колы буржуазіі аб’ядналіся ў барацьбе супраць абсалютызму з антыфеад. рухам нар. мас Парыжа. Спроба Мазарыні арыштаваць лідэраў апазіцыі выклікала ў Парыжы паўстанне 26—27.8.1648. Мазарыні паспешліва заключыў Вестфальскі мір 1648. Каралеўскія войскі да сак. 1649 трымалі Парыж у аблозе. У выніку кіраўнікі Ф. пайшлі на пагадненне з каралеўскім дваром. Т.ч. «Парламенцкая Ф.» скончылася, але ў пач. 1650 грамадскую апазіцыю абсалютызму ўзначалілі арыстакратычныя прыдворныя колы («Ф. прынцаў»), якія дамагаліся толькі выгад для сябе ў выглядзе грашовых выплат, пасад і інш. (адсюль выраз «франдзіраваць» — знаходзіцца ў няпоўнай, непрынцыповай апазіцыі). У 1651 франдзёры-арыстакраты дамагліся адстаўкі і высылкі Мазарыні, але неўзабаве ён вярнуўся з наёмнымі войскамі. Пачалася спусташальная міжусобная вайна, падчас якой «Ф. прынцаў» карысталася ваен. дапамогай Іспаніі. У 1652—53 каралеўскія войскі нанеслі шэраг паражэнняў франдзёрам і іспанцам. Адначасова Мазарыні шляхам падачак і ўступак дамогся прымірэння з большасцю знатных франдзёраў. Да сярэдзіны 1653 антыфеад. рух у Парыжы. Бардо і інш. месцах падаўлены. Паражэнне Ф. спрыяла ўстанаўленню ў наступныя гады неабмежаванага самадзяржаўя Людовіка XIV.

П.​А.​Тупік.

т. 16, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАГІДРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, МГД-генератар,

электрычная ўстаноўка, якая непасрэдна пераўтварае энергію рабочага цела ў электрычную. Прынцып дзеяння заключаецца ў тым, што пры руху рабочага цела — электраправоднага асяроддзя (вадкага або газападобнага электраліту, вадкага металу, іанізаваных газаў — плазмы) упоперак магн. поля ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў рабочым целе індуцыруецца эл. ток, які адводзіцца ў эл. ланцуг. Ідэя М.г. выказана М.​Фарадэем у 1831, прынцыпы пабудовы сфармуляваны ў 1907—22, практычная рэалізацыя пачалася ў канцы 1950-х г. з развіццём магнітнай гідрадынамікі і фізікі плазмы. Найб. значныя распрацоўкі МГД-генератараў і МГД-электрастанцый выкананы ў Ін-це высокіх т-р Рас. АН.

М.г. складаецца з канала (з саплом, рабочай ч., дыфузарам), у якім фарміруецца паток плазмы, індуктара, што стварае стацыянарнае або пераменнае — бягучае магн. поле, і сістэмы зняцця энергіі з дапамогай электродаў (кандукцыйныя М.г.) або індуктыўнай сувязі патоку з ланцугом нагрузкі (індукцыйныя М.г.). Плазмай з’яўляюцца прадукты згарання прыродных або спец. паліваў з дабаўкамі злучэнняў шчолачных металаў (павялічваюць эл. праводнасць плазмы). Адрозніваюць М.г. імпульсныя (даюць імпульсы току працягласцю да некалькіх мікрасекунд), кароткачасовага дзеяння і тыя, што працуюць працягла. Могуць выкарыстоўвацца на эл. станцыях (у т. л. на АЭС), ва ўстаноўках для пакрыцця пікавых нагрузак і рэзервовых, для сілкавання суднаў, лятальных апаратаў і інш.

У.​Л.​Драгун.

Схема дыскавага холаўскага магнітагідрадынамічнага генератара: 1 — абмотка індуктара; 2 — канал генератара; 3 — падвод рабочага цела; 4, 5 — выхадны і ўваходны холаўскія электроды; R — супраціўленне нагрузкі; u — скорасць; B — магнітная індукцыя; Iф — фарадэеўская кампанента току.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічная М., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.

Літ.:

Римский-Корсаков Н.А. Практический учебник гармонии (1886, 1893) // Полн. собр. соч. М., 1960. Т. 4;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛ у тэхніцы,

від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл. Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл. Ачыстка паветра).

У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш. Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНЕ́РА»,

назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.

У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. «Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)