БІ́РШТАНАС (Birštonas),

горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс. ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв. сістэм. Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРАВАДАРО́ДЫ, бараны, гідрыды бору,

злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.

Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,

помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.

Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).

Амеядаў мячэць. Унутраны двор.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́СІПАВА Ганна Мікалаеўна (12.2.1851, С.-Пецярбург — 18.8.1914),

руская піяністка і педагог; адна з буйнейшых прадстаўніц піяністычнага мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Вучылася ў Пецярбургскай кансерваторыі (1865—70, клас Т.​Лешаціцкага), з 1893 выкладала ў ёй (праф. з 1901). Дэбютавала ў 1868, канцэртавала ў Расіі і за мяжой да 1908. Выступала і як ансамбліст (у дуэце з Л.Аўэрам, у трыо з ім і А.​Вержбіловічам). Яе мастацтву ўласцівы рацыяналістычнасць інтэрпрэтацыі, віртуознасць, пявучасць гуку. Стварыла адну з буйнейшых рус. піяністычных школ (сярод вучняў С.Пракоф’еў).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРАЎПІА́НСКІ ХРЫБЕ́Т горны хрыбет у сістэме Гісара-Алая ва Узбекістане і Таджыкістане, на Пд ад р. Зераўшан. Даўж. каля 370 км. Выш. да 5489 м (г. Чымтарга). На У (да р. Фандар’я) — высакагорны рэльеф з вяршынямі выш. да 4500—5000 м, на З — сярэднягор’е з карставымі формамі рэльефу (карставая бездань Кіеўская, глыб. 950 м). Складзены ў асн. з крышт. сланцаў і вапнякоў, часткова з гранітаў. На схілах — рэдкалессе (пераважна з арчы), горныя стэпы і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 307 км²).

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦЫНО́З СКУ́РЫ,

адклады солей кальцыю ў скуры Узнікае пры гіперкальцыяміі з прычыны выхаду кальцыю з дэпо і паніжаным выдаленні яго з арганізма, парушэнні эндакрыннай рэгуляцыі абмену кальцыю і мясц. парушэннях метабалізму ў скуры ці падскурнай клятчатцы. Найчасцей бывае ў жанчын і дзяцей груднога ўзросту. На скуры твару, ягадзіц пальцаў з’яўляюцца бязболевыя шчыльныя вузлы і бляшкі, якія размякчаюцца і раскрываюцца з выдзяленнем малочна-белай крошкападобнай масы, з утварэннем язваў, якія доўга не загойваюцца. Лячэнне хірургічнае, дыета, лячэнне язваў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў Мікалай Мітрафанавіч (29.11.1879, Пецярбург — 11.5.1955),

савецкі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай механікі. Акад. АН Украіны (1922), АН СССР (1929; чл.-кар. з 1928). Чл. многіх замежных навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1902), дзе і працаваў з 1910. З 1917 праф. Крымскага ун-та, з 1922 у АН Украіны, адначасова з 1928 у АН СССР. Навук. працы па інтэрпаляцыі і набліжаным інтэграванні ўраўненняў матэм. фізікі, нелінейнай механіцы, гісторыі навукі.

Літ.:

Исакова О.В. Н.​М.​Крылов. М., 1945.

М.М.Крылоў.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАСАСХО́ВІШЧА,

збудаванне ў выглядзе траншэі або вежы для прыгатавання і захоўвання сіласу. Ахоўваюць сіласную масу ад доступу паветра, пранікнення вады і прамярзання.

Будуюцца звычайна на тэр. жывёлагадоўчых або птушкагадоўчых ферм з найкарацейшымі адлегласцямі падачы сіласу для скормлівання. Траншэі бываюць наземныя, паўзаглыбленыя і заглыбленыя, сцены іх звычайна уцяпляюць грунтам, днішчы робяць з нахілам для сцёку вадкасці. Аб’ём 500—4000 м³. Гл. таксама Сянажнае сховішча.

Сіласасховішча: 1 — наземнае з жалезабетонных блокаў; 2 — з бутавага каменю; 3 — паўзаглыбленае з цэглы; 4 — з жалезабетонных пліт.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ ЦУКРО́ВА-РАФІНА́ДНЫ КАМБІНА́Т Дзейнічае з 1965 у г. Слуцк Мінскай вобл. як цукрова-рафінадны з-д

(поўнасцю пушчаны ў 1970),

з 1976 — камбінат. З 1993 расшыраецца і перааснашчаецца да магутнасці 6 тыс. т перапрацоўкі цукр. буракоў (раней магутнасць была 3 тыс. т). З 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2002): цукар-пясок з цукр. буракоў і імпартаванага цукру-сырцу ў мяшках і фасаваны. Адходы (патака-мелес і жамерына) ідуць на прадпрыемствы па вырабе дражджэй, спірту, лімоннай кіслаты, на корм жывёле.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́БАТ Алесь Фёдаравіч (н. 23.8.1959, г. Скідзель Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1981). З 1981 працаваў у г. Гродна на прамысл. прадпрыемствах, з 1990 у друку, у 1995—98 у Літ. музеі М.​Багдановіча. Друкуецца з 1990. Аўтар кн. паэзіі «Год» (1992), «Крэсавякі» (1993, з Д.​Бічэль-Загнетавай), «Новая Галілея» (1995), «Ты не самотны...» (1997, з Бічэль-Загнетавай), кн. «Зямля св. Лукі» (2002), апавяданняў, нарысаў, эсэ, артыкулаў. Перакладае з польскай і рус. моў.

Тв.:

Тутэйшая Cara. Смоленск: Гродна, 2000.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)