Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г.Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т.л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЎСХО́ДНЯЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава на тэр.Усх. Сібіры і Д.Усходу ў 1920—22. Створана паводле рашэння ЦК РКП(б) з мэтай прадухіліць напад Японіі на РСФСР і забяспечыць умовы для ліквідацыі яп. інтэрвенцыі і белагвардзейскага руху на Д.Усходзе. Абвешчана 6.4.1920 на Устаноўчым з’ездзе працоўных Прыбайкалля. Уключала Забайкальскую, Амурскую, Прыморскую, Камчацкую вобласці і Паўн. Сахалін. Сталіца — Верхняудзінск (цяпер Улан-Удэ), з 10.11.1920 — Чыта. Прызнана сав. урадам 14.5.1920. У маі 1921 белагвардзейцы пры падтрымцы яп. інтэрвентаў захапілі ўладу ва Уладзівастоку, у снеж. 1921 — у Хабараўску. Пасля заняцця часцямі Нар.-рэв. арміі рэспублікі (каманд. В.К.Блюхер) Хабараўска (14.2.1922), Уладзівастока (25.10.1922) і інш. Японія эвакуіравала свае войскі.
Літ.:
Сонин В.В. Становление Дальневосточной республики, 1920—1922. Владивосток, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,
нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́ЦКЭ скульптурная мініяцюра з дрэва, каменю, косці, рогу, металу ў Японіі ў 15—19 ст. З’явілася з увядзеннем у яп. гарнітур пояса для ўмацавання на ім кашалька, кісета, люлькі, скрыначкі для лекаў. Тэрмін «Н.» (складаецца са слоў «корань» і «прымацоўваць») пачаў ужывацца ў 17 ст., калі мініяцюрныя разныя фігуркі з навылётнай дзіркай для шнурка набылі пластычна завершаную форму адначасова утылітарнага прадмета і ўпрыгожання. У 18—19 ст. дасягнула росквіту. Сярод вядомых майстроў Н. — Судзан (18 ст.), Руса (2-я пал. 18 ст.), Таматада (канец 18 — пач. 19 ст.).
Нэцкэ: 1 — Чароўны кацялок для чаю; 2 — Бог шчасця Дзюрадзін; 3 — Малпа, якая разглядвае нэцкэ ў выглядзе малпы з персікам. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,
у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл.т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЯ СЯМЁРКА»
(англ. Group of Seven, G7),
прынятая з сярэдзіны 1970-х г. назва 7 найб. развітых краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Францыі і Японіі. Назва ўзнікла ў сувязі са штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў гэтых дзяржаў для абмеркавання надзённых глабальных праблем паліт. і эканам. развіцця і выпрацоўкі ўзгодненай палітыкі па іх вырашэнні. Першая сустрэча адбылася ў 1975 у Рамбуе (Францыя), удзельнічалі лідэры 6 краін. У 1976 да іх далучыўся прэм’ер-міністр Канады, з 1977 — прадстаўнік ЕЭС. З 1992 да ўдзелу ў сустрэчах «вялікай сямёркі» запрашаюць і прадстаўніка Расіі. На пач. 1990-х г. на долю краін «сямёркі» прыпадала больш за 50% сусв. валавога нац. прадукту і прамысл. вытв-сці, больш за 25% с.-г. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯНА́РЫУМ,
басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ. М., 1973.