ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян

(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1671—1766 пры Віцебскім езуіцкім калегіуме. У канцы 17 ст. былі пастаўлены лац. («Два браты, святыя Канцый і Канцыян») і польская («Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда») драмы. У 18 ст. ставіліся панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737; прысвечана гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума), польск. трагедыі «Артахар» Я.Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Школьныя драмы пісалі выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі калегіума С.Макоўскі, Ян Заранак і інш.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ Ігнат Мартынавіч

(1841, Валынская губ. — 9.9.1863),

удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́МБСКІ (Otrębski) Ян Шчэпан

(8.12.1889, г. Піліца Катавіцкага ваяв., Польшча — 25.4.1971),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (1934). Д-р філасофіі. Скончыў Варшаўскі ун-т. У 1921—45 праф. Віленскага, у 1945—60 Пазнанскага ун-таў. Даследаваў пытанні індаеўрап. мовазнаўства. Сярод прац «Славяна-літоўскія паралелі» (1930—35), «Індаеўрапейскія даследаванні» (1939), «Славяне» (1947), «Славянабалтыйская моўная роднасць» (1954). Аўтар арт. «Этнічная праблема Палесся», «Славізацыя літоўскіх водных і мясцовых назваў», «Нарыс (народных беларускіх) гаворак Віленскай губерні», пра геагр. назвы («Гродна», «Вільня», «Вілія», «Русь»), па этымалогіі паасобных бел. слоў.

I.І.Лучыц-Федарэц.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУН Ян Антонавіч

(н. 1.5.1934, в. Сцяпуры Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1967 у Бел. філіяле энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага, з 1976 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне цеплаэнергетыкі, гідрадынамікі і цепламасаабмену ў дысперсных асяроддзях. Распрацаваў і ўкараніў у вытв-сць метад пульсуючага слоя дысперсных матэрыялаў.

Тв.:

Гидродинамические закономерности существования пульсирующего слоя // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1994. № 3—4.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ Ян Юзаф

(7.9.1805, г.п. Смілавічы Мінскай вобласці — 30.3.1888),

фінансіст, вынаходнік. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1821), Віленскі ун-т (1826) са ступенню канд. права. З 1827 служачы ў Польскім банку, пазней — у банках Францыі, з 1843 інспектар бухгалтэрыі чыгункі Парыж—Руан—Гаўр. На сусв. выстаўках у Парыжы (1849) узнагароджаны медалём за такс-машыну для кантролю праязных білетаў, у Лондане (1851) вял. медалём за машыну для друку і кантролю чыг. білетаў. Распрацаваў сістэму аўтам. сігналізацыі на чыгунцы. Аўтар праекта нар. франц. пазыкі. Склаў англ.-польскі навук.-тэхн. слоўнік.

В.А.Гапоненка.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЬ (Giedroyć) Міхал Ян Генрык

(25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),

англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».

А.В.Мальдзіс.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Грэнландыя, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы і Шпіцберген. Пл. 1195 тыс. км². Найб. глыб. 5527 м. У зах. частцы халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, ва ўсходняй — цёплае Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады летам ад 0 °C на ПнЗ да 6 °C на Пд, зімой ад 1—2 да -1 °C. Салёнасць 32—34 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). Рыбалоўства (траска, палтус, мойва); промысел грэнландскага цюленя. Гал. парты: Лонгйір і Барэнцбург (в-аў Шпіцберген), Акурэйры (в-аў Ісландыя).

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).

В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ , шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)