крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7∙10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАЦАВА́ННЕ ГРУНТО́Ў,
штучнае павышэнне мех. трываласці, звязнасці, воданепранікальнасці і інш. фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў у іх прыродным або штучным заляганні. Робіцца для павышэння нясучай здольнасці асноў збудаванняў, умацавання сценак катлаванаў, горных вырабатак, стварэння проціфільтрацыйных заслон у плацінах, дамбах, перамычках, пры буд-ве шахтаў, тунэляў, дарог і інш.
Ствараецца напампоўваннем па буравых свідравінах у шчыліны і поры грунту гліністых і цэментавых раствораў (глінізацыя, цэментацыя), расплаўленага бітуму або бітумных эмульсій (гарачая і халодная бітумізацыя), вадкага шкла з інш. кампанентамі (сілікатызацыя грунтоў), карбамідных і інш. смол (смалізацыя), гарачых газаў пры т-ры 700 °C і вышэй (абпал, або тэрмічнае замацаванне), ахаладжальных раствораў (замарожванне грунтоў), а таксама прапусканнем эл. току, дрэніраваннем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
станок для паліравання вонкавых і ўнутраных (цыліндрычных, канічных, сферычных, плоскіх) паверхняў дэталей з металаў, дрэва, каменю, шкла, хрусталю, пластмас. Бываюць універсальныя, спецыялізаваныя і спецыяльныя, з ручным, паўаўтам. і аўтам. кіраваннем.
Рэжучыя інструменты П.с. — эластычны круг (з фетру, лямцу, тканіны, гумы) з нанесеным на яго слоем абразіўных зярнят або пасты, пялёсткавы абразіўны круг, стужка, струмень абразіўнай вадкасці, магнітна-абразіўны парашок, магнітна-рэалагічная вадкасць з абразіўнымі часцінкамі. Выкарыстоўваюцца таксама вярчальныя і вібрыруючыя барабаны, запоўненыя водным растворам паверхнева-актыўных рэчываў, абразіўным матэрыялам і неабразіўным напаўняльнікам; станкі для хім. і электрахім. паліравання.
Літ.:
Яшерицын П.И., Зайцев А.Г., Барботько А.И. Тонкие доводочные процессы обработки деталей машин и приборов. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПА (Сяргей Леанідавіч) (н. 2.1.1956, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1996), праф. (2000). Скончыў Маскоўскі інж.фіз. ін-т (1979). З 1982 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па фізіцы звышправаднікоў і звышправадніковых нізкаразмерных структур, тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі. Даследаваў звышправаднікі 2-га роду і танкаплёначныя структуры на іх аснове, а таксама ўласцівасці звышправаднікоў пры наяўнасці магн. парадку тыпу спінавага шкла.
Тв.:
Новые эффекты в сверхпроводящих вихревых мостиках (разам з А.М.Лыкавым) // Физика низких температур. 1984. Т. 10, вып. 1;
Критические токи в слоистых структурах на основе ниобия (разам з В.І.Дзедзю, А.М.Лыкавым) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1990. Т. 97, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.
Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл.Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш.Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец.шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛХІ́МІЯ (позналац. alchimia ад араб. аль-кімія),
данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст.н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.
Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).
Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш.Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́СА,
штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.