КУПІ́СКІЯ БАІ́ 1944,

баі партыз. брыгад Першамайскай і імя Суворава па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Купіск Любчанскага р-на (цяпер у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл.). Гарнізон быў буйным абарончым вузлом, які блакіраваў партызанам выхад цераз Нёман у Любчанскі р-н. 17 чэрвеня 3 штурмавыя групы партызан раптоўна атакавалі гарнізон, пашкодзілі 2 дзоты, захапілі 2 станковыя і 2 ручныя кулямёты, 22 вінтоўкі. У час бою партызан М.А.Белуш закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Неўзабаве фашысты аднавілі дзоты і ўмацавалі абарончыя збудаванні. У ноч на 2 ліп. партызаны фарсіравалі Нёман і акружылі Купіск. Пасля непрацяглага бою гарнізон здаўся ў палон.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),

заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш. дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.​А.​Ткачоў.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Вітаўтас Стасё) (н. 14.1.1911, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі жывапісец. Нар. маст. Літвы (1963). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1935), вучыўся ў Парыжы ў Ш.​Герэна (1938—39). З 1945 выкладаў у Маст. ін-це Літвы ў Вільнюсе (у 1953—74 рэктар). Творам уласцівы лірызм, выяўленне структуры кампазіцыі, тонкія спалучэнні колераў: пейзажы «Мост цераз Сену» (1938), «Першы снег» (1946), «Дубінгай» (1980), цыкл «Вільнюс і яго ваколіцы» (1983—85), партрэты Б.​Даўгувеціса, М.​Чурлёніса (абодва 1975), аўтапартрэт (1978) і інш. Аўтар тэматычных карцін «Партызаны» (1946), «Паўстанцы 1863 года» (1963), «Іспанія змагаецца» (1977), «Нарада ў падполлі» (1980), «Будаўнікі Вільнюса» (1983), паліт. карыкатур, плакатаў і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1970.

В.Мацкявічус. Партызаны. 1946.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДЗІ,

сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс. чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.​І.​Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

падрыў моста цераз р. Нача на чыг. лініі Барысаў — Крупкі Мінскай вобл. 277-м партыз. атрадам 9 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мост за 8 км на З ад ст. Крупкі меў стратэгічнае значэнне для акупантаў і знаходзіўся пад аховай гарнізона (70 гітлераўцаў). На бліжэйшых ст. Крупкі, Барысаў, Бобр і ў в. Нача размяшчаліся буйныя ням. гарнізоны. У ноч на 9 вер. партызаны атакавалі і знішчылі ахову моста, падарвалі мост. У ходзе аперацыі пусцілі пад адхон састаў з падмацаваннем ахове моста, разграмілі ў в. Нача атрад карнікаў, адбілі ням. падмацаванне з Крупак. У выніку аперацыі рух на магістралі Мінск—Орша быў спынены на 6 сутак.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАКАЙЧЫ́ЦКІ (Артур Адамавіч) (20.12.1813—23.11.1881),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1868), ген.ад’ютант (1874). З дваран Слуцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Пажскі корпус (1832) і Ваен. акадэмію (1834). Удзельнік баявых дзеянняў на Каўказе (1841 і 1843—45), задушэння Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56 (вызначыўся ў баях пры аблозе г. Сілістрыя на Дунаі, сак. 1854). З 1859 старшыня Ваенна-кадыфікацыйнай камісіі, удзельнічаў у правядзенні ваенных рэформ 1860—70-х г. Са жн. 1864 чл. Ваен. савета. У руска-турэцкую вайну 1877—78 нач. палявога штаба Дунайскай арміі, вызначыўся пры пераправе цераз Дунай і пры ўзяцці крэпасці Плеўна. З крас. 1878 чл. Дзярж. савета.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.

2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.

Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял. Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс. чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)