комплекс метадаў геафізічнай разведкі карысных выкапняў і вывучэння нетраў Зямлі, заснаваных на рэгістрацыі выпраменьванняў прыродных і штучна выкліканых радыеактыўных палёў (гл.Радыеактыўнасць). Існуе больш за 50 метадаў, аб’яднаных у групы плошчавай і профільнай (для карціравання распасцірання радыеактыўных палёў), свідравіннай (радыеметрычнае даследаванне і апрабаванне керну горных парод) радыеметрыі.
Уключаюць гама-здымку, эманацыйную, радыегідрагеал., рэнтгенарадыеметрычную і гама-нейтронную здымкі. Для іх правядзення выкарыстоўваюцца альфа-, бэта-, гама-радыёметры і спектрометры. Радыеметрычныя даследаванні ў свідравінах і апрабаванне керну ажыццяўляюцца многаканальнымі спектрометрамі, імпульснымі генератарамі нейтронаў, спектрометрамі ядзерна-магнітнага рэзанансу і нейтронна-актывацыйнага аналізу. На Беларусі Р.м.р. выкарыстоўваюцца ў Геафізічнай экспедыцыі (Мінск) і Комплекснай партыі геафіз. даследаванняў свідравін (г. Мазыр Гомельскай вобл.) ВА «Белгеалогія», ва Упраўленні геафіз. работ у свідравінах (г. Рэчыца Гомельскай вобл.) ВА «Беларусьнафта». З дапамогай Р.м.р. выяўлены радовішчы калійных солей, фасфарытаў, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаў і інш.Устаноўленыгенет. і парагенетычныя сувязі карысных выкапняў з пашырэннем радыеактыўных элементаў і іх утрыманнем у пародзе. Радыеметрыя шырока выкарыстоўваецца для выяўлення радыяцыйнага забруджвання, звязанага з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА ВЫСО́КІХ ЭНЕ́РГІЙ,
раздзел фізікі, які вывучае ўзаемадзеянні элементарных часціц высокіх (рэлятывісцкіх і ультрарэлятывісцкіх) энергій; састаўная частка фізікі элементарных часціц.
Асн. эксперым. сродкі — паскаральнікі зароджаных часціц, а таксама мішэні і дэтэктары для касм. прамянёў, з дапамогай якіх адкрыта ці пацверджана існаванне большасці элементарных часціц (напр., пазітрона, мезона, гіперона, рэзанансу, нейтрына, цяжкіх лептонаў, кварка, калібровачных вектарных базонаў), устаноўлены (ці правераны) фіз. ўласцівасці і характарыстыкі, законы ўзаемадзеянняў, спецыфічныя захавання законы і іх парушэнні. Эксперым. Ф.в.э. вызначае кірункі і ход развіцця тэорыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, якая ў сваю чаргу забяспечвае адэкватнае апісанне эксперым. назіраных працэсаў і фіз. інтэрпрэтацыю атрыманых вынікаў. Ф.в.э. адкрыла новыя магчымасці ў астранамічных і астрафіз. даследаваннях (напр., нейтрынныя і гама-прамянёвыя «тэлескопы»), мае дастасаванні ў тэхніцы, хіміі, біялогіі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Ф.в.э. праводзяцца з 1974 у Ін-це фізікі Нац.АН, з 1976 Гомельскім ун-це, з 1987 НДІядз. праблем, з 1993 у Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій БДУ на паскаральніках гарадоў Дубна і Серпухаў (Расія), Жэнева (Швейцарыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,
неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз.Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн.чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Камбоджа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН (Jefferson) Томас (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўленыдыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШАЛЕ́СКІ Сяргей Мікалаевіч (1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),
бел. савецкі эпізаатолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет.н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук. працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі.
Тв.:
Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;
Избр. труды. М., 1977.
Літ.:
Библиогр. указ. литературы акад. С.Н.Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЧЭСТЭР (Manchester),
горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс.ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м.Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л.аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч.прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.
Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э.рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст.гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст.найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл.Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.
Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
Літ.:
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.