НО́БЕЛЕЎСКІ ФОНД, Фонд Нобеля,

прыватная і незалежная адм.-фін. ўстанова, якая распараджаецца спадчынай А.Б.Нобеля. Засн. ў 1900 у Стакгольме паводле тастамента Нобеля, які завяшчаў перавесці яго маёмасць у наяўныя грошы (атрымалася 33 млн. швед. крон, ці 9,2 млн. дол. ЗША) і ўкласці іх у каштоўныя паперы, штогадовыя працэнты ад якіх прысуджаць як Нобелеўскія прэміі. З 1953 дзейнічае як звычайная фін. кампанія, у т. л. пазычае грошы. Кіруючы орган — Савет фонду (уваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў, што выносяць рашэнні аб прысуджэнні Нобелеўскіх прэмій), які вызначае памер грашовых прэмій для нобелеўскіх лаўрэатаў.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,

адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ імя Ф.​Скарыны.

Засн. ў 1872 у г. Полацк Віцебскай губ. як Полацкая настаўніцкая семінарыя. У 1918 на базе семінарыі адкрыты пед. курсы, а ў 1924 створаны пед. тэхнікум. З 1936 пед. вучылішча (з 1964 імя Ф.​Скарыны). З 1994 пед. каледж. Рыхтуе настаўнікаў пач. класаў, выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў, выкладчыкаў замежнай мовы базавай школы, выкладчыкаў музыкі. Спецыяльнасць (2000/01 навуч. г.): педагогіка і методыка пач. навучання; педагогіка і псіхалогія дашкольная; замежная мова; выкладанне музыкі і музычнае выхаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАРЫ́С,

1) К. бюджэтных устаноўасн. фінансава-планавы акт, які вызначае аб’ём, мэтавае накіраванне і паквартальнае размеркаванне асігнаванняў, прадугледжаных на ўтрыманне ўстаноў і арг-цый. З’яўляецца планам фінансавання ўстаноў і расходавання бюджэтных сродкаў. Прававое значэнне К. — вызначэнне правоў і абавязкаў кіраўніка бюджэтнай установы па мэтавым выкарыстанні сродкаў, што адпускаюцца з адпаведнага бюджэту, а фін. органаў — абавязкі па забеспячэнні гэтых сродкаў і ажыццяўленні кантролю за мэтавым іх выкарыстаннем. К. падзяляюцца на індывідуальныя, цэнтралізаваных мерапрыемстваў і зводныя. Індывід. К. адлюстроўваюць асаблівасці асобнай установы. Для аднатыпных бюджэтных арг-цый устанаўліваюцца тыпавыя формы расходаў, што ўключаюць 3 асн. раздзелы: агульныя звесткі пра ўстанову, агульную суму расходаў з размеркаваннем па кварталах і накіраваннем расходаў; аператыўна-вытв. паказчыкі, неабходныя для вызначэння расходаў (колькасць штатных адзінак, абслугоўваемы кантынгент і г.д.); разлікі па асобных расходных артыкулах. К. складаецца з артыкулаў, кожны з іх мае аднародную групу расходаў і строга абавязковы характар. К. на цэнтралізаваныя мерапрыемствы складаецца мін-вамі, ведамствамі, упраўленнямі і аддзеламі органаў мясц. самакіравання. К. зводныя аб’ядноўваюць усе індывід. К. падведамасных устаноў і К. расходаў на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.

2) К. выдаткаў на вытв-сць — вылічэнне планавай сумы затрат прадпрыемства, аб’яднання або галіны нар. гаспадаркі на вытворчасць усёй прадукцыі і аказанне паслуг. Складаецца на пэўны каляндарны перыяд (год, квартал).

3) К. выдаткаў на буд-ва — сукупнасць нарматыўных разлікаў, якія вызначаюць памер усіх затрат, звязаных з буд-вам (рэканструкцыяй) прадпрыемства, асобнага памяшкання, збудавання або іх комплексаў.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ БУДЫ́НКІ,

тыпалагічная разнавіднасць будынкаў, прызначаных для размяшчэння дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў сац. абслугоўвання насельніцтва. Паводле функцыян. прызначэння падзяляюцца на адм.-дзелавыя, грамадскіх арг-цый, устаноў фінансавання, крэдытавання, страхавання, сувязі, н.-д., праектных, канструктарскіх устаноў і арг-цый, навуч.-адукацыйныя, выхавання, аховы здароўя, спартыўныя збудаванні, культ.-асв. і відовішчныя, гандлю і быт. абслугоўвання, грамадскага харчавання, транспартныя, камунальныя, гасцініцы, культавыя збудаванні і інш. Паводле функцый могуць быць шматфункцыянальныя (грамадска-культ. цэнтры, палацы моладзі, дамы тэхнікі, спарт. цэнтры) і спецыялізаваныя (тэатральныя будынкі, музеяў і выставачных залаў будынкі, бібліятэкі), унікальныя, створаныя па індывід. праектах, і масавыя, паводле тыпавых (паўторных) праектаў.

Грамадскія будынкі вядомы з глыбокай старажытнасці. Найб. пашыраны былі культавыя збудаванні. У Стараж. Грэцыі і Рыме былі адм. будынкі (прытанеі, булеўтэрыі), спарт.-вучэбныя (гімнасіі, палестры, стадыі), т-ры, б-кі, тэрмы і інш. У перыяд феадалізму будаваліся ратушы, дамы цэхавых брацтваў, купецкіх гільдый; у эпоху капіталізму — офісы, біржы, камерц. банкі, крытыя рынкі, вакзалы, бальніцы, гандл. і выставачныя залы, клубы, у т. л. прыватныя. У СССР пабудаваны шматлікія грамадскія будынкі шырокай наменклатуры. Грамадскія будынкі маюць вял. горадабудаўнічае значэнне ў фарміраванні грамадскіх цэнтраў гарадоў і сельскіх нас. пунктаў, іх арх.-маст. аблічча.

На Беларусі ў ліку буйнейшых грамадскіх будынкаў: у Мінску Дом урада Рэспублікі Беларусь, рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1939—47, арх. А.​П.​Воінаў, У.​Вараксін), будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Дом афіцэраў, гар. Універмаг (1951), Мінскі галоўны паштамт, Мінскі палац спорту, ЭКСПА-цэнтр (павільён міжнар. выставак; 1988), вучэбна-лабараторныя карпусы Мінскага мед. ін-та (1980), Бел. політэхн. акадэміі (1982), Дом літаратара (1976); у Брэсце Брэсцкі аэравакзал; у Віцебску вучэбна-лабараторны корпус мед. ін-та (1981); у Гомелі Гомельскі лёгкаатлетычны манеж; у Гродне абл. драм. т-р (1984); у Магілёве Магілёўскі Дом Саветаў (1937—39); у Бабруйску Магілёўскі абл. т-р драмы і камедыі (1978), вялікія грамадскія будынкі ў Баранавічах, Барысаве, Оршы, Маладзечне, Пінску, Салігорску, Светлагорску, Наваполацку, у сельскіх нас. пунктах.

Літ.:

Орловский Б.Я., Сербинович П.П. Архитектура гражданских и промышленных зданий: Обществ. здания. М., 1978;

Страмцова Т.С. Проектирование и строительство жилых и общественных зданий в Белоруссии. Мн., 1965;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии: (советский период). Мн., 1975;

Филимонов С.Д. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА,

пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва цэнтр. і рэгіянальных асяроддзяў бел. нац.-вызв. руху і дзярж.-паліт. устаноў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У 1917 дзейнічалі Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (пазней Вялікая беларуская рада), Цэнтральная беларуская вайсковая рада; на Усебел. з’ездзе 1917 выбрана Рада, якая 18.3.1918 пераўтворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918—20 на Віленшчыне і Гродзеншчыне дзейнічалі Віленская беларуская рада, Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны і інш. У снеж. 1919 Рада БНР раскалолася на Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ВІ́ЦЕБСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.

Існавала з 29.10.1921 да вясны 1924. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя на тэр. Віцебскай губ. сеткі нац. школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. Арганізавала бел. тэатр і хор у Віцебску і Полацку, дзіцячую тэатр. трупу ў Полацку. Садзейнічала ўвядзенню ў навуч. план Віцебскага пед. ін-та ў 1923/24 навуч. г. курса беларусазнаўства. Супрацьдзеянне парт. і сав. кіраўніцтва, адмова ў фінансаванні прывялі да фактычнага спынення дзейнасці секцыі. Скасавана ў сувязі з далучэннем Віцебскай губ. да БССР.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,

галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.

К.​А.​Архіпава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.​Ф.​Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ЦКІЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

навучальныя ўстановы, якія засноўваліся езуітамі ў Беларусі, Украіне і Літве. Існавалі з 2-й пал. 16 ст. да пач. 19 ст. Былі пач., сярэднія (калегіумы) і вышэйшыя (акадэміі: Віленская, гл. Віленскі універсітэт; Полацкая езуіцкая акадэмія) школы. Першая Е.н. ў. — езуіцкі калегіум у Вільні (1570). Потым Е.н.ў. з’явіліся ў іншых гарадах Беларусі, была створана шырокая сетка такіх устаноў. Найчасцей яны размяшчаліся ў прыгожых светлых будынках (захаваліся ў Пінску, часткова ў Полацку), дзе падтрымліваўся ўзорны парадак (гл. Езуіцкае выхаванне). У 1870-я г. Е.н.ў. перададзены Адукацыйнай камісіі. Існавалі на Беларусі да 1820.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)