хранічная незаразная хвароба скуры, слізістых абалонак, пазногцяў, суставаў чалавека. Узнікненню Л.л. спрыяюць парушэнні дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі, нерв. сістэмы, псіхічныя траўмы і генет. фактары. Пачынаецца з высыпкі (вузельчыкі-папулы, укрытыя серабрыста-белымі лусачкамі), найчасцей на галаве, каленях, локцях. Вузельчыкі зліваюцца ў бляшкі розных памераў ружова-чырвонага ці чырв. колеру. Можа ўзнікаць на месцы траўмаў, здрапванняў. Цяжкія формы захворвання — пустулёзны Л.л. (гнайнічкі), артрапатычны (пашкоджванне суставаў), эрытрадэрмічны (дыфузнае пашкоджванне скуры). Лячэнне тэрапеўтычнае, вітаміны, пры неабходнасці курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТО́РНАЕ МА́СЛА,
нафтавае ці сінт.змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.
Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
асобы рэжым дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, які дазваляе ўстаноўленыя спец. законам абмежаванні правоў і свабод грамадзян, правоў юрыд. асоб, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў. Уводзіцца звычайна ў выпадках буйных грамадскіх беспарадкаў, унутр.узбр. канфліктаў, а таксама стыхійных бедстваў і тэхнал. катастроф. У Рэспубліцы Беларусь, паводле дзеючай Канстытуцыі, адрозніваюцца ўласна Н.с. і ваеннае становішча. Пры неабходнасці гэтыя рэжымы ўводзяцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з унясеннем прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАМІКО́ЗЫ (ад бласта... + мікозы),
група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш.ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІУ́МЫ (Amphiumidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 3 віды. Найб. вядомая амфіума меанс. Пашыраны на ПдУ ЗША. Жывуць у забалочаных вадаёмах, азёрах, непраточных глеістых вадаёмах, на рысавых чэках (абвалаваных участках палёў).
Даўж. 0,8—1 м. Цела чорнае, вугрападобнае. Маюць 2 пары малых рудыментарных канечнасцяў з 2—3 недаразвітымі пальцамі, унутр. шчэлепы і схаваныя пад скурай вочы. Лічынкі дыхаюць шчэлепамі, дарослыя — лёгкімі. Зімуюць у глеі. Кормяцца беспазваночнымі, радзей дробнымі рыбамі, земнаводнымі. Адкладваюць на сушы ў вільготных месцах да 150 яец. Палавая спеласць на 4-м годзе. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч і скура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),
гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыянерым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШО́Ў (Аляксандр Іпалітавіч) (1858—?),
рускі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Выкладаў у сярэдніх навуч. установах Пецярбурга. З 1886 магістр рус. гісторыі [дысертацыя «Вітаўт і яго палітыка да Грунвальдскай бітвы (1410 г.)», Спб., 1885]. Вывучаў унутр. і знешнюю палітыку Вітаўта, барацьбу народаў ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна. Шырока выкарыстоўваў бел.-літ. летапісы. Працы Барбашова скіраваны супраць польскай гістарыяграфічнай традыцыі ў вывучэнні гісторыі ВКЛ 14—16 ст.ВКЛ трактавалася ў іх як частка Рус. дзяржавы.
Тв.:
Витовт: Последние двадцать лет княжения 1410—1430. СПб., 1891.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТМАГЕНЕ́З (ад грэч. bathmos ступень + ...генез),
эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.Д.Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАГЕ́НЫ,
лекавыя прэпараты расліннага паходжання, якія павышаюць адаптацыю арганізма да неспрыяльных умоў асяроддзя. Да іх належаць прэпараты з жэньшэню, радыёлы (залаты корань), элеўтэракоку і інш. раслін, якія маюць гліказіды, дубільныя рэчывы, флаваноіды, эфірны алей, арган. к-ты, мікраэлементы і інш. Адаптагены здольныя павышаць тонус цэнтр.нерв. сістэмы і працаздольнасць, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі (шчытападобнай, падстраўнікавай, гіпофізу, кары наднырачнікаў), устойлівасць арганізма да інфекц. захворванняў і інш. шкодных уздзеянняў асяроддзя (высокія ці нізкія т-ры, гравітацыйныя перагрузкі, інтаксікацыі прамысл. ядамі, іанізаванае апрамяненне і інш.). Выпускаюцца адаптагены ў выглядзе настояў і вадкіх экстрактаў.