«НА́ЛЕНЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Наленч».

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й Даніла (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,

сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.

М.​Ц.​Гарачка.

Раменская парода гусей.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМІ́ЙЛЕНКА Уладзімір Іванавіч (3.2.1864, с. Вялікія Сарочынцы Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 12.8.1925),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). Друкаваўся з 1886. Аўтар лірычных, патрыятычных і сатыр. вершаў. Зб-кі «З вершаў Уладзіміра Самійленкі» (1890), «Украіне» (1906). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Дж.​Байрана, П.​Бамаршэ, П.​Беранжэ, Гамера, Дантэ, А.​Франса.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1958.

Літ.:

Бабишкін О. Володимир Самійленко. Київ, 1963.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЛЕПАЎРО́Н»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Літве, Украіне і Польшчы карысталіся больш за 350 родаў, у т. л. Гасеўскія, Касакоўскія, Красінскія, Пуласкія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы канцамі ўніз, на ёй сярэбраны кавалерскі крыж, на якім сядзіць чорны крумкач з залатым пярсцёнкам у дзюбе. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы крумкач з пярсцёнкам. Вядомы з сярэдзіны 14 ст. У 16 ст. ад герба «С.» утварыўся герб «Корвін».

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМКО́ЎСКІ Сямён Юльевіч (сапр. Бранштэйн; 15.3.1882, г. Магілёў — 18.3.1937),

украінскі філосаф. Акад. АН Украіны (1929). З 1901 удзельнічаў у сац.-дэмакр. руху. Выступаў з пазіцыі меншавікоў-ліквідатараў; у перыяд 1-й сусв. вайны 1914—18 — цэнтрыст. Пасля вяртання ў 1917 з эміграцыі ў Расію ўвайшоў у склад меншавіцкага ЦК. З 1918 жыў на Украіне. У 1920 адышоў ад паліт. дзейнасці. Асн. праца «Дыялектычны матэрыялізм і прынцып адноснасці» (1926).

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАШЭ́ВІЧ Баляслаў Цітавіч (1863, в. Колунь Даўгаўпілскага р-на, Латвія — ?),

графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Расіі і Беларусі. Скончыў Пецярбургскую АМ (1886). У складзе археал. камісіі падарожнічаў па Беларусі і Украіне, рабіў замалёўкі нар. побыту і адзення беларусаў. Малюнкі і акварэлі Т. змяшчаліся ў час. «Нива», «Kraj» («Край»), альманаху «Z okolić Dźwiny» («З аколіц Дзвіны»). Сярод твораў «Паляванне на качак», «Сустрэча», «На канікулах», «Беларуска ў нацыянальным касцюме».

Л.​В.​Дробаў.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,

горад, цэнтр Хмяльніцкай вобл. на Украіне, на р. Паўд. Буг. Вядомы з 1493, да 1954 наз. Праскураў. Перайменаваны ў гонар Б.Хмяльніцага. 262 тыс. ж. (2001). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць кавальска-прэсавага абсталявання, тэрмапластаўтаматаў, трансфарматарных падстанцый, радыётэхнікі, трактарных агрэгатаў), харч. (масласыраробная, мясная), лёгкая (абутковая, швейная, трыкат.), хім., дрэваапр. (мэблевая); вытв-сць буд. матэрыялаў. Тэхнал. ін-т быт. абслугоўвання. Краязнаўчы музей. 2 тэатры.

Від на горад Хмяльніцкі.

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)