1) сітуацыя, якая ўзнікае ў экалагічных сістэмах (біягеацэнозах) у выніку парушэння раўнавагі пад уздзеяннем стыхійных прыродных з’яў (паводка, вывяржэнне вулканаў, засуха, ураганы, смерчы, лясныя пажары, землетрасенні і інш.) або ў выніку ўздзеяння антрапагенных фактараў (забруджванне чалавекам атмасферы, гідрасферы, глебы, разбурэнні прыродных экасістэм і комплексаў, зарэгуляванне рэк, высяканне лясоў, неапраўданая меліярацыя і інш.).
2) Напружаны стан узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, які характарызуецца неадпаведнасцю прадукцыйных сіл і вытворчых адносін і рэсурсна-экалагічных магчымасцей біясферы. К.э. ўзнікаюць пры масавым знішчэнні (перапромысел) буйных жывёл («крызіс кансументаў»), масавым знішчэнні і нястачы раслінных рэсурсаў («крызіс прадуцэнтаў»), пагрозе глабальнага забруджвання біясферы («крызіс рэдуцэнтаў», якія не паспяваюць ачышчаць яе ад антрапагенных прадуктаў). К.э. можа быць прадухілены адпаведнымі прыродаахоўнымі і прыродааздараўленчымі мерапрыемствамі (рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, безадходныя тэхналогіі, арганізацыя ахоўных тэрыторый і інш.). Есць лакальныя К.э., напр., дэградацыя экасістэмы Аральскага мора, вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 3) У больш шырокім разуменні К.э. — фазы развіцця біясферы, у якія адбываецца якаснае абнаўленне жывога рэчыва (выміранне адных відаў і ўзнікненне другіх). К.э. бываюць таксама пры змене асяроддзя пражывання жывых істот, напр.узнікненне прамаходзячых антрапоідаў — непасрэдных продкаў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЦЫ́ЗМ,
метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.Галілей, І.Ньютан, П.Лаплас, Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот, Я.Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.Оствальд, А.Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.Спіноза, Г.Лейбніц, Д.Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНЫ ДЫЯЛЕ́КТ, сацыялект,
мова пэўнай сац. групы, што існуе ў межах агульнанар. мовы. С.д. былі мовай працоўна-прафес. груп (ганчароў, шаўцоў, рыбакоў, паляўнічых, шапавалаў і інш.), што калісьці адыгрывалі значную ролю ў гасп. укладзе грамадства. У наш час С.д. прадстаўлены мовамі прафес. карпарацый, часам арганізаваных фармальна (праз сімволіку, форму адзення і інш.): маракоў, чыгуначнікаў, ваенных, мастакоў, журналістаў, палітыкаў і інш. Узнікаюць і функцыянуюць як адметная рыса паводзін і зносін самых розных больш-менш акрэсленых сац. груп (секты, касты, аб’яднанні дэкласаваных элементаў, групоўкі фанатычных аматараў пэўнага віду спорту, жанру музыкі, занятку). У С.д. замацоўваюцца асаблівасці дачыненняў і камунікавання такіх калектыўных соцыумаў, як спартсмены, навучэнцы, студэнты. Істотныя ўласцівасці С.д. (прадстаўлены ў кожным з іх не абавязкова з найб. паўнатой); адсутнасць, пераважна, сваёй граматыкі і фанетыкі (гэтым адрозніваюцца ад тэр. дыялектаў), спец. тэрміналагічная сістэма, якая выконвае жаргонаўтваральную функцыю. Лексічны склад С.д. і ўся сістэма жаргоннага камунікавання — сведчанне існавання і адноснай сац. значнасці пэўнага тыпу субкультуры. Узнікненне і функцыянаванне С.д. — адна з праяў працэсу бесперапыннага вар’іравання мовы ў сац. прасторы і гіст. часе (параўн.арго, дыялект, ідыялект, нацыялект, храналект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬ (Supraśl),
горад на ПнУ Польшчы, у Падляскім ваяв., на р. Супрасль. Каля 5 тыс.ж. (2000). Прам-сць: дрэваапр., тэкст., керамічная. Турызм. Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Узнікненне С. звязана з перанясеннем у 1500 Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра з г. Гарадок у сярэдняе цячэнне р. Супрасль на месца будучага горада. У манастыры зберагалася каштоўная Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэка (з яе паходзяць Супрасльскі летапіс і інш. рукапісы, гл.Супрасльскі рукапіс). У манастыры была збудавана Супрасльская царква-крэпасць, у канцы 17 — пач. 19 ст. дзейнічала Супрасльская друкарня. З 16 ст. С. — мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага ваяв.ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. у складзе Прусіі, быў сядзібай уніяцкага мітрапаліта. Пасля Тыльзіцкага міру 1807 С. у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Беластоцкім пав. Беластоцкай вобл., з 1843 — Гродзенскай губ. У 1834 г. у С. адкрыта 1-я суконная мануфактура. У 1867—2800 ж., 450 дамоў, касцёл, евангелічная кірха, сінагога, 5 суконных ф-к. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. З 1919 у Беластоцкім ваяв. Польшчы. З вер. 1939 у БССР, гар. пасёлак у Беластоцкім пав., з 15.1.1940 у Беластоцкім р-не. З 20.9.1944 у складзе Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭФЕ́КТ,
змена энергіі электронаў рэчыва пры паглынанні эл.-магн. выпрамянення (фатонаў). Адкрыў Г.Р.Герц (1887), тэарэтычна абгрунтаваў А.Эйнштэйн (1905).
Адрозніваюць Ф. знешні і ўнутраны. Знешні Ф. — вылучэнне электронаў рэчывам пры паглынанні фатонаў; у кандэнсаваных асяроддзях наз.фотаэлектроннай эмісіяй, у газах — фотаіанізацыяй. Законы Ф.: незалежнасць макс. кінетычнай энергіі вылучаных рэчывам электронаў ад інтэнсіўнасці святла (колькасці фатонаў) і яе лінейная залежнасць ад частаты эл.-магн. ваганняў паглынутага выпрамянення, існаванне гранічнай частаты, ніжэй за якую Ф. немагчымы, — тлумачацца на аснове гіпотэзы аб квантаванні энергіі эл.-магн. выпрамянення. Парогавая (гранічная) энергія для Ф. з металу знаходзіцца ў аптычным дыяпазоне эл.-магн. хваль. У паўправадніках і дыэлектрыках дадаткова мае месца ўнутраны Ф. — узнікненне (квазі)свабодных электронаў і/ці дзірак пры паглынанні фатонаў, што выклікае фотаправоднасць. Парогавая энергія ўнутр. Ф. ў крышталях роўная шырыні забароненай энергет. шчыліны (зоны) паміж запоўненай электронамі валентнай зонай і свабоднай зонай праводнасці. На з’яве Ф. заснавана дзеянне фотаэлементаў, фотаэлектронных памнажальнікаў, фотаэл. генератараў, фотарэзістараў, фотадыёдаў, сонечных элементаў і інш.
Літ.:
Фридрихов С.А., Мовнин С.М. Физические основы электронной техники. М., 1982;
Белл Р.Л. Эмиттеры с отрицательным электронным сродством: Пер. с англ.М., 1978;
Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ХТЫ КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я,
заглыбленыя ў зямлю выпрацоўкі, у якіх у познім неаліце і ў бронзавым веку (3—2-е тыс. да н.э.) здабывалі крамянёвую сыравіну. Выпрацоўкі ў мелавых адорвенях пераважна з крамянёвымі праслойкамі мелі калодзежападобную форму, дыям. шахтавага ствала да 1,5 м, глыб. да 6—8 м. Выманне мелавой пароды і здабычу сыравіны рабілі наборам гарняцкіх інструментаў з рагоў высакароднага аленя. У размешчаных побач з выпрацоўкамі майстэрнях выраблялі пераважна крамянёвыя сякеры, што распаўсюджваліся ў бліжэйшым наваколлі і на аддаленай тэрыторыі. Ш.к. ўзніклі з-за попыту на высакаякасную сыравіну, неабходную для вытв-сці сякер, патрэбных у лядным (падсечна-агнявым) земляробстве. Такія помнікі выяўлены і даследаваны ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (гл.Краснасельскі археалагічны комплекс). Іх узнікненне звязана са з’яўленнем насельніцтва шарападобных амфар культуры і шнуравой керамікі культуры. Падобныя помнікі існавалі каля г.п. Рось Ваўкавыскага р-на і на Пн ад Гродна. У канцы бронз. веку (пач. 1-га тыс. да н.э.) здабыча крэменю ў шахтах заняпала.
Літ.:
Гурина Н.Н. Древние кремнедобывающие шахты на территории СССР. Л., 1976;
Чарняўскі М.М., Кудрашоў В.Я., Ліпніцкая В.Л. Старажытныя шахцёры на Росі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,
дадатная структура на ПнЗУсходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.
Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
жанр фальклору, разнавіднасць пазаабрадавай сац.-быт. лірыкі. Узнікненне і пашырэнне К.п. на Беларусі звязана з гіст. падзеямі 15—17 ст.: бел. сяляне ўцякалі ад феад.-рэліг. прыгнёту на Пд Украіны, за дняпроўскія парогі і ўліваліся ў казацкія атрады. У час сялянска-казацкіх паўстанняў і вызв. вайны ўкр. народа 1648—54 казацкія атрады заходзілі на тэр. Беларусі, у іх уступалі бел. сяляне і гар. бедната. К.п. насычаны сац. матывамі, раскрываюць класавы антаганізм паміж багацеямі і галотай.
У песнях звычайна не названы канкрэтныя падзеі і героі, а даецца агульны малюнак баявых паходаў і помсты прыгнятальнікам, адлюстраваны пачуцці лірычнага героя, які ад’язджае на вайну, узаемнае каханне казака і дзяўчыны. Пашыраны песні пра гераічную смерць казака, якога аплаквае дзяўчына. Многія К.п. пра смерць героя ліра-эпічныя, набліжаюцца да балад. Беларускія К.п. маюць шмат агульнага з украінскімі. Іх паэтыка вельмі багатая (гіпербалізацыя подзвігу герояў, метафарычна-сімвалічная вобразнасць, разнастайныя паралелізмы і інш.). К.п. пераважна харавыя, шматгалосыя, з шырокім дыяпазонам мелодый. Дасканаласць паэт. тэкстаў і напеваў спрыяла іх пашырэнню (асабліва на Пд Беларусі) і захаванню да нашага часу.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 258—259, 269;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982. С. 25—45.