помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КІ (ад грэч. kokkos зерне),
бактэрыі шарападобнай формы. Тэрмін «К.» выкарыстоўваюць для апісання формы мікраарганізмаў, таксанамічнага значэння не мае. Пашыраны ў глебе, паветры, харч. прадуктах і інш.Найб. вядомыя аэробныя К. — Micrococcus, анаэробныя — Peptococcus, Pediococcus.
Клеткі дыяметрам 0,5—4 мкм, нерухомыя. Пераважна грамстаноўчыя. Адзіночныя К. адносяцца да мікракокаў. У залежнасці ад напрамку дзялення ўтвараюць пары клетак — дыплакокі, ланцужкі — стрэптакокі. Пры дзяленні ў двух узаемнаперпендыкулярных напрамках узнікаюць плоскія «табліцы», у трох — кубічныя пакеты — сарцыны. Хаатычнае дзяленне з утварэннем гронкападобнай масы ўласціва стафілакокам. Некат. віды (малочнакіслыя стрэптакокі) выкарыстоўваюць у харч. прам-сці. Патагенныя стрэптакокі і стафілакокі выклікаюць гнойныя захворванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХІ́Ш,
пячоры і пахаванні часоў энеаліту; горад, заснаваны ў 2-м тыс. да н.э. ў паўд. Палесціне каля Тэль-эд-Дувейра ў Ізраілі. Горад не раз быў разбураны, у т. л. ў 1580 да н.э. егіпцянамі, у 588 да н.э. вавіланянамі. У 15—13 ст. да н.э. ханаанеі пабудавалі ў Л. 3 храмы. Сусветную вядомасць Л. прынеслі выяўленыя тут тры групы надпісаў; да 18—17 ст. да н.э. належыць кінжал з 4 сімваламі — адзін з трох найстараж. помнікаў алфавіта. У час раскопак у 1936 у Л. знойдзены дакументы, якія сведчаць аб заваяванні Іудзеі Навухаданосарам II (6 ст. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА [ад грэч. pyramis (pyramidos)],
мнагаграннік, аснова якога — многавугольнік, а бакавыя стораны — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.
Па колькасці вуглоў асновы адрозніваюць П. трох-, чатырохвугольныя і г.д. Аб’ём П.
, дзе S — плошча асновы, h — вышыня (перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні на плоскасць асновы). П. наз. правільнай, калі ў аснове правільны многавугольнік, а вышыня праходзіць праз цэнтр асновы. Калі П. перарэзаць плоскасцю, паралельнай аснове, атрымаюцца 2 часткі: П., падобная на дадзеную, і ўсечаная П., аб’ём якой
, дзе S1 і S2 — плошчы асноў.
Піраміда: а — адвольная; б — правільная; в — усечаная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ПРАСТО́РА,
эўклідава прастора, дапоўненая бясконца аддаленымі (няўласнымі) пунктамі, прамымі і плоскасцю. У больш агульным сэнсе П.п. — сукупнасць трох мностваў элементаў (пунктаў, прамых і плоскасцей), якія падпарадкоўваюцца патрабаванням аксіём праектыўнай геаметрыі.
У П.п. кожная прамая дапаўняецца адным няўласным пунктам і пераўтвараецца ў праектыўную прамую (паралельныя прамыя набываюць агульны няўласны пункт, непаралельныя — асобныя), кожная плоскасць — няўласнай прамой і пераўтвараецца ў праектыўную плоскасць (паралельныя плоскасці набываюць агульную няўласную прамую, непаралельныя — асобныя), уся прастора — адной няўласнай плоскасцю. Пры гэтым усе няўласныя пункты, далучаныя да прамых на пэўнай плоскасці, належаць да яе няўласнай прамой, а ўсе няўласныя пункты і прамыя — да няўласнай плоскасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Аляксей Зіноўевіч (28.10.1910, с. Кошкі Самарскай вобл., Расія — 9.5.1972),
расійскі і ўкраінскі фізік-тэарэтык. Акад.АН Украіны (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1937), дзе і працаваў з 1943, з 1970 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Украіны. Навук. працы па матэм. фізіцы, агульнай тэорыі адноснасці і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў новыя метады вывучэння гравітацыйнай радыяцыі і энергіі гравітацыйнага поля, мадэліравання палёў прыцягнення. Выявіў існаванне трох тыпаў палёў гравітацыі (тыпы П.). Выказаў ідэю апісання тэорыі прыцягнення А.Эйнштэйна ў тэрмінах плоскай прасторы. Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
Пространства Эйнштейна. М., 1961;
Новые методы в общей теории относительности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПФІ́ЧНАЯ СТРАФА́,
від 4-радковай антычнай страфы, што складаецца з трох 11-складовых лагаэдычных радкоў (гл.Лагаэд) і чацвёртага 5-складовага. Названа ў гонар стараж.-грэч. паэтэсы Сапфо, якая вынайшла страфу і шырока карысталася ёю. С.с. імкнуўся імітаваць у некат. вершах Сімяон Полацкі. У сучаснай паэзіі ўдалыя ўзоры імітацыі С.с. трапляюцца ў У.Дубоўкі:
Вечар... П’яны вечар сваволі-траўня...
Вецер косы ночы расплёў, дуронік...
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
Сны сніць сасоннік...
Гукі тыя, здані той цёмнай ночы
Кроў крынічаць... Млосць захапляе волю...
Спакусіцель-чорт з нас трубой рагоча:
«Дзе ж твая доля?»
(«Здані»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМЕ́НЕС (Jiménez) Хуан Рамон (24.12.1881, г. Магер, Іспанія — 29.5.1958),
іспанскі паэт; прадстаўнік мадэрнізму. Належаў да пісьменнікаў «Пакалення 1898 года». Для зб. «Журботныя арыі» (1903) і інш. характэрны суб’ектывізм і меланхолія. У зб. «Вясеннія балады» (1910) традыцыі андалускага фальклору. У зб-ках «Духоўныя санеты», «Дзённік паэта-маладажона» (абодва 1917), «Бясконцасць» (1918) зварот да ўнутр. свету чалавека. Адыход ад класіцыстычных форм, імкненне да непасрэднасці адлюстравання ў вершах і лірычнай прозе (кнігі «Платэра і я», 1914; «Звер з глыбіні душы», 1949) і крытычных эсэ («Іспанцы трох светаў», 1942; «Бясконцы паток», апубл. 1961). Нобелеўская прэмія 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́МКАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі паміж партызанамі і ням. фашыстамі ў вёсцы і на чыг. ст.Цімкавічы Капыльскага р-на 16 ліп. ў Вял.Айч. вайну. У гарнізоне гітлераўцаў, што размяшчаўся ў вёсцы і на станцыі, былі сканцэнтраваны ўправы трох валасцей, склады з нарабаваным у насельніцтва харчаваннем для арміі. Увечары 16 ліп. партызаны брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (кіраўнік П.П.Капуста) знялі вартавых і раптоўна атакавалі праціўніка. У выніку партызаны разграмілі гарнізон, разбурылі і спалілі станцыю, знішчылі склады з харчаваннем, захапілі трафеі і дакументы і арганізавана адышлі. Баючыся паўторнага нападу, гітлераўцы да сак. 1943 не аднаўлялі гарнізон.